Пачатак навучальнага года ў юных брэсцкіх спартсменаў, якія займаюцца веславаннем на байдарках і каноэ, стартаваў з трэніроўкі на новых камбінаваных вяслярных трэнажорах, якія стануць не толькі добрай дапамогай для штодзённых трэніровак, але і дазволяць рыхтавацца да спаборніцтваў рознага ўзроўню. Павіншаваць юных спартсменаў прыехаў лідэр нацыянальнага прафцэнтра Юрый Сянько.
Як адзначыў Юрый Сянько, абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы спартыўных школ — гэта работа, якую прафсаюзы праводзяць на пастаяннай аснове.
— Сёлета спартшколы прафсаюзаў расчынілі свае дзверы для больш чым 30 тысяч юных спартсменаў, якія будуць выпрабоўваць свае сілы па 52 відах спорту. І каб выходзіць на якасна новы ўзровень у трэніровачным працэсе, безумоўна, неабходна рэгулярнае абнаўленне як памяшканняў і спартыўнага інвентару, так і амуніцыі навучэнцаў, — падкрэсліў старшыня ФПБ.
Брэсцкая СДЮШАР прафсаюзаў, якую наведаў сёння Юрый Сянько, была заснавана яшчэ ў 1985 годзе. У школе функцыянуюць тры аддзяленні — дзеці праходзяць падрыхтоўку па веласпорце, трыятлоне і веславанні на байдарках і каноэ. Дарэчы, на апошнім займаюцца больш за 60 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Дырэктар СДЮШАР Васіль Сафонаў у сваю чаргу расказаў, што за апошні час выхаванцы занялі нямала прызавых месцаў на першынствах міжнароднага ўзроўню, у тым ліку станавіліся прызёрамі чэмпіянатаў свету.
Сярод знакамітых спартсменаў — выхадцаў з прафсаюзнай спартшколы — Уладзіслаў Палешка. Ён чэмпіён Еўропы сярод юніёраў і моладзі па веславанні на байдарках і каноэ і новаспечаны бронзавы прызёр чэмпіянату свету, які прайшоў у жніўні гэтага года.
— Веславанне фармуе характар, бо ты выходзіш на трэніроўкі ў любое надвор’е. Матэрыяльная база нашай школы за апошнія гады значна палепшылася. А падораныя сёння прафсаюзамі трэнажоры дазволяць займацца не толькі спартсменам-пачаткоўцам, але і тым, хто рыхтуецца да сур’ёзных міжнародных стартаў, — адзначыў Уладзіслаў Палешка.Сёння ў нашай краіне створаны і пастаянна ўдасканальваюцца ўмовы для заняткаў спортам любога ўзроўню, няхай гэта будзе прафесійны або масавы спорт. Для прафсаюзаў не важныя ні ўзрост, ні фізічная падрыхтоўка. Галоўнае — падтрымаць жаданне быць актыўнымі. І, як заклікаў старшыня ФПБ Юры Сянько, прывіць звычку займацца спортам, весці здаровы лад жыцця. Гэта і ёсць адна з задач прафсаюзных спартыўных школ.
Неабходна дадаць, што грунтоўна падрыхтаваліся да сустрэчы юных спартсменаў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці закуплены неабходны якасны спартыўны інвентар, абсталяванне, спартыўная форма з лагатыпамі спартшкол прафсаюзаў на аддзяленнях барацьбы грэка-рымскай, дзюдо, бокса, валейбола, цяжкай атлетыкі, фехтавання, гімнастыкі спартыўнай, коннага спорту, хакея на траве, кулявой стральбы, футбола. Установай «Гомельская СДЮШАР прафсаюзаў па веславанні» праведзены рамонт вучэбна-трэніровачнай базы, падрыхтаваны спартыўныя базы для заняткаў цяжкай атлетыкай, боксам. Практычна ўсімі школамі рэгіёна абноўлены інвентар, у тым ліку лодкі акадэмічныя. Адрамантавана і вяслярная база ДЮСШ «Альбатрос» на Віцебшчыне — у Лепелі.
У Магілёўскай вобласці абноўлены інвентар і абсталяванне для аддзяленняў бокса, цяжкай атлетыкі, гульнявых відаў спорту, настольнага тэніса, каратэ. Таксама для юных спартсменаў набыта экіпіроўка і спецыяльны абутак.
Алена КРАВЕЦ