Старшыня праўлення Беларускай валютна-фондавай біржы (БВФБ) Андрэй Аўхіменя і першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў урачыста запусцілі яго сімвалічным ударам у звон.
Як вядома, у гэтым годзе рэалізуецца першы этап запуску платформы, таму другаснага рынку на маркетплэйсе пакуль няма, але можна купіць акцыі і аблігацыі. Каб абараніць інвестараў ад нядобрасумленных укладанняў, на пляцоўцы прадаюцца толькі каштоўныя паперы, якія прайшлі працэдуру лістынгу і ўключаныя ў каціравальныя лісты біржы. Каштоўныя паперы па-за спісам, якія не раскрылі справаздачнасць і не падпадаюць пад аналіз, трапляюць у асобны «трэці» спіс: іх тэхнічна можна абарачаць, але купіць на маркетплэйсе нельга. Доступ да пляцоўкі будзе магчымы праз сайт біржы або непасрэдна праз браўзэр.
- Аляксандр Ягораў адзначыў, што, такім чынам, адкрываецца новая старонка ў развіцці фінансавага рынку нашай краіны. Запуск платформы «Фінмаркет» — гэта не проста ўкараненне новага лічбавага сэрвісу. «Гэта крок да фарміравання сучаснай, адкрытай і тэхналагічнай інфраструктуры, якая забяспечыць любому жыхару нашай краіны зручны і бяспечны доступ да фінансавых паслуг», — удакладніў намеснік кіраўніка Нацбанка.
Ён лічыць, што фінансавы маркетплэйс наўпрост паляпшае даступнасць інструментаў фондавага рынку, перш за ўсё для насельніцтва. Гэта сегмент, які пакуль недастаткова ахоплены альтэрнатыўнымі дэпазітам фінансавымі прадуктамі. «Наша задача — максімальна ўцягнуць усіх жыхароў краіны ў гэты працэс. Гэта адпавядае прыярытэтам: далейшаму развіццю фондавага рынку і павелічэнню аб’ёмаў фінансавання інвестыцыйнай дзейнасці камерцыйных арганізацый за кошт актывізацыі гандлю акцыямі на валютна-фондавай біржы. Мы ўпэўненыя, што з дапамогай „Фінмаркета“ гэтыя мэты здабудуць практычнае ўвасабленне».
З 15 снежня на маркетплэйсе можна набываць фінансавыя прадукты без неабходнасці наведвання фінансавай установы. «Гэты праект — частка больш шырокай задачы: забяспечыць роўны доступ усіх жыхароў нашай краіны да фінансавых паслуг і інструментаў, павысіць празрыстасць рынку і стымуляваць развіццё доўгатэрміновых інвестыцый. Мы імкнёмся павысіць узровень зберажэнняў насельніцтва», — сказаў Аляксандр Ягораў.
На пляцоўцы — праз 5 хвілін
Кіраўнік біржы Андрэй Аўхіменя лічыць, што на гэтай пляцоўцы кліент рэгіструецца не больш чым за пяць-сем хвілін. «Працэс просты: мы падключаныя да міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі, таму ўся інфармацыя пра кліента ўжо маецца. Яна падгружаецца, правяраецца і рэгістрацыя завяршаецца. Тыя, хто хутчэй працуе са смартфонам або камп’ютарам, зробяць гэта яшчэ больш аператыўна», — адзначыў ён.
Пляцоўка маркетплэйса дазваляе кліентам атрымліваць якасныя фінансавыя прадукты анлайн і адкрываць рахункі дэпо без неабходнасці хадзіць у дэпазітарый, заключаць дагаворы фізічна. У рэгіёнах без дэпазітарыяў такая магчымасць асабліва каштоўная. «Мы факусіруемся на інвестыцыях: каштоўныя паперы можна трымаць да пагашэння або бестэрмінова, што падтрымлівае Нацыянальны банк у прасоўванні доўгатэрміновых укладанняў», — расказаў Андрэй Аўхіменя.
У наступным годзе на платформе стануць даступныя банкаўскія і страхавыя прадукты: дэпазіты, банкаўскія карты, крэдыты, разліковыя паслугі. Грамадзяне змогуць зручна параўноўваць прапановы розных банкаў з іх рознымі інтэрфейсамі, праграмамі і тарыфамі. «У нас адзіныя, зразумелыя і празрыстыя тарыфы, плюс магчымасць адразу атрымаць паслугу. Ужо цяпер у рэжыме анлайн заключана некалькі здзелак на гэтай платформе», — удакладніў старшыня біржы.
Сяргей КУРКАЧ