Адна з іх датычыцца кантрактнай формы найму, у прыватнасці, прапануецца адмяніць працэдуру прадаўжэння кантракта і на кожны перыяд заключаць новы.
— Чалавек павінен быць упэўненым у заўтрашнім дні. Менавіта таму ФПБ і прапануе дадаткова прапрацаваць гэта пытанне і прадугледзець механізмы, што гарантуюць работніку пры заключэнні наступных кантрактаў працяг працы на ўмовах, якія не пагаршаюць яго становішча, — падкрэслілі ў прэс-службе ФПБ
Яшчэ адно дыскусійнае пытанне — прапанова аб увядзенні новай формы працоўных адносін: работа ў рэжыме самарэгуляванага працоўнага часу. Прадугледжваецца, што пры такой форме арганізацыі працы заключаецца тэрміновы працоўны дагавор і работнік па ўзгадненні з наймальнікам самастойна вызначае час і аб’ём работы. У сваю чаргу, у наймальніка няма абавязку прадастаўляць супрацоўніку работу, ён можа прапанаваць яе зыходзячы з вытворчых задач.
— Безумоўна, прапанаванае новаўвядзенне можа паслужыць гнуткасці працоўных адносін і вырашэнню пэўных задач для наймальнікаў. У той жа час для работнікаў ёсць пэўныя рызыкі ў частцы нестабільнасці працоўных адносін, адсутнасці шэрагу працоўных гарантый, аховы працы. Таму гэта пытанне таксама патрабуе дадатковага абмеркавання, — падкрэслілі ў прэс-службе Нацыянальнага прафцэнтра.
У той жа час шэраг навацый законапраекта безумоўна падтрымліваецца прафсаюзамі. У прыватнасці, гэта датычыцца прапаноў аб пашырэнні пераліку работнікаў, якім прадастаўляецца выхадная дапамога ў выпадку звальнення, гарантаванай аплаце сацыяльнага 14-дзённага водпуску бацьку пры нараджэнні дзіцяці.
Акрамя таго, на дадзены момант у праект дакумента ўключана прапанова прафсаюзаў, якая прадугледжвае ўвядзенне аплаты за настаўніцтва. Яшчэ адна ініцыятыва прафсаюзаў датычыцца працэдуры заключэння калектыўных дагавораў.
— На сёння ў Працоўным кодэксе прапісаны толькі парадак уступлення бакоў у калектыўныя перагаворы, а тэрмін, на працягу якога ў арганізацыі павінен быць заключаны калектыўны дагавор, не вызначаны. У выніку на практыцы ёсць выпадкі, калі працэдура падпісання гэтага важнага дакумента зацягваецца па суб’ектыўных прычынах. Таму ФПБ і прапанавана норма, згодна з якой калектыўны дагавор павінен быць падпісаны на працягу трох месяцаў з моманту ўступлення бакоў у перагаворы. Гэта будзе садзейнічаць удасканаленню калектыўна-дагаворнай работы і пашырэнню дадатковых гарантый для работнікаў, — падкрэслілі ў прэс-службе ФПБ.
Алена КРАВЕЦ
Фота sb.by