Пра гэта сёння ішла размова на пасяджэнні прэзідыума Савета ФПБ. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена тлумачальнай рабоце непасрэдна ў працоўных калектывах.
Практыка работы тэхнічнай інспекцыі працы паказвае, што адной з асноўных прычын траўміравання работнікаў з’яўляецца менавіта чалавечы фактар. Часцей за ўсё сустракаюцца выпадкі асабістай неасцярожнасці, а таксама грэбавання нормамі аховы працы. Гэта і, напрыклад, невыкарыстанне сродкаў індывідуальнай абароны і спецадзення, страхоўкі, правядзенне рамонтных работ тэхнікі з уключаным рухавіком, тэхналагічнага абсталявання, якое не абясточана і не адключана. Нярэдкія выпадкі парушэння працоўнай дысцыпліны, знаходжання на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення.
У цэлым за першае паўгоддзе бягучага года ў арганізацыях і на прадпрыемствах тэхнічнымі інспектарамі працы праведзена звыш 4200 праверак і маніторынгаў выканання заканадаўства аб ахове працы. Выяўлена больш за 29 тысяч парушэнняў.
— Нягледзячы на вялікую прафілактычную работу, якую праводзяць прафсаюзы, у тым ліку сумесна з сацыяльнымі партнёрамі, пытанні вытворчага траўматызму па-ранейшаму застаюцца актуальнымі практычна для ўсіх галін. Нягледзячы на ўзмацненне адказнасці за выкананне заканадаўства аб ахове працы і матывацыйныя меры, парушэнні сустракаюцца дастаткова часта. Таму зыходзячы з практыкі работы, бачым неабходнасць узмацніць тлумачальную дзейнасць у працоўных калектывах, непасрэдна на працоўных месцах разбіраць выпадкі і нюансы норм аховы працы, — расказала сакратар Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па міжнароднай працы Ганна Варфаламеева.
Трэба адзначыць, што будзе прадоўжана і работа па кансультаванні наймальнікаў, пры неабходнасці будзе аказвацца дапамога ў стварэнні бяспечных умоў працы. Дарэчы, толькі ў першым паўгоддзі 2025-га тэхнічнай інспекцыяй працы арганізаваны і прыняты ўдзел у больш за 1000 семінарах, лекцыях, іншых мерапрыемствах, накіраваных на навучанне і папулярызацыю ведаў па пытаннях захавання заканадаўства аб ахове працы.
Нагадаем, паведаміць аб фактах парушэнняў аховы працы, неадпаведных умовах працы або спрэчнай сітуацыі з наймальнікам можна ў Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр ФПБ па адзіным бясплатным нумары — 8 801 100 1111 (штодня з 8.00 да 20.00).
Алена КРАВЕЦ