Top.Mail.Ru

ФПБ вызначыла лепшых грамадскіх інспектараў па ахове працы

15 пераможцаў — прадстаўнікоў розных галін эканомікі — названы па выніках агульнарэспубліканскага агляду-конкурсу.



Нагадаем, грамадскія інспектары па ахове працы — гэта работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія разам са сваімі асноўнымі абавязкамі выконваюць важную грамадскую нагрузку: сочаць за выкананнем патрабаванняў аховы працы, выяўляюць рызыкі і дапамагаюць іх своечасова ўстараняць. Знаходзячыся непасрэдна на працоўных месцах, яны добра ведаюць і разумеюць спецыфіку вытворчых працэсаў і здольныя аператыўна рэагаваць на патэнцыйна небяспечныя сітуацыі.

Конкурс праводзіўся ў некалькі этапаў і ахапіў усе ўзроўні — ад першасных прафсаюзных арганізацый да галіновых камісій. Важным складальнікам адбору стаў этап на ўзроўні галіны: пры прыняцці рашэння важна было ўлічыць спецыфіку сферы дзейнасці. У цэлым пераможцы вызначаліся на аснове комплекснай ацэнкі, у тым ліку вынікі практычнай дзейнасці грамадскіх інспектараў, іх уклад у папярэджанне траўматызму і павышэнне культуры бяспекі.

Ключавым крытэрыем стала рэальная эфектыўнасць работы: якія пагрозы жыццю і здароўю работнікаў удалося прадухіліць, наколькі прынцыпова спецыяліст падыходзіць да ацэнкі ўмоў працы, як выбудоўвае ўзаемадзеянне з наймальнікам і калегамі па рабоце.

Як адзначыў галоўны тэхнічны інспектар працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Павел Манько, сёння ў краіне дзейнічае каля 60 тысяч грамадскіх інспектараў па ахове працы.

— Іх работа — найважнейшы элемент сістэмы грамадскага кантролю, які не абмяжоўваецца нагляднымі функцыямі. Перш за ўсё, гэта практычная дапамога на месцах, накіраваная на папярэджанне рызык і фарміраванне бяспечнага вытворчага асяроддзя. Наша практыка паказвае, што адной з частых прычын няшчасных выпадкаў становіцца ігнараванне патрабаванняў аховы працы самімі работнікамі. У сувязі з гэтым асаблівае значэнне набывае фарміраванне адказных адносін да ўласнай бяспекі. Менавіта грамадскія інспектары працы адыгрываюць тут ключавую ролю — яны ўвесь час знаходзяцца ўнутры працоўных калектываў і здольныя не толькі выяўляць парушэнні, але і ўплываць на паводзіны калег, фарміруючы культуру бяспечнай працы.

Вынікі работы пераможцаў конкурсу наглядна пацвярджаюць значнасць іх дзейнасці. Так, напрыклад, сярод лепшых грамадскіх інспектараў працы — слесар службы аварыйна-аднаўленчых работ УП «МІНГАЗ» Аляксандр Несцяровіч. За год ён выдаў 120 рэкамендацый на ўстараненне парушэнняў заканадаўства аб ахове працы. Андрэй Яцына, фармоўшчык вырабаў і канструкцый ААТ «МАПІД» выявіў 180 недахопаў, якія аператыўна былі ліквідаваны, а вадзіцель пагрузчыка ААТ «Гандлёва-лагістычнага цэнтра «Азярцо-лагістык» прадухіліў звыш 40 патэнцыйна небяспечных сітуацый, якія маглі прывесці да траўміравання работнікаў.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю