Не так даўно да мяне на работу наведаліся знаёмыя дачкі і ўнучкі туркменскага пісьменніка Ашыра Назарава. Перадалі ад сям’і нашчадкаў даўняга майго сябра прывітанне і новую кнігу празаіка-франтавіка, якую за свае сродкі выдалі ў Ашхабадзе... Абрадаваўшыся гэтай сустрэчы, я шмат што ўспомніў з сярэдзіны 1980-х...
Так, падчас маіх ашхабадскіх гадоў быў сярод маіх знаёмых і празаік Ашыр Назараў. Франтавік, ваенны журналіст, ён тады, у сярэдзіне 1980-х, працаваў у Саюзе пісьменнікаў Туркменскай ССР.
Заўсёды акуратны, падцягнуты, ён рабіў уражанне чалавека, у якога за плячыма — афіцэрская служба. Такім былі мае меркаванні пры першых выпадковых сустрэчах у Саюзе пісьменнікаў, калі я наведваўся да Агагельды Аланазарава, Атамурада Атабаева, Нарклыча Хаджагельдыева, калі прыходзіў у рэдакцыі часопісаў «Ашхабад» і «Савет эдэбіяты» да Валянціна Рыбіна, Аляксандра Гоўберга, Аналі Бердыева. Рэдакцыі вядучых туркменскіх часопісаў у тыя часы таксама месціліся ва ўтульным двухпавярховым дамку па вуліцы Азадзі, дом 5. Азадзі... Гэтая вуліца называлася ў гонар бацькі класіка туркменскай паэзіі, таксама вялікага паэта... Так пасля і аказалася, высветлілася ў час непасрэднага нашага знаёмства, што Ашыр Назараў мае «афіцэрскую костачку»... Калі мы сышліся, знайшлі нейкія агульныя прыцягальныя адзін да аднаго моманты, Ашыр-ага нямала расказваў пра франтавыя гады, пра тое, як ужо пасля Вялікай Айчыннай вайны, у другой палове 1940-х гадоў, служыў у газеце Туркестанскай ваеннай акругі «Фрунзевец»... І я, ужо тады ведаючы сёе-тое пра жыццё народнага песняра Беларусі Якуба Коласа ў Ташкенце, ва Узбекістане, пра тое, што і ён зазіраў у рэдакцыю вайсковай газеты на вуліцу Сапёрную, падумаў, што падпалкоўнік Назараў гартаў нумары «Фрунзевца» ваеннага часу. Адкрываў для сябе вершы і артыкулы з болем і думкамі Коласа пра Беларусь, якую тапталі боты фашысцкай погані...
А ў адну з нашых сустрэч Ашыр Назараў падарыў мне сваю кнігу, якая выйшла ў Маскве ў выдавецтве «Советский писатель» — зборнік, што складаўся з аповесці, апавяданняў і нарысаў, «Сонечнае святло».
І тады, у сярэдзіне 1980-х, і пасля, я неаднойчы зноў і зноў перачытваў аповесць, апавяданні Ашыра Назарава. Няхітрыя па сваёй мастацкай пабудове, без лішняга творчага штукарства, яны былі напоўнены багатым дакументальным матэрыялам пра чалавека на вайне, пра тое, як вайна пасля застаецца ў сэрцах, свядомасці людзей. Гэтыя аповеды прыцягвалі і прадаўжаюць прыцягваць. Яны ў многім падобныя на самыя праўдзівыя дакументы таго часу.
Апавяданні, нарысы напісаны непасрэдным удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны... Гэта і цяпер надзвычай важна. Уражвала пры знаёмстве са зборнікам і тое, што Ашыр Назараў не проста драматычныя, багатыя на дзеі сюжэты браў за аснову. Ён стараўся паказаць партрэты сваіх сучаснікаў, з якімі сустрэўся на фронце, праз прызму звычайнага чалавечага ўспрыняцця вайны і яе наступстваў. У апавяданнях, праўда, і крыху гераічнага прысутнічае. Але асноўным у творах з’яўляецца іншае: пераказ душэўных, унутраных перажыванняў герояў...
Можа быць, з-за гэтага яго даўно знаёмыя мне апавяданні чытаюцца і сёння як самыя вялікія і няхітрыя шчырыя споведзі? Апавяданні пра салдата-героя, які разгубіўся перад мірным жыццём і стаў горкім п’яніцам. А ўсё з-за таго, што ён не ўладкаваўся ў мірным жыцці, а на фронт пайшоў зусім юным. Там ён набываў ваенны вопыт існавання ў гэтым свеце, а мірнага жыцця як дарослы чалавек і не ведаў зусім... Апавяданне пра жанчыну, якая выбрала сабе мужам сляпога франтавіка. І сям’я ў іх атрымалася такая, што лепей і не прыдумаеш. Пра беларускага падлетка Міколу, хлопчыка са спаленай вёскі, дзіця, якое следам за партызанамі ідзе на фронт: яму ж трэба адпомсціць за сваю матулю, што засталася ў фашысцкім пекле. У «Сонечным святле» — і аповесць пра туркменскага генерала Якуба Куліева... Гэта пад яго кіраўніцтвам 21-я горна-кавалерыйская дывізія вяла ўпартыя баі ў жніўні 1941 года ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Куліеў трапіў у акружэнне, дывізія была ўшчэнт разбіта. Але разам з невялікай купкай байцоў камандзір вырваўся. Генерал-маёр Куліеў быў цяжка паранены ў адным з баёў на Сталінградскім фронце. І памёр па дарозе ў палявы шпіталь 20 снежня 1942 года. Пахаваны суайчыннік Ашыра Назарава ў родным яму туркменскім горадзе Мары, на беразе ракі Мургаб. Пісьменнік неаднойчы наведваўся ў Мары, прыходзіў на месца апошняга прытулку свайго героя... У кнізе «Сонечнае святло» — і аповед пра Героя Савецкага Саюза Курбана Дурды, які першым з туркменаў быў уганараваны гэтым званнем.
Канешне ж, пры сустрэчах з Ашырам Назаравым мы шмат размаўлялі пра ваенную літаратуру. Пра пісьменнікаў-франтавікоў — калег майго старэйшага сябра па Саюзе пісьменнікаў Туркменістана. Пра Чары Ашырава, Сейітніяза Атаева, Анакулі Мамедкуліева (яшчэ ў час вайны ён напісаў паэму пра партызанскага камандзіра Канстанціна Заслонава, выдаў гэты твор асобнай кнігай на туркменскай мове)... Мы размаўлялі пра іх новыя кнігі, а таксама пра тое, што пішуць беларускія пісьменнікі-франтавікі.

У тыя гады я ліставаўся з народнымі паэтамі Беларусі Максімам Танкам, Піменам Панчанкам, празаікам Аркадзем Марціновічам, крытыкам, літаратуразнаўцам, празаікам, аўтарам «Партызанскай дылогіі» Алесем Адамовічам. У кожнага з іх была свая вайна... І, вядома ж, расказваў пра свае стасункі з беларускімі пісьменнікамі Ашыру Назараву. Аркадзь Марціновіч, аўтар рамана «Не шукай слядоў сваіх», у перыяд Вялікай Айчыннай вайны некаторы час знаходзіўся ў тылавой часці непадалёку ад Ашхабада. Здзіўляла непадробная цікавасць Ашыра Назарава да дэталей, чужой памяці пра вайну.
Ашыр Назараў часта згадваў і пра сваю франтавую повязь з Беларуссю. А ён жа ваяваў і ў Беларусі, вызваляў ад фашысцкіх захопнікаў Віцебшчыну. Ваяваў у складзе 90-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Дарэчы, гэтае злучэнне атрымала ганаровую назву «Віцебская»... Ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені афіцэр-палітработнік Ашыр Назараў узнагароджаны ў лютым 1944 года за тое, што вызначыўся ў баі на тэрыторыі Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці. Сярод іншых узнагарод туркменскага пісьменніка — і ордэн Чырвонай Зоркі, і медалі «За баявыя заслугі», «За абарону Сталінграда»...
І з боку Ашыра Назарава была цікавасць да мяне. Пры кожнай сустрэчы ён распытваў мяне, дзе і што я надрукаваў, ці пішу для акруговай газеты «Фрунзевец», рэдакцыя якой знаходзілася ў Ташкенце. Прасіў мяне прыносіць яму нумары салдацкай шматтыражкі, дзе я тады служыў. Размовы заўсёды насілі характар добразычлівы, прыязны. Але і заўвагі ён тактоўна, спакойна выказваў, калі гэта датычылася артыкулаў, нарысаў, карэспандэнцый. Гаварыў, што вось ён напісаў бы крыху іначай, стараўся ніколі не навязваць сваю думку... Але гэтыя парады, выкладзеныя старэйшым літаратарам, чалавекам, які меў за плячыма і багаты журналісцкі досвед, заўсёды былі на карысць. Ашыр-ага выглядаў чуйным педагогам, востра разумеў і тое, што няпроста было мне ўдалечыні ад роднай старонкі, падказваў, каб я не забываўся пісаць і ў беларускія выданні... Вось гэтая чуласць пісьменніка-франтавіка і запомнілася мне болей за ўсё. Па такіх людзях, як франтавік Ашыр, я і сёння мяркую пра Туркменістан, пра яго народ.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ