Top.Mail.Ru

ФПБ назвала тры самыя частыя парушэнні заканадаўства аб працы

Прафсаюзы на пастаяннай аснове праводзяць праверкі і маніторынгі захавання заканадаўства аб працы. Вынікі гэтай работы абмяркоўваліся 9 ліпеня на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, паведамляе БелТА.


На пасяджэнні сацыяльныя партнёры Федэрацыі прафсаюзаў — прадстаўнікі органаў улады, аб’яднанняў прафсаюзаў і наймальнікаў — выпрацоўваюць рашэнні па найбольш актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнай сферы. Чарговае пасяджэнне не стала выключэннем — абмяркоўваўся шэраг пытанняў, якія непасрэдна закраналі інтарэсы кожнага работніка. Сярод іх і работа прафсаюзаў па абароне працоўных правоў.

У аснове грамадскага кантролю — прынцыпы сацыяльнага партнёрства. Пры яго правядзенні ў прафсаюзаў дзве асноўныя задачы: абараніць інтарэсы работнікаў і пракансультаваць наймальнікаў. Менавіта таму вынікі грамадскага кантролю абмяркоўваюцца сумесна з сацыяльнымі партнёрамі: гэта дае магчымасць звярнуць увагу на найбольш частыя спрэчныя сітуацыі і тым самым папярэдзіць тыя ці іншыя парушэнні заканадаўства з боку наймальнікаў у будучыні.

Як паказвае практыка работы прафсаюзаў, найбольш часта наймальнікі дапускаюць памылкі ў пытаннях прадастаўлення працоўных і сацыяльных водпускаў. Толькі за мінулы год было выяўлена больш за 2,1 тыс. такіх выпадкаў. Гэта, напрыклад, незахаванне графікаў працоўных водпускаў, неазнаямленне работнікаў з загадамі аб перыядзе водпуску, няправільны парадак прадастаўлення дадатковых дзён адпачынку за работу ў шкодных умовах.

На другім месцы па распаўсюджанасці — памылкі, звязаныя з устанаўленнем і разлікам рабочага часу і часу адпачынку. На трэцім — парушэнні парадку заключэння, змянення і прадаўжэння кантрактаў. Дапускаюцца таксама недахопы ў вядзенні працоўных кніжак, працэдуры прыёму на работу, а таксама ў пытаннях аплаты працы.

«Па кожным выяўленым выпадку прафсаюзныя юрысты выдаюць прадпісанні або рэкамендацыі на ўстараненне парушэнняў. Як правіла, наймальнікі аператыўна рэагуюць на заўвагі», — адзначылі ў ФПБ.

Напрыклад, у адным з выпадкаў добрасумленнаму работніку сельгасарганізацыі наймальнік вырашыў не прадаўжаць кантракт. Аднак на гэта прадпрыемства распаўсюджваецца дзеянне галіновага тарыфнага пагаднення, якое гарантуе прадаўжэнне працоўных адносін, у тым ліку заключэнне новага кантракта, з работнікамі, якія добрасумленна працуюць і не дапускаюць парушэнняў выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны. Наймальнік прыслухаўся да довадаў прафсаюза і падоўжыў работніку кантракт на тры гады. У іншым выпадку было выяўлена, што ў адной з арганізацый 20 непаўналетніх работнікаў, прынятых на работу летам, не былі забяспечаны працоўнымі кніжкамі, і работнікі маглі застацца без пацвярджэння свайго першага працоўнага стажу. Наймальнік таксама аператыўна выправіў сітуацыю. У цэлым пасля ўмяшання прафсаюзаў 97 працэнтаў усіх выяўленых парушэнняў ліквідаваны ў самы кароткі тэрмін.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю