З 25 па 27 чэрвеня 2025 года ў Ніжнім Ноўгарадзе праходзіць чарговы — 12-ы па ліку — Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі на тэму «Моладзь Беларусі і Расіі — нашчадкі Вялікай Перамогі і будучыня Саюзнай дзяржавы».
З 25 па 27 чэрвеня 2025 года ў Ніжнім Ноўгарадзе праходзіць чарговы — 12-ы па ліку — Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі на тэму «Моладзь Беларусі і Расіі — нашчадкі Вялікай Перамогі і будучыня Саюзнай дзяржавы».
У рамках форуму таксама праходзіць выстава дасягненняў народнай гаспадаркі рэгіёнаў Беларусі і Расіі, арганізавана работа гандлёвага кірмашу, запланавана правядзенне форуму крэатыўных тэрыторый, і неад’емная частка кожнага мерапрыемства — падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве і камерцыйных кантрактаў, а таксама іншых дакументаў, накіраваных на пашырэнне двухбаковага супрацоўніцтва.
Дарэчы, сёлета чакаецца, што падчас форуму будзе падпісана больш за 100 кантрактаў на суму больш за 700 мільёнаў беларускіх рублёў.
Асноўная дзелавая частка праграмы пройдзе сёння, 26 чэрвеня. Плануецца правядзенне пасяджэння маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь і кіруючых органаў Палаты маладых заканадаўцаў пры Савеце Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі.
Акрамя асноўнай тэматыкі форум рэгіёнаў, які праводзіцца больш за дзесяць гадоў, зарэкамендаваў сябе як эфектыўная пляцоўка для развіцця супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі дзвюх краін. Гэтыя пытанні ўдзельнікі абмяркуюць у рамках сямі секцый, якія будуць прысвечаны прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадарцы, прававому забеспячэнню, рэгіянальнай палітыцы, ролі маладзёжных аб’яднанняў і культурнаму складніку.
Таксама ў рамках форуму адбудзецца сесія Падліковай палаты Расіі і КДК Беларусі аб ролі інстытутаў знешняга дзяржаўнага аўдыту. Запланавана і сумеснае мерапрыемства гандлёва-прамысловых палат Беларусі і Расіі на тэму перспектыўных праектаў дзелавога супрацоўніцтва рэгіёнаў дзвюх дзяржаў.
У другой палове дня маладыя людзі дзвюх краін атрымаюць магчымасць пагутарыць і асабіста задаць пытанні падчас сустрэчы са спікерамі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі — Наталляй Качанавай і Валянцінай Матвіенка.
Па традыцыі завершыцца маштабны марафон мерапрыемстваў пленарным пасяджэннем, якое адбудзецца заўтра, 27 чэрвеня. Цэнтральная тэма абмеркавання, нагадаем, гучыць так: «Моладзь Беларусі і Расіі — нашчадкі Вялікай Перамогі і будучыня Саюзнай дзяржавы».
Падрабязнасці — у наступных нумарах газеты.
У тэму
Электробус і не толькі...
Прадпрыемствы Мінпрама ў рамках Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі прадставілі на выставе інавацыйную прадукцыю
Прадпрыемствы сістэмы Міністэрства прамысловасці Беларусі ў рамках XІІ Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі ўдзельнічаюць у экспазіцыі беларускіх вытворцаў «Зроблена ў Беларусі», паведамілі ў прэс-службе ведамства.
Прадпрыемствы галіны прадстаўляюць сваю прадукцыю і дасягненні на нацыянальнай экспазіцыі. Асаблівая ўвага ўдзелена дэманстрацыі інавацыйнага патэнцыялу беларускіх прадпрыемстваў — іх здольнасці ўкараняць перадавыя рашэнні, развіваць новыя кірункі і павышаць канкурэнтаздольнасць на знешніх рынках.

У прыватнасці, на адкрытай пляцоўцы прадстаўлена прадукцыя «Амкадор», «БКМ холдынг» (сумесна з расійскімі партнёрамі «СП «НІЖЭКАТРАНС»), «БелДжы», «Бабруйскаграмаш», «Гомсельмаш», «МАЗ» і «МТЗ». А гэта натуральныя ўзоры кормаўборачнага камбайна, збожжаўборачнага самаходнага камбайна, пагрузчыка з тэлескапічнай стралой, форвардэра, машыны для ўнясення вадкіх арганічных угнаенняў, тралейбуса асабліва вялікай умяшчальнасці, мабільнага аўтамабільнага офіса, мабільнага медыцынскага комплексу, аўтагідрападымальнікаў, трактароў, электробуса, трохсекцыйнага трамвая, легкавых аўтамабіляў і іншай тэхнікі.
— Удзел у мерапрыемстве дазволіць прадпрыемствам Мінпрама прадэманстраваць свае дасягненні, усталяваць новыя дзелавыя кантакты і пашырыць экспартныя магчымасці. Гэта таксама стане выдатнай платформай для прэзентацыі інавацыйных праектаў і тэхналогій, якія могуць зацікавіць партнёраў з Расіі і іншых краін. Упэўнены, удзел нашых прадпрыемстваў у нацыянальнай экспазіцыі — важны крок да ўмацавання супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй. Мы імкнёмся паказаць свету патэнцыял беларускай прамысловасці, асабліва ў галіне інавацый, умацаваць існуючыя і наладзіць новыя доўгатэрміновыя адносіны з партнёрамі з Расіі, — пракаментаваў намеснік міністра прамысловасці Беларусі Андрэй Кузняцоў.
На яго думку, Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі стане пляцоўкай для абмеркавання актуальных пытанняў развіцця рэгіёнаў, абмену вопытам і фарміравання новых сумесных праектаў. І нацыянальная экспазіцыя — адна з ключавых частак праграмы мера-
прыемства.