Top.Mail.Ru
354

ФПБ вызначыць найлепшы праект па рэканструкцыі аздараўленчага цэнтра на Нарачы

У Год добраўпарадкавання Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі аб’яўляе адкрыты конкурс бізнес-праектаў па рэканструкцыі аздараўленчага цэнтра ў Нарачанскім краі з будаўніцтвам wellness-комплексу.



Галоўная мэта конкурсу — не толькі выбраць найлепшы інавацыйны праект для рэалізацыі аздараўленчых тэхналогій, але і прыцягнуць увагу грамадскасці да тэмы развіцця новых тэндэнцый у санаторна-курортнай інфраструктуры краіны.

Змест праекта павінен быць інтэграваным і ўключаць тры абавязковыя кампаненты. Першы — фінансава-эканамічны план, які ўлічвае рынкавыя тэндэнцыі і запатрабаванні мэтавых кліентаў. Другая частка павінна ўключаць архітэктурна-планіровачнае рашэнне, якое забяспечвае паляпшэнне функцыянальнасці і павышэнне эстэтычнага ўспрымання тэрыторыі аздараўленчага цэнтра. Яшчэ адзін абавязковы пункт — тэхналагічная прапанова, якая апісвае ўкараненне і рацыянальнае выкарыстанне сучасных тэхналогій і практык у сферы адпачынку і аздараўлення

Да ўдзелу дапускаюцца як юрыдычныя, так і фізічныя асобы, у тым ліку аўтарскія калектывы. Паспрабаваць свае сілы могуць і студэнты профільных навучальных устаноў. Ацэньваць праекты будзе кампетэнтная камісія, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі ФПБ, архітэктурныя эксперты, спецыялісты, адказныя за ацэнку рэалістычнасці і акупнасці прадстаўленых бізнес-планаў.

Заяўкі прымаюцца да 10 студзеня 2026 года шляхам запаўнення спецыяльнай анлайн-формы на афіцыйным інтэрнэт-партале ФПБ. Таксама падрабязную інфармацыю аб удзеле ў адкрытым конкурсе можна атрымаць па тэлефоне — 8 (017) 342-92-37 (пн — чц: з 8.30 да 17.30, пт: з 8.30 да 16.15).

Даведачна:

Нарачанскі рэгіён — адна з унікальных мясцін Беларусі, вядомых сваімі прыроднымі багаццямі. Нарачанскі край характарызуецца маляўнічымі ўзгорыста-марэннымі і азёрнымі ландшафтамі, а таксама разнастайнай флорай і фаунай. Штогод сюды прыязджаюць сотні тысяч турыстаў.

Адкрыты конкурс прадугледжвае пераўтварэнне тэрыторыі аздараўленчага цэнтра «Нарачанка», плошча якой складае 16.73 га. Асаблівасць зямельнага ўчастка — у яго размяшчэнні: тэрыторыя падлягае спецыяльнай ахове (знаходзіцца ў водаахоўнай зоне рэк і вадаёмаў).

Алена КРАВЕЦ

Чытайце таксама: Як у Гродзенскай вобласці развіваецца экатурызм

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю