Top.Mail.Ru

ФСАН растлумачыў навацыі ў дзяржстрахаванні і пенсіённым забеспячэнні

Дыстанцыйна, аўтаматызавана, без падачы дакументаў

Днямі кіраўнік дзяржавы падпісаў Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пенсіённага забеспячэння». Пераважная большасць нормаў дакумента ўступаюць у дзеянне праз месяц пасля яго афіцыйнага апублікавання. Асноўныя змяненні датычацца плацельшчыкаў падатку на прафдаход, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў, якія плацяць падаходны падатак (для ІП-плацельшчыкаў адзінага падатку ўмовы не змяняюцца), самазанятых. Расказваем пра асноўныя навацыі.

Для павышэння сацыяльных гарантый

Як адзначыў кіраўнік Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вадзім ШЭПЯЛЕВІЧ, новы заканадаўчы акт прыняты з мэтамі павышэння сацыяльных гарантый грамадзян, прымянення больш справядлівых падыходаў да ўсіх удзельнікаў абавязковага дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, а таксама прывядзення ў адпаведнасць нормаў аб абавязковым дзяржаўным сацыяльным страхаванні з сумежным заканадаўствам. Закон уносіць змяненні і дапаўненні ў сем заканадаўчых актаў.

Першая новая норма датычыцца плацельшчыкаў падатку на прафесійны даход. Нагадаем, такая катэгорыя плацельшчыкаў з’явілася ў 2023 годзе. Гэта грамадзяне, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю. У іх спрошчаная рэгістрацыя праз мабільны дадатак Міністэрства па падатках і зборах, дзе яны адлюстроўваюць свой даход. Адлічэнні, якія яны робяць у ФСАН з гэтага даходу, невялікія. Адпаведна, большасць такіх прадпрымальнікаў, калі гэта іх адзіны від дзейнасці, не маглі фарміраваць свае пенсіённыя гарантыі.

— Каб сфарміраваць год страхавога стажу, узносы ў бюджэт фонду на пенсіённае страхаванне павінны плаціцца з памеру, не ніжэйшага за мінімальную заработную плату. За год гэта сума складае 12 мінімальных заработных плат, памножаных на 29 %, — тая неабходная сума, якая фарміруе год страхавога стажу. Мы працуем з гэтай катэгорыяй з 2023 года і бачым, што стаж у іх не фарміруецца. Таму мы прапануем рабіць даплаты дадзенай катэгорыі плацельшчыкаў, каб сфарміраваць яго. Згодна з прынятым законам, калі плацельшчык падатку на прафдаход ажыццяўляў дзейнасць і меў даход, мы разлічым, колькі трэба даплаціць. І ён пры жаданні можа скарыстацца такой магчымасцю, каб сфарміраваць стаж, — патлумачыла намеснік кіраўніка Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Кацярына ЛІХАЧОВА.

Узнос для некаторых ІП зменшыцца

Другая навацыя датычыцца індывідуальных прадпрымальнікаў. Для іх спрашчаецца і змяняецца парадак дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Да прыняцца закона яны выплачвалі ўзнос у ФСАН ад сумы ўстаноўленага імі даходу, але не ніжэй чым з памеру 12 мінімальных заработных плат. Цяпер узнос можа быць і меншым, калі фактычны даход быў ніжэйшым.

— Калі чысты даход (выручка мінус расходы) не перавышае 12 мінімальных заработных плат за год, узнос плаціцца з фактычнага даходу. Гэта тая норма, якую ў нас прасілі многія прадпрымальнікі. Калі даход дасягае і перавышае 12 мінімальных заробкаў, узносы выплачваюцца як і раней — 35 % ад памеру 12 мінімальных заработных плат, — пракаментавала Кацярына Ліхачова. — Гэта зручна яшчэ і тым, што ўся інфармацыя паступае нам з падатковых органаў, фонд пралічвае запазычанасць, індывідуальным прадпрымальнікам не трэба прадастаўляць дакументы персаніфікаванага ўліку. Мы бачылі, што ёсць складанасці ў падачы гэтых дакументаў, нярэдка трэба было нагадваць, каб прадпрымальнікгэта зрабіў. Цяпер мы цалкам усё аўтаматызавалі: разлічваем запазычанасць, накіроўваем індывідуальнаму прадпрымальніку, ён яе аплачвае, пасля чаго мы самі прадастаўляем дакументы персаніфікаванага ўліку. Цяпер гэта поўнае аддаленае аўтаматызаванае ўзаемадзеянне з індывідуальным прадпрымальнікам.

Трэба адзначыць, што гэта норма датычыцца індывідуальных прадпрымальнікаў — плацельшчыкаў падаходнага падатку. Для другой катэгорыі індывідуальных прадпрымальнікаў — плацельшчыкаў адзінага падатку нічога не змяняецца. За месяцы, за якія аплачаны адзіны падатак, яны таксама пералічваюць узносы, а інфармацыя з падатковых службаў паступае ў ФСАН, які разлічвае суму выплаты і прадастаўляе дакументы персаніфікаванага ўліку.

Запазычанасць «патаннее» на 5 %

Мяняецца і механізм спагнання запазычанасці з фізічных асоб — як правіла, гэта таксама індывідуальныя прадпрымальнікі. Раней, калі ў іх утваралася запазычанасць, работнікі фонду спачатку звярталіся да натарыуса, а пасля перадавалі дакументы ў органы прымусовага выканання для спагнання запазычанасці. Зварот да натарыуса каштаваў 5 % ад самой запазычанасці. Новы закон дазваляе фонду выносіць рашэнне аб спагнанні запазычанасці без натарыуса, адпаведна для даўжніка сума будзе меншай.

А вось меры да наймальнікаў, якія выплачваюць зарплаты «ў канверце», стануць больш жорсткімі.

  • — З імі мы ўзмоцнена працуем, пастаянна выяўляем такія факты. Закон мае шэраг прэвентыўных мер. Той работадаўца, які ідзе на рызыку і выплачвае «шэрую» зарплату, будзе мець наступствы. Таксама павінна назірацца незацікаўленасць і самога работніка ў такім механізме выплаты зарплаты. Згодна з новым законам, калі работадаўца плаціць зарплату «ў канверце», для ўзносаў мы ўстанавілі мінімальны парог, але няма максімальнага. Ён будзе рабіцца з фактычных сум выплат заработнай платы «ў канвертах», але не ніжэй за 1/30 пяціразовай велічыні сярэдняй заработнай платы за кожны дзень яе выплаты такім чынам. Паколькі і работнік удзельнічае ў гэтым працэсе, каб ён быў не зацікаўлены ў «шэрых» схемах, закон прадугледжвае, што ў страхавы стаж для пенсіі будуць улічвацца выплаты з памеру мінімальнай заработнай платы, — аргументавала Кацярына Ліхачова.

Яшчэ адна навацыя датычыцца прафесійнага пенсіённага страхавання. Закон дазваляе павялічыць будучую пенсію работнікам, якія працуюць у асобых умовах.

— Мы атрымлівалі звароты работадаўцаў, калі работнік працуе ў асобых умовах працы. Ёсць аднаразовыя выплаты, і наймальнікі не разумелі, ці варта іх уключаць у аб’ект для налічэння ўзносаў для прафесійнага пенсіённага страхавання. У новым законе прапісана, што ўсе выплаты, якія атрымлівае работнік падчас работы ў асобых умовах працы, ідуць у стаж для фарміравання яго будучай датэрміновай ці дадатковай пенсіі.

Закон устанаўлівае і новы парадак пастаноўкі на ўлік плацельшчыкаў узносаў. Норма датычыцца катэгорый, якія могуць плаціць узнос па жаданні, напрыклад, самазанятыя, што ажыццяўляюць непрадпрымальніцкую дзейнасць, — тыя ж уладальнікі асабістай падсобнай гаспадаркі. Пастаноўка на ўлік будзе арганізавана праз асабісты кабінет застрахаванай асобы. Ажыццявіць гэта можна праз партал фонду ці яго мабільны дадатак. Гэтак жа аддалена можна будзе зняцца з уліку.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю