— Залог энергетычнай самастойнасці, як мінімум, — дыверсіфікацыя. Мікс крыніц энергіі і тэхналогій. Даступная энергія — гэта тое, да чаго мы павінны імкнуцца, карыстаючыся нашымі агульнымі перавагамі. У адных краін развітая гідрагенерацыя, іншыя будуюць атамныя станцыі, трэція валодаюць вялікімі радовішчамі вугалю. А нехта мае кампетэнцыі ў будаўніцтве сетак і праводзіць у гэтай галіне перадавыя даследаванні. Трэба ўлічваць, што сучасны спажывец дастаткова мабільны. А інвестыцыйны цыкл будаўніцтва аб’ектаў буйной генерацыі, на жаль, не хуткі. У дадзеным выпадку збалансаванасць — ключ да эканамічнай эфектыўнасці. А атрымаць патрэбны баланс можна толькі ў фармаце розных рэгіянальных і міжгаліновых аб’яднанняў. Разам трэба будаваць асобныя транспартна-энергетычныя калідоры.

З прычыны геаэканамічнай турбулентнасці сёння даволі няпроста рабіць прагнозы на сярэднюю і доўгатэрміновую перспектыву. У гэтым сэнсе формула энергетычнай самастойнасці, лічыць дырэктар Дэпартамента эканамічнага супрацоўніцтва Выканаўчага камітэта СНД Міхаіл Мыскін, з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў для нівеліравання знешніх пагроз і забеспячэння стабільнага развіцця эканомік краін — удзельніц інтэграцыйных аб’яднанняў:
— Краіны СНД актыўна супрацоўнічаюць у энергетычнай сферы. Наладжана паралельная работа энергасістэм. Ажыццяўляецца фарміраванне элементаў агульнага энергетычнага рынку. Рэалізуюцца сумесныя энергетычныя праекты. Развіваецца навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Тэхналагічным базісам энергетыкі з’яўляецца прамысловы сектар. У СНД дзейнічае канцэпцыя развіцця прамысловай кааперацыі дзяржаў-удзельніц на перыяд да 2030 года. Праводзіцца цэлы комплекс мер па ўстараненні адміністрацыйных бар’ераў, развіцці фінансавых інструментаў для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва па прыярытэтных кірунках прамысловасці. Адным з важных драйвераў развіцця эканомікі энергетычнага сектара можа выступаць выкарыстанне лічбавых фінансавых актываў. Гэты інструмент дасць магчымасць прыцягнуць дадатковыя інвестыцыі на дзяржаўным узроўні і пазбегнуць пры гэтым росту інфляцыйных паказчыкаў. У частцы забеспячэння экалагічнай бяспекі і ўстойлівага развіцця, мабыць, можна сказаць, што глабальным пытаннем для ўсіх краін СНД з’яўляецца неабходнасць пераходу да больш чыстых і ўстойлівых крыніц энергіі.
За апошнія 10 гадоў на прасторы СНД расце цікавасць да атамнай генерацыі. Пабудавана атамная электрастанцыя ў Рэспубліцы Беларусь. Пачалася рэалізацыя праектаў па ўзвядзенні атамных электрастанцый у Рэспубліцы Казахстан і ў Рэспубліцы Узбекістан. Ва ўмовах энергетычнага пераходу, які прадугледжвае павелічэнне долі нізкавугляроднай энергетыкі, адбываецца глабальная трансфармацыя энергасістэм і пашыраецца сфера ўкаранення лічбавых тэхналогій.
Дарэчы, у рамках Саюзнай дзяржавы вядзецца актыўная работа па прыняцці міжнародных стандартаў кіравання лічбавай трансфармацыяй энергетыкі і фарміраванні адзінага інфармацыйнага асяроддзя. Асобная тэма — «атамны» кейс Беларусі. І яна выклікае вялікую цікавасць у краін, якія яшчэ толькі робяць першыя крокі ў сферы ядзернай энергетыкі. У прыватнасці, узбекскія спецыялісты паглыблена вывучаюць наш вопыт, паколькі БелАЭС — найноўшая атамная электрастанцыя, дзе сканцэнтраваны самыя перадавыя тэхналогіі. Зрэшты, даў параду калегам міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Мароз, для паспяховай работы энергасістэмы паралельна з будаўніцтвам АЭС трэба прадумаць механізм кантраляванага нарошчвання электраспажывання ў прамысловасці, транспартнай сферы і бытавым сектары:
— Гэта важная стадыя падрыхтоўкі да ўводу АЭС у эксплуатацыю. Каб пасля не даводзілася манеўраваць магутнасцю атамнай электрастанцыі.
У прыватнасці, Беларусь прэвентыўна прыняла меры па стымуляванні спажывання электрычнай энергіі, уключаючы тарыфную палітыку. Яскравы прыклад — выкарыстанне электрычнай энергіі на патрэбы гарачага водазабеспячэння замест прыроднага газу. Сектары, якія маюць патрэбу ў дадатковым аб’ёме электраэнергіі, з’явіліся таксама ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і ў сферах лічбавых тэхналогій. Кірунак, які дынамічна развіваецца, — электратранспарт. Гэта значыць, яшчэ на падрыхтоўчым этапе трэба ацэньваць структуру генерацыі ў краіне і фарміраваць адпаведны попыт на электрычную энергію.
Дзяніс Мароз нагадаў, што ў пачатку 2000-х Беларусь у дадатак да куплі прыроднага газу імпартавала каля 8 мільярдаў кілават-гадзін электраэнергіі. У сувязі з гэтым была прапрацавана канцэпцыя дыверсіфікацыі паліўна-электрычнага балансу. Квінтэсенцыяй гэтага працэсу стала будаўніцтва АЭС, якая цяпер вырабляе каля 40 % электрычнай энергіі і закрывае базавую нагрузку. Структуру энергабалансу дапаўняюць манеўраная газавая генерацыя і аднаўляльныя мясцовыя віды паліва. У выніку такога падыходу, падкрэсліў міністр энергетыкі, узровень энергетычнай самастойнасці Беларусі да 2030 года павінен скласці 33 %. І гэта цалкам дасягальная мэта.

Фарміраванне агульнага электраэнергетычнага рынку, лічыць дырэктар Дэпартамента энергетыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі Вольга Пруднікава, — гэта той фундамент, які дазволіць паспяхова развівацца эканомікам краін ЕАЭС. Паводле слоў спікера, запусціць гандаль электрычнай энергіяй па свабодных двухбаковых дагаворах плануецца з 1 студзеня 2027 года. У далейшым, каб забяспечыць прынцып цэнтралізаванага продажу, неабходна стварыць адпаведную лічбавую платформу і арганізаваць аператыўны абмен інфармацыяй.
— ЕАЭС — буйное інтэграцыйнае аб’яднанне, — падкрэсліла значнасць праекта Вольга Пруднікава. — Гэта 186 мільёнаў чалавек, практычна 3 трыльёны долараў сукупнага ВУП і каля 100 мільярдаў долараў тавараабароту паміж дзяржавамі-членамі. Агульны рынак электрычнай энергіі стане асноўнай рухальнай сілай развіцця эканомік нашых краін.
Кіраўнікамі дзяржаў прынята дэкларацыя аб развіцці інтэграцыйнага саюза да 2045 года.
У рамках гэтай дэкларацыі падрыхтавана дарожная карта, якая ўключае шэраг мерапрыемстваў, накіраваных у тым ліку на стварэнне і рэалізацыю сумесных кааперацыйных інфраструктурных праектаў для запуску рынку энергетычных рэсурсаў. Менавіта электраэнергетыка павінна паслужыць штуршком для далейшага паглыблення ўзаемадзеяння.
Аб’ектыўнае супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі патрабуе пастаяннай фармалізацыі. Сёння, акцэнтаваў увагу Міхаіл Мыскін, актыўна вядзецца работа над праектам стратэгіі развіцця паліўна-энергетычнага комплексу дзяржаў СНД на перыяд да 2050 года. Дакумент накіраваны на фарміраванне механізмаў падтрымкі пры вырашэнні комплексных пытанняў развіцця галіны. Паступова выбудоўваецца фінансава-тэхнічная архітэктура рэгіянальнага супрацоўніцтва. Канчатковая мэта інтэграцыйных намаганняў — умацаванне энергетычнай бяспекі і тэхналагічная незалежнасць.
Таццяна ШЧАДРАНОК