Top.Mail.Ru

ФПБ запускае рэспубліканскі фотаконкурс «Беларуская жанчына-працаўніца»

Маштабны творчы праект, які сімвалічна рэалізуецца ў Год беларускай жанчыны, закліканы паказаць сучасную жанчыну-працаўніцу, яе ўклад у развіццё грамадства, эканомікі і захаванне сямейных каштоўнасцей. Асаблівая ўвага арганізатараў — папулярызацыі прафесій, у якіх працуюць жанчыны, падтрымцы іх імкнення да прафесійнага росту і любові да сваёй справы, прадпрыемства і краіны ў цэлым.



Чакаецца, што конкурс стане не проста пляцоўкай для творчага самавыяўлення, а сапраўдным фоталетапісам аб жанчынах, якія штодзень ствараюць, развіваюць, натхняюць і захоўваюць лепшыя традыцыі беларускага грамадства.

Фотаконкурс таксама стане магчымасцю адкрыць новыя імёны ў сферы аўтарскай фатаграфіі і паказаць праз аб’ектыў шчырыя гісторыі жанчын розных прафесій і пакаленняў.

Да ўдзелу дапускаюцца работніцы арганізацый краіны, якія з’яўляюцца членамі прафсаюзаў. Конкурс будзе праходзіць па кастрычнік 2026 года ў два этапы — абласны і рэспубліканскі. На першым этапе лепшыя работы вызначаць у рэгіёнах, пасля чаго яны прадоўжаць спаборніцтва ўжо на рэспубліканскім узроўні.

Як адзначылі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў, конкурс дапаможа па-новаму зірнуць на штодзённую працу жанчын, убачыць за прафесіяй асобу і яшчэ раз падкрэсліць, што менавіта жанчыны шмат у чым з’яўляюцца апорай сям’і і свайго працоўнага калектыву.

Ацэньваць фотаработы будзе экспертная камісія, у склад якой увойдуць не толькі прадстаўнікі прафсаюзаў, але і запрошаныя спецыялісты ў галіне культуры і фотамастацтва.

Па выніках конкурсу будуць вызначаны тры пераможцы. Разам з тым арганізатары пакідаюць за сабой права засноўваць дадатковыя намінацыі. Напрыклад, ужо мяркуецца даць магчымасць фіналістам пазмагацца ў намінацыі «Прыз сімпатый гледачоў». Галасаванне мяркуецца правесці на пляцоўцы афіцыйнага тэлеграм-канала ФПБ.

Завяршэннем праекта стане стварэнне тэматычнага фотаальбома, а таксама арганізацыя ў нацыянальным прафцэнтры выстаўкі найлепшых конкурсных работ. Чакаецца, што экспазіцыя стане яркім адлюстраваннем ролі беларускай жанчыны ў сучасным грамадстве — моцнай, прафесійнай, таленавітай і адданай сваёй справе.

Падрабязней аб удзеле ў конкурсе, тэхнічных патрабаваннях можна азнаёміцца на інтэрнэт-партале Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю