Тэма адзінага дня інфармавання гучала як «Подзвігу народа жыць у вяках» і датычылася гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.
Зносіны са студэнтамі і іх настаўнікамі Юрый Фралоў, якога суправаджалі кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёна Мікалай Палякоў і рэктар Акадэміі Андрэй Зяневіч, пачаў яшчэ на подступах да актавай залы. На добрыя чвэрць гадзіны затрымаўшыся ў фае, ён прадметна азнаёміўся з экспазіцыяй студэнцкіх ініцыятыў. Адна з іх аказалася сугучнай тэме дня інфармавання: маладыя людзі грунтоўна расказвалі аб рабоце ваенна-патрыятычнага клуба імя генерал-маёра М. А. Плоткіна. З’явіўся ён у Акадэміі ў лютым гэтага года, а сёння ў ім ужо два з паловай дзясяткі ўдзельнікаў, у ліку якіх і навучэнцы Віцебскага філіяла.
«Атрымаў вялікае задавальненне ад знаёмства з вамі, вашымі ідэямі і ініцыятывамі», — падзякаваў маладым людзям Юрый Фралоў. Расказваючы пра самаадданасць і гераізм, праяўлены нашымі дзядулямі і бабулямі ў гады самай кровапралітнай вайны ў гісторыі чалавецтва, ён акцэнтаваў: «Гаварыць пра гэта трэба і важна — каб шанаваць тое, што маем, ганарыцца тым, чаго дасягнулі, выхоўваць правільна моладзь. Усё гэта для таго, каб жыць у міры і не дапускаць гарачых падзей, падобных тым, якія здарыліся ў 40-х гадах мінулага стагоддзя на нашай зямлі. На тым гераічным фронце, без перабольшання, вырашаўся лёс не толькі нашага народа, але ўсяго чалавецтва».
На акупаваных землях, і перш за ўсё на беларускіх, з першых дзён вайны падняліся больш за адзін мільён партызан і падпольшчыкаў. Гэтая народная армія стала важным фактарам фарміравання падмурка будучай Перамогі. Менавіта на тэрыторыі Беларусі адбыўся першы партызанскі бой Вялікай Айчыннай. «Тут, на тэрыторыі Беларусі, у пачатковы перыяд вайны гітлераўцы страцілі больш салдат і афіцэраў, чым за ўсе папярэднія кампаніі з 1939 года», — адзначыў Юрый Фралоў.

У радах дзеючай арміі змагаліся больш за 1,3 мільёна беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. У баях за Беларусь плячом да пляча бралі ўдзел прадстаўнікі больш як 70 нацыянальнасцяў. Работа над сістэматызацыяй звестак пра вайну працягваецца. Як следства, адкрываюцца раней невядомыя старонкі. Дакладчык дэталізаваў: «Па апошніх дадзеных Генеральнай пракуратуры, на тэрыторыі Беларусі фашысцкія карнікі арганізавалі звыш 578 лагераў смерці. Пацверджана знішчэнне не менш за 12 348 вёсак. Сёстрамі Хатыні сталі 288 вёсак. За гады вайны з тэрыторыі БССР вывезена больш за 380 тысяч чалавек, з якіх многія загінулі ад невыносных умоў эксплуатацыі».
Масавы характар насіў і згон на прымусовыя работы дзяцей. Непасрэдных сведак тых страшных падзей, падкрэсліў Юрый Фралоў, сярод нас усё менш і менш, атрымаць інфармацыю з першых вуснаў складаней і складаней, але для захавання памяці ў краіне робіцца ўсё: «Наша з вамі задача — памятаць і перадаваць гэтую памяць наступным пакаленням».
Паводле звестак Міністэрства абароны, дапоўніў дакладчык, за час дзейнасці 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна выяўлены, выняты і перададзены для пахавання астанкі больш за 50 тысяч загінуўшых. Створаны ўнікальны праект «Партызаны Беларусі»: на сайце праекта можна знайсці звесткі аб баявым шляху партызанскіх атрадаў і злучэнняў, узнагародныя лісты, іншую змястоўную інфармацыю. «Я асабіста, напрыклад, знайшоў на гэтым сайце інфармацыю пра свайго дзядулю, які ў гады вайны быў партызанам», — адзначыў Юрый Фралоў.
Расказаў дакладчык і пра асаблівасці ваеннага парада, прысвечанага 80-годдзю Перамогі. Ён будзе складацца з дзвюх частак: гістарычнай, пабудаванай на элементах Парада Перамогі 1945-га, дзе можна будзе ўбачыць танкі Т-34, тачанкі з кулямётамі, іншую тэхніку тых часоў, і сучаснай — з узорамі найноўшага ўзбраення. Вынікі той важнай Перамогі, канстатаваў Юрый Фралоў, — у сённяшніх сацыяльна-эканамічных рэаліях. Так, у рэйтынгу дасягнення мэт устойлівага развіцця Беларусь займае 30-е месца сярод 160 краін: гэта самая высокая пазіцыя ў СНД. Па вытворчасці малака на душу насельніцтва ў краіны і зусім 1-е месца ў свеце. Геаграфія экспарту беларускіх прадуктаў харчавання налічвае 116 краін. А яшчэ Беларусь — у першых дзясятках краін з самай нізкай дзіцячай смяротнасцю і па колькасці грамадзян з вышэйшай адукацыяй.

Закрануўшы тэму развіцця Мінска, Юрый Фралоў расказаў аб тым, што будуемы смеццеперапрацоўчы завод дазволіць уцягваць у гаспадарчы абарот каля 90 % другасных матэрыяльных рэсурсаў. Работы па рэканструкцыі ачышчальнай станцыі «Мінскводаканала» павінны завяршыцца да 2030 года. За апошнія тры гады адрамантаваны 22 маставыя збудаванні і пуцеправоды, пяць у рамонце зараз, яшчэ 12 адрамантуюць на працягу бліжэйшых двух-трох гадоў. Будзе завершана маштабная работа па абследаванні стану і ліквідацыі дэфектаў, якой ахапілі ўсе 113 аб’ектаў. Сёння ў Мінску 300 кіламетраў веладарожак, да 2030 года плануецца пабудаваць яшчэ 80 кіламетраў, і работа па стварэнні комплекснай сістэмы веласіпедных сувязяў горада будзе завершана. «Робіцца ўсё, каб стварыць найбольш спрыяльныя ўмовы для жыцця. Галоўнае, каб быў мір — толькі ў мірных умовах магчымае развіццё», — падкрэсліў дакладчык.
Сустрэча прайшла ў нязмушанай атмасферы. Магчымасць выказацца і быць пачутым меў любы жадаючы, прычым па самых розных тэмах. Так, прагучала пытанне аб тым, якім Юрый Фралоў бачыць Беларусь у найбліжэйшай будучыні. «Бачу, што наша краіна будзе паступальна развівацца ва ўсіх сферах. Для гэтага важна захоўваць самаідэнтычнасць і вернасць гістарычным традыцыям. Людзі ў нас працавітыя і ініцыятыўныя, у нас светлыя галовы, таму, упэўнены, усё будзе добра», — адказаў дакладчык.
Яшчэ пытанне: якія ўрокі можна атрымаць з падзей Вялікай Айчыннай, у тым ліку для ўрэгулявання сучасных канфліктаў? — «Трэба быць моцнымі з ваеннага пункту гледжання: мы павінны трымаць порах сухім. Вельмі важна быць згуртаванымі, моцнымі тэхналагічна і эканамічна: эканоміка — аснова ўсіх сацыяльных і палітычных працэсаў. Наша краіна нікому не пагражае, мы не прэтэндуем ні на якія тэрыторыі. Мы хочам жыць у міры і згодзе з нашымі суседзямі. Мы павінны заставацца моцнымі, навучанымі, падрыхтаванымі: хочаш міру — рыхтуйся да вайны. Цяпер на першы план выходзіць інфармацыйная вайна: праз сродкі камунікацыі можна закласці ў розумы людзей усё што заўгодна, у тым ліку агрэсію ў адносінах да людзей іншай нацыянальнасці, расы, іншага веравызнання. У гэтых адносінах мы таксама павінны быць гатовыя супрацьстаяць уплыву дэструктыўных сіл».
Прагучала пытанне і ў адрас кіраўніка Партызанскага раёна: ці няма, выпадкова, планаў зносіць старыя дамы ў завулку Шчарбакова, якія будавалі палонныя немцы 80 гадоў таму? «Няма такіх планаў, каб зносіць Трактаразаводскі пасёлак. Гэта ўтульны куток Мінска, са сваім духам, сваёй архітэктурай. Мы актыўна праводзім там капітальны рамонт, асобныя ўчасткі адведзены пад будаўніцтва, але ніяк не за кошт зносу жылля», — адзначыў Мікалай Палякоў.
Вяртаючыся да тэмы адзінага дня інфармавання, Юрый Фралоў рэзюмаваў: «Літаральна праз некалькі дзён мы будзем адзначаць 80-годдзе Вялікай Перамогі. Памяць пра гераізм нашых продкаў важная перш за ўсё для таго, каб не паўтарыліся падзеі тых гадоў, каб мы жылі ў міры, згодзе, адзінстве. А значыць, гэтую памяць трэба несці праз стагоддзі, перадаючы наступным пакаленням».
Фота БелТА