Конкурс праводзіцца раз на два гады і збірае сотні ўдзельнікаў з усёй краіны. Па традыцыі фінал вакальнага спаборніцтва праходзіць напярэдадні Дня Перамогі. Арганізатарам яго выступаюць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі сумесна з Палацам культуры ветэранаў.
«Песні Перамогі» — гэта, перш за ўсё, магчымасць творчага развіцця былых работнікаў прадпрыемстваў і актыўных прадстаўнікоў працоўных калектываў. Дарэчы, заявак на сёлетні конкурс паступіла каля 180 — гэта індывідуальныя выканаўцы ад 60 гадоў. Таксама згодна з палажэннем да конкурснай праграмы не дапускаліся пераможцы мінулых гадоў. Аднак яны выступілі ў якасці гасцей на адной сцэне Рэспубліканскага Палаца культуры ветэранаў разам з удзельнікамі.
Фіналісты выканалі два разнажанравыя творы, адзін з якіх — на ваенную тэматыку. Журы ацаніла ўзровень выканальніцкага майстэрства і артыстычнасць, дзе галоўны крытэрый — наколькі канкурсант пражываў той матэрыял, які ён выконваў.
— Гэты год праходзіць пад знакавай датай — 80-годдзя Вялікай Перамогі. Наша задача — засцерагаць, захоўваць памяць аб тым вялікім подзвігу нашых людзей. Конкурс — гэта яшчэ адна магчымасць і моладзі, і больш даросламу пакаленню нагадаць аб падзеях тых гадоў. Мы разумеем, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны у прамым сэнсе песня дапамагала перамагаць. І сёння, ужо ў мірны час, сутыкаючыся з любымі перашкодамі, жыццёвымі складанасцямі песня па-ранейшаму дапамагае з усім спраўляцца, — адзначыла намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Таццяна Філімонава.
Трэба адзначыць, што адна з задач прафсаюзаў — гэта ўсебаковая падтрымка людзей, якія пайшлі на заслужаны адпачынак. Абсалютная большасць калектыўных дагавораў змяшчаюць палажэнні па аказанні падтрымкі ветэранам вайны і працы. Гэта матэрыяльныя выплаты да прафесійных і іншых свят, дапамога ў аздараўленні і лячэнні, дастаўцы паліва, добраўпарадкаванні прысядзібных участкаў, падарункі да юбілеяў і многае іншае.
Акрамя таго, былыя работнікі арганізацый ва ўсіх рэгіёнах актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці сваіх працоўных калектываў, з’яўляюцца ганаровымі гасцямі на ўрачыстых мерапрыемствах, бяруць удзел у сустрэчах з маладымі работнікамі, перадаюць ім свой вопыт і веды.
Так, у фінале сустрэліся былыя работнікі розных галін, але іх мэта — не канкурэнцыя, а жаданне выйсці на сцэну і падарыць гледачам душэўную песню. Журы ўзнагародзілі дыпломам першай ступені Ганну Блізнякову з Магілёва, другое месца падзялілі Віктар Лапін са Жлобіна і Анатоль Пятраеў з Магілёўскай вобласці, дыпломы трэцяй ступені атрымалі Марыя Жыценёва з Брэста і Юрый Пазняк з Гомеля. Спецыяльны прыз ад ФПБ Таццяна Філімонава ўручыла Акцябрыне Сулім з Мінска.
Алена КРАВЕЦ.