У Францыі з-за анамальна высокіх тэмператур загінулі два чалавекі, звыш 300 былі шпіталізаваныя, паведамляе «РИА Новости».
Паводле даных аднаго з прадстаўнікоў улады, за апошні час у рэгіёне Іль-дэ-Франс колькасць экстраных выклікаў павялічылася на 15 %.
У цяперашні час нацыянальная метэаралагічная служба захоўвае чырвоны (максімальны) узровень небяспекі ў чатырох дэпартаментах. У Парыжы пагроза зніжана да аранжавага ўзроўню, які таксама дзейнічае ў больш за 50 дэпартаментах, ахопліваючы дзве траціны тэрыторыі краіны.
Днём раней, 1 ліпеня, тэмпература перавышала 34 °C амаль па ўсёй Францыі, а ў найбольш пацярпелых рэгіёнах дасягала 38-41 °C. У сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я былі зачыненыя 2,2 тыс. школ.