Футбалісты зборнай Францыі першымі прабіліся ў паўфінал чэмпіянату свету, паведамляе БелТА.
У стартавым паядынку чвэрцьфінальнай стадыі віцэ-чэмпіёны планеты перамаглі ў Фоксбара каманду Марока з лікам 2:0. З першых хвілін абедзве каманды пачалі гуляць на высокіх хуткасцях, шмат атакавалі, але французы былі бліжэй да ўзяцця варот. У самай сярэдзіне першага тайма іх лідар Кіліян Мбапэ зарабіў пенальці, аднак яго ўдар «з кропкі» ўзяў галкіпер Ясін Буну. У канцы гадзіны гульнявога часу Мбапэ выправіўся, калі эфектна паразіў вароты сапернікаў ударам з лініі штрафной плошчы. Ён дагнаў найлепшага бамбардзіра цяперашняга сусветнага першынства Ліянэля Месі — цяпер у абодвух па 8 забітых мячоў. Яшчэ праз пяць хвілін Усман Дэмбеле падвоіў перавагу французскай зборнай, устанавіўшы канчатковы рэзультат.
На гэтым першынстве французы ідуць без страт. На папярэднім этапе яны сталі першымі ў групе І, атрымаўшы перамогу над футбалістамі Сенегала (3:1), Ірака (3:0) і Нарвегіі (4:1). У 1/16 фіналу падапечныя Дзідзье Дэшама перамаглі Швецыю — 3:0 і Парагвай — 1:0. У паўфінале сапернікам каманды Дзідзье Дэшама будзе пераможца матчу Іспанія — Бельгія, які адбудзецца ў Лос-Анджэлесе 10 ліпеня (пачатак у 22.00).
Расклад астатніх сустрэч 1/4 фіналу:
12 ліпеня — 00.00 Англія — Нарвегія (Маямі); 4.00 Аргенціна — Швейцарыя (Канзас-Сіці).
Паўфінальныя баталіі пройдуць 14 і 15 ліпеня ў Даласе і Атланце. Няўдачнікі паўфіналаў 19 ліпеня ў Маямі сустрэнуцца ў матчы за трэцяе месца, а пераможцы ў Нью-Ёрку згуляюць у вырашальным паядынку за чэмпіёнскі тытул. Усе сустрэчы 23-га па ліку сусветнага першынства трансліруюцца ў прамым эфіры тэлеканала «Спорт ТБ».
У фінальным паядынку чэмпіянату планеты 2022 года ў Катары зборная Аргенціны перамагла ў серыі пасляматчавых пенальці каманду Францыі — 4:2 (гульнявы час — 3:3), у гульні за бронзу харваты перамаглі мараканцаў з лікам 2:1. Зборная Бразіліі пяць разоў станавілася чэмпіёнам свету, у Італіі і Германіі па чатыры тытулы, тры — у Аргенціны, па два — у Францыі і Уругвая, па адным разе перамагалі футбалісты Англіі і Іспаніі.