Top.Mail.Ru

Фінансавая піраміда пад выглядам працаўладкавання. СК расследуе ашуканскую схему двух мінчан

Следчыя УСК па горадзе Мінску высвятляюць абставіны махлярства ў асабліва буйным памеры. Пра гэта БелТА паведамілі ў Следчым камітэце.



Па даных следства, з 2022 года двое заснавальнікаў таварыства з абмежаванай адказнасцю з Мінска (31 і 27 гадоў) пад выглядам працаўладкавання на высокааплатныя пасады ўцягвалі грамадзян у фінансавую піраміду. Для гэтага яны распаўсюджвалі інфармацыю аб наборы супрацоўнікаў у кампанію, якая нібыта займалася арганізацыяй мерапрыемстваў, падарожжаў, продажам нерухомасці. Работнікам абяцалі высокі заробак, бонусы і падарункі за добрыя вынікі. Асаблівую ролю ў падмане іграла візуальная псіхалагічная апрацоўка — мужчыны падрыхтавалі спецыяльна знятыя ролікі, якія дэманструюць забяспечанае жыццё іх работнікаў: шыкоўныя апартаменты, элітныя аўтамабілі, замежныя курорты і рэстараны.

На сумоўі мужчыны паведамлялі абавязковую ўмову супрацоўніцтва — набыццё партнёрскага пакета, кошт якога вар’іраваўся ад $200 да $4,5 тыс. Суіскальнікам прапаноўвалася аформіць крэдыт для куплі дарагога курсу, без якога доступ да працы быў нібыта немагчымы. Пасля набыцця праграмы ніхто не атрымліваў абяцаных грошай, так як рэальнай дзейнасці фірма не вяла.

Як устанавілі следчыя, унутры арганізацыі існавала выразная іерархічная структура і бонусная сістэма. Работнікі атрымлівалі ўзнагароду за прыцягненне новых супрацоўнікаў. Сродкі новых удзельнікаў пераразмяркоўваліся паміж арганізатарамі і выкарыстоўваліся часткова для выплат папярэднім укладчыкам, ствараючы ілюзію даходу. Акрамя таго, заснавальнікамі быў распрацаваны штомесячны план па прыцягненні пэўнай колькасці кліентаў, і ў выпадку яго невыканання да работнікаў фірмы ўжываліся санкцыі ў выглядзе павелічэння працоўнага дня, прыборкі памяшканняў, зніжэння бонуснай надбаўкі.

Супрацьпраўная дзейнасць мінчан спыненая супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС. На дадзены момант устаноўлена 500 пацярпелых, сума нанесенай шкоды — больш за 1 млн рублёў.

Следчыя распачалі крымінальную справу паводле ч. 4 арт. 209 (махлярства, учыненае групай асоб у асабліва буйным памеры) КК.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю