Міністр расказаў пра ініцыятывы Мінэканомікі па падтрымцы жаночага бізнесу. «Важнейшым напрамкам з’яўляецца развіццё міжнароднага супрацоўніцтва. У маі з нашымі партнёрамі — Беларускім саюзам жанчын і Мінскім гарвыканкамам — правядзём Форум жанчын-прадпрымальніц Саюзнай дзяржавы. Разлічваем, што форум стане пляцоўкай для плённага абмену вопытам, развіцця кааперацыйных сувязей, новых знаёмстваў бізнес-лэдзі нашых краін, якія перарастуць у сумесныя праекты. Запрашаем жанчын актыўней уключацца ў гэтыя ініцыятывы. Сёння створаны ўмовы, пры якіх ідэя можа атрымаць прафесійную падтрымку і стаць паспяховым бізнесам», — сказаў Юрый Чабатар.
Ён таксама адзначыў, што адна з задач Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады — даць больш магчымасцей жанчынам з маленькімі дзецьмі рэалізавацца ў рабоце. «А наш конкурс „БізнесМАМА“, што дэбютаваў у мінулым годзе, якраз і арыентаваны на жанчын, якія выхоўваюць дзяцей да трох гадоў. Мы бачым, што для ўдзельніц ён стаў своеасаблівай стартавай пляцоўкай. Пераможцы конкурсу ўжо зрабілі першыя крокі ў стварэнні сваёй справы», — адзначыў міністр.
Важную матывацыйную функцыю нясе і інфармацыйны праект «Пяшчотнасць беларускага бізнесу», які стартаваў у 2024 годзе. «Гісторыі жанчын, якія паспяхова сумяшчаюць прадпрымальніцтва і мацярынства, — гэта не толькі прызнанне іх укладу, але і стымул для іншых ініцыятыўных беларусак. Паколькі пачынаць любую справу няпроста, а прыклад нашых абаяльных бізнес-лэдзі і шматдзетных маці ў адной асобе, упэўнены, натхніць многіх», — падкрэсліў кіраўнік Мінэканомікі.
Асобна ён спыніўся на праекце «Рэсурсы і магчымасці». «Дзякуючы гэтай кансультацыйнай платформе больш за 1 тыс. бізнесвумен-пачаткоўцаў змаглі атрымаць рэкамендацыі адносна практычных аспектаў рэгістрацыі бізнесу, падаткаабкладання, маркетынгу і фінансавага планавання, і тым самым паскорыць рэалізацыю сваіх ідэй. Адзначу таксама конкурс „Практыка росту“, які стартаваў у канцы мінулага года як частка праекта „Рэсурсы і магчымасці“. Яго асаблівасць — ментарскае суправаджэнне: кожны ўдзельнік, прайшоўшы ў паўфінал, атрымаў настаўніка з ліку вопытных прадпрымальнікаў і магчымасць вывесці свой праект на якасна новы ўзровень. Удзел у ім прынялі каля 100 чалавек: хто стане пераможцам — даведаемся ўжо 13 сакавіка», — расказаў Юрый Чабатар.