Ва ўмовах шырокага распаўсюджвання фінансавых тэхналогій і дыверсіфікацыі спажывецкіх сцэнарыяў маладыя людзі ў Кітаі, якіх калісьці называлі «людзьмі, якія жывуць ад зарплаты да зарплаты» і «прыхільнікамі жыцця ў крэдыт», пачалі актыўна планаваць свае фінансы, перадае «Сіньхуа».
У апошнія гады інвестыцыйная камбінацыя пад назвай «новыя тры залатыя» імкліва набірае папулярнасць сярод кітайскай моладзі. У адрозненне ад традыцыйных — «залатых бранзалетаў, залатых ланцужкоў і залатых пярсцёнкаў», пад «новымі трыма залатымі» цяперашняга пакалення разумеюцца фонды грашовага рынку, фонды аблігацый і залатыя фонды, якія адрозніваюцца нізкім парогам уваходу, прастатой выкарыстання, ліквіднасцю і стабільнасцю, ідэальна адпавядаючы імкненню моладзі пазбегнуць буйных рызык і пры гэтым атрымліваць прыбытак ад сваіх сродкаў.
Паводле даных кампаніі Ant Financial, па стане на канец лістапада 2025 г. больш за 21 млн карыстальнікаў сфарміравалі на гэтай платформе сваю камбінацыю «новых трох залатых», прычым амаль палова з іх — прадстаўнікі пакалення 1990-х.
29-гадовая Ван Цзюньянь расказала, што кожны месяц яна выдзяляе частку зарплаты на фінансавае планаванне. У адрозненне ад бацькоў, якія захоўваюць грошы на тэрміновых дэпазітах або купляюць буйныя ашчадныя сертыфікаты, яна аддае перавагу «новым тром залатым». «У асноўным я купляю біржавыя фонды (ETF), якія інвесціруюць у золата, і аблігацыйныя фонды на анлайн-платформе Alipay. Частку свабодных грошай трымаю ў WeChat — яны ідуць у фонды грашовага рынку», — сказала яна, дадаўшы, што за 4 гады зарабіла больш за 3 тысячы юаняў. «Сума невялікая, але прыемна», — заўважае Ван Цзюньянь.
Старшы аналітык па фондах даследчага цэнтра ацэнкі фондаў Шанхайскай фондавай асацыяцыі Сунь Гуйпін адзначыў, што папулярызацыя «новых трох залатых» уяўляе сабой важную прыкмету сталення канцэпцыі фінансавага планавання сярод моладзі. Усё больш маладых людзей разумеюць, што кіраванне фінансамі — не «азартная гульня», а кіраванне рытмам свайго жыцця і планаванне будучыні.
Згодна з дакладам «Індэкс фінансавага дабрабыту новых заможных людзей Кітая за 2025 год», сярод моладзі ва ўзросце 18-24 гадоў доля тых, у каго ёсць фінансавы план, павялічылася з 57,1 працэнта ў 2021-м да 71,8 працэнта летась. За тэндэнцыяй да ранняга пачатку фінансавага планавання сярод моладзі стаіць павышэнне даступнасці інфармацыі і распаўсюджванне фінансавай граматнасці. У адрозненне ад традыцыйнага падыходу, які патрабуе пакупкі інвестыцыйных прадуктаў у банкаўскіх аддзяленнях або офісах брокерскіх кампаній, маладыя людзі прывыклі здзяйсняць усе фінансавыя аперацыі на інтэрнэт-платформах або з дапамогай смартфонаў.
Менавіта такі «лічбавы, інтэлектуальны, аблегчаны» падыход да кіравання фінансамі знізіў для моладзі парог уваходу ў «новыя тры залатыя», дазваляючы нават карыстальнікам без якой-небудзь фінансавай адукацыі лёгка спраўляцца з размеркаваннем актываў.
«Пакуль ехаў у метро на працу раніцай, паспеў настроіць сабе фондавы партфель на бліжэйшы час», — падзяліўся 25-гадовы Сяа Лін, які пераразмеркаваў актывы ў мабільным дадатку.
Паводле яго слоў, купляць фонды лёгка, не трэба ўвесь час сачыць за рынкам, як у выпадку з акцыямі. Можна стабільна атрымліваць невялікі дадатковы даход, што дае пачуццё ўпэўненасці.
Навуковы супрацоўнік арганізацыі «Puyi Standard» Чжан Цзінхань адзначыла, што інтэрнэт-платформы дазваляюць інвестарам зручна фарміраваць партфель актываў, які адпавядае іх індывідуальнай устойлівасці да рызыкі, і ў любы момант яго карэкціраваць — гэта адпавядае дыверсіфікаваным і персаналізаваным патрэбам моладзі ў сферы кіравання фінансамі.
Варта адзначыць, што імкнучыся да павышэння дабрабыту, маладыя людзі перагледзелі свае фінансавыя падыходы — усё часцей яны пачалі ўзгадняць інвестыцыйныя рашэнні з асабістымі каштоўнасцямі. У прыватнасці, цяперашняе пакаленне вырасла ў эпоху, калі пытанні змены клімату, устойлівага і экалагічнага развіцця становяцца ўсё больш актуальнымі, і ў сувязі з гэтым пры выбары фондаў ці акцый яны зважаюць не толькі на фінансавую аддачу кампаній, але і на тое, як гэтыя кампаніі паказваюць сябе ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, выканання сацыяльнай адказнасці і якасці карпаратыўнага кіравання.
Прафесар фінансаў Нанькайскага ўніверсітэта Цянь Ліхуэй адзначыў, што рост папулярнасці «новых трох залатых» адлюстроўвае значнае абнаўленне канцэпцыі фінансавага планавання маладых людзей. Яны адмовіліся ад пасіўнасці традыцыйных зберажэнняў, перайшлі да актыўнага дыверсіфікаванага размеркавання актываў і ўбудавалі кіраванне фінансамі ў сваё паўсядзённае жыццё.
Мікалай ЛІТВІНАЎ