Гэтымі днямі з афіцыйным візітам у Беларусь прыбыла дэлегацыя Федэрацыі прафсаюзаў Рэспублікі Саха (Якуція). Ключавыя мэты візіту — абмен вопытам у сферы сацыяльнага партнёрства, знаёмства з дзейнасцю беларускіх прафсаюзаў, а таксама вызначэнне магчымых кірункаў супрацоўніцтва на бліжэйшую перспектыву.
У штаб-кватэры нацыянальнага прафцэнтра адбылася сустрэча прадстаўнікоў ФПБ з калегамі з Якуціі. Члены дэлегацыі прафсаюзаў Рэспублікі Саха падрабязна азнаёміліся з гісторыяй прафсаюзнага руху Беларусі і структурай ФПБ.
Старшыня ФПБ Юрый Сянько падрабязна расказаў аб сістэме сацыяльнага партнёрства і рабоце прафсаюзаў па самых розных кірунках — ад калектыўна-дагаворнага рэгулявання працоўных адносін да арганізацыі адпачынку і аздараўлення працоўных. Асаблівая ўвага — развіццю міжнародных адносін. Юрый Сянько расказаў аб тым, што прафсаюзы Беларусі актыўна ўзаемадзейнічаюць з калегамі з розных краін. Гэта і абмен досведам, і сумесныя праекты па розных кірунках. Пры гэтым прафсаюзы гатовы падключыцца і да развіцця кантактаў у эканамічнай сферы, паколькі рост эканомікі дае новыя магчымасці для павышэння даходаў людзей.
Намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Рэспублікі Саха Валянціна Кірыліна падзякавала за цёплы прыём і выказала зацікаўленасць у вывучэнні вопыту беларускіх калег, асабліва ў частцы падтрымкі работнікаў з сямейнымі абавязкамі, сям’і і мацярынства. Таксама Валянціна Кірыліна з вялікім натхненнем адзначыла, што 2026 год аб’яўлены ў Беларусі Годам беларускай жанчыны, назваўшы гэта рашэнне знакавай падзеяй, якая дазволіць па-новаму раскрыць ролю жанчыны-працаўніцы ў сучасным грамадстве.
Сярод актуальных тэм, якія бакі закранулі ў час сустрэчы, — пашырэнне супрацоўніцтва пярвічных прафсаюзных арганізацый буйных прадпрыемстваў, абмен вопытам у частцы ўдасканалення працоўнага заканадаўства і ў сферы прафсаюзнага аздараўлення.
Акрамя таго, дасягнута дамоўленасць аб падпісанні Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж рэгіянальнымі аб’яднаннямі прафсаюзаў — Мінскім абласным аб’яднаннем прафсаюзаў і Федэрацыяй прафсаюзаў Рэспублікі Саха.
У далейшай праграме візіту дэлегацыі з Якуціі — вывучэнне дзейнасці прафсаюзаў Беларусі ў частцы асаблівасцяў прававога рэгулявання сацыяльнага партнёрства, аховы працы і сістэмы прафсаюзных санаторыяў, а таксама наведванне буйных беларускіх прадпрыемстваў, правядзенне круглых сталоў і сустрэча з маладзёжным прафсаюзным актывам.
Алена КРАВЕЦ