Урачыстая цырымонія прайшла сёння ў штаб-кватэры нацыянальнага прафцэнтра. Заслужанымі ўзнагародамі былі адзначаны больш за 30 работнікаў сістэмы прафсаюзнага спорту. Сярод іх — кіраўнікі, работнікі, трэнеры-выкладчыкі, інструктары-метадысты прафсаюзных спартыўных школ. Гэта спецыялісты, якія шмат гадоў працуюць і зрабілі вялікі ўклад у развіццё прафсаюзнага спорту, з’яўляюцца першымі настаўнікамі знакамітых беларускіх спартсменаў.
Як адзначыў падчас урачыстай цырымоніі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько, у сістэме ФПБ працуе больш за 90 дзіцячых спартыўных школ, у іх займаецца каля 30 тысяч дзяцей. Пры гэтым падтрымка з боку прафсаюзаў дзіцячага спорту, правядзенне розных спартыўных мерапрыемстваў — гэта, у першую чаргу, уклад у фарміраванне здароўя нацыі.
— Мы імкнемся ўцягнуць у работу нашых прафсаюзных спартыўных школ як мага больш дзяцей. Вядома, не кожны з іх стане чэмпіёнам, але нам важна, каб нашы дзеці выраслі моцнымі і здаровымі, тымі, хто любіць спорт і ўсё жыццё імкнуліся развівацца ў гэтым напрамку, — падкрэсліў Юрый Сянько.
У той жа час, выхаванцы прафсаюзных спартыўных школ, якія паказваюць найбольш высокія вынікі, перадаюцца ў вышэйшае звяно падрыхтоўкі. І сёння прафсаюзы ганарацца тым, што многія ўдзельнікі і прызёры Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і іншых прэстыжных спаборніцтваў пачыналі свой шлях менавіта ў прафсаюзных спартшколах. Дарэчы, чарговыя ўзнагароды выхаванцы прафсаюзных спартшкол прывезлі літаральна напрыканцы красавіка бягучага года з чэмпіянату Еўропы па барацьбе.
Алена КРАВЕЦ