Top.Mail.Ru

Фуры едуць у абход закрытых пунктаў пропуску, чэргі на граніцы растуць

Нагадаем, Літва з надуманых прычын прыняла пастанову цалкам закрыць наземную мяжу з нашай краінай роўна на месяц, да 30 лістапада 2025 года. У якасці падставы названыя асцярогі, звязаныя з запускам метэазондаў з тэрыторыі Беларусі з кантрабанднымі цыгарэтамі. І цяпер, каб даставіць тавар адрасату ў Еўрасаюз, вадзіцелі фур выбіраюць пакуль адкрытыя польскія і латвійскія пункты пропуску. Гэты паток, натуральна, адбіўся і на чэргах на граніцы.

Чэргі выраслі ў разы

Пераарыентацыя грузавых патокаў прывяла да павелічэння чэргаў на пунктах пропуску з боку Латвіі і Польшчы. Больш падрабязна аб сітуацыі на мяжы з сумежнымі краінамі ЕС у эфіры тэлеканала СТБ расказаў намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Андрэй Бальшакоў.

Ён адзначыў, што ў сувязі з пераарыентацыяй грузапатоку і змяненнем маршрутаў перавозчыкі пачалі звяртацца ў мытню для змены месца дастаўкі і выбару іншага пункта пропуску:

— За апошнія тры дні ў беларускую мытню паступіла каля 150 зваротаў ад перавозчыкаў аб змене пунктаў пропуску «Беняконі» і «Каменны Лог» (на літоўскім напрамку. — Заўв. аўт.) на «Грыгароўшчыну» (латвійскі напрамак. — Заўв. аўт.) і «Казловічы» (польскі. — Заўв. аўт.) з мэтай дастаўкі тавараў канчатковаму спажыўцу ў Еўрапейскім саюзе.

На думку спецыяліста, анансаваная польскім бокам магчымасць адкрыцця новых прапускных пунктаў павінна спрасціць перасячэнне граніцы паміж Беларуссю і Польшчай. Асабліва гэта актуальна для фур, што ідуць праз пункт пропуску «Казловічы», які цяпер застаецца адзіным грузавым пунктам на беларуска-польскай граніцы. Там у чарзе на ўезд у Польшчу фіксавалася каля трох тысяч грузавікоў.

— Пераарыентацыя грузавых патокаў паўплывала на тое, што значна павялічыліся чэргі перад астатнімі двума пунктамі пропуску — «Грыгароўшчына» і «Казловічы». Усяго налічваецца каля чатырох тысяч грузавых аўтамабіляў, з іх больш за тры тысячы толькі ў «Казловічах», — падкрэсліў Андрэй Бальшакоў.

Каму гэта выгадна?

Што датычыцца выкарыстання метэазондаў у якасці дастаўкі кантрабанды, намеснік 

начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення папярэдняга расследавання і прававога забеспячэння аператыўнай дзейнасці Дзяржпагранкамітэта Мікалай Барэйка ў эфіры тэлеканала СТБ расказаў, што сёлета адзначаецца павелічэнне колькасці выпадкаў выкарыстання метэазондаў супрацьпраўнай дзейнасці.

Так, упершыню з выкарыстаннем метэазондаў у якасці кантрабанды Беларусь сутыкнулася прыкладна ў пачатку мінулага года.

— Пасля гэта дзейнасць альбо актывізавалася, альбо мы сталі лепш выяўляць парушэнні, пра што сведчыць інфармацыя, якую мы публікуем у сродках масавай інфармацыі пра такія затрыманні. Калі ў 2024 годзе мы паведамілі аб двух такіх эпізодах (хоць іх нашмат больш), то сёлета ўжо ў 11 выпадках публікавалася інфармацыя аб найбольш яркіх, відавочных парушэннях: затрымлівалі як вялікую колькасць метэазондаў, балонаў з геліем і вадародам, так і асоб, якія спрабавалі ажыццявіць супрацьпраўную дзейнасць, — канстатаваў прадстаўнік пагранічнага ведамства.

Ён растлумачыў, што метэазонд — гэта паветраны шар з абалонкай, якая можа мець белы або шэры колер (у залежнасці ад вытворцы), што напаўняецца вадародам або геліем, і, выкарыстоўваючы законы фізікі, падымаецца ў прастору і ляціць па ветры. Калі метэазонд дасягае свайго пункта, ён альбо прызямляецца, альбо лопаецца, а прымацаванае да яго абсталяванне апускаецца на парашуце.

— Яно абсталёўваецца GPS-трэкерамі, і ва ўсіх выпадках затрыманых метэазондаў і беспілотных лятальных апаратаў адзначана наяўнасць GPS-трэкераў з сім-картамі літоўскіх мабільных аператараў сувязі. Гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, што ў такой дзейнасці зацікаўленыя асобы, якія пражываюць на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі і ў цэлым краін Еўрапейскага саюза, якім выгадна атрымліваць з Рэспублікі Беларусь таварна-матэрыяльныя каштоўнасці для наступнай рэалізацыі ўжо ў сваіх краінах, — рэзюмаваў Мікалай Барэйка.

Кампетэнтна

МЗС: краіны Балтыі для ЕС — гэта тупіковы элемент

Краіны Балтыі для Еўрапейскага саюза з’яўляюцца тупіковым элементам. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1», паведамляе БелТА.

— Калі з намі ўся прастора да Філіпін, то з імі — зусім маленькі лапік зямлі пад назвай Еўрапейскі саюз. Для ўсяго Еўрапейскага саюза гэтыя краіны, асабліва нашы балтыйскія суседзі, з’яўляюцца тупіковым элементам. Калі не будзе перамычкі сюды, на агульную Еўразію, яны нікому непатрэбныя і нецікавыя. Іншымі словамі, гэта такое перыферыйнае развіццё, якое будзе характарызавацца стагнацыяй і дэмаграфічнай прорвай, — выказаў упэўненасць Максім Рыжанкоў.

Меркаванне

У эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Клішэвіч пракаментаваў апошнія інцыдэнты на беларуска-літоўскай граніцы.

Парламентарый расцаніў запуск метэазондаў з кантрабандай як элемент гібрыднага супрацьстаяння.
— Сёння шары? Значыць, шарамі ўрэгулюем пытанне. Месяц-два пройдзе — з’явяцца мядзведзі або вавёркі. У тым ліку, на жаль, мы бачылі з вамі правакацыі і са смяротнымі зыходамі на граніцы — яны перыядычна адбываюцца. Пытанне больш нават не ў гэтых інцыдэнтах, а палітычнае. Мы бачым, што сёння літоўскае кіраўніцтва не тое каб не хацела мець добрыя адносіны з намі, але ўсяляк спрабуе збіць гэту хвалю пазітыву, якая сістэмна зыходзіць ад нашага кіраўніцтва.
Госць праграмы прааналізаваў магчымыя матывы літоўскага боку:
— Верагодна, яны пралічваюць, што такія інцыдэнты на граніцы і нагнятанне нібыта небяспекі з Беларусі дазволяць ім зарабіць больш у Бруселі, чым яны маглі б зарабіць на транзіце і нармальным функцыянаванні пагранічных пераходаў. Калі палітыкі перастаюць падпарадкоўвацца свайму народу і працаваць на інтарэсы сваіх людзей — а гэта адбываецца тады, калі ўлада рознымі спосабамі стварае выключна паслухмянае палітычнае поле, як гэта адбылося ў Літве, — тады такія палітыкі будуць падпарадкоўвацца выключна іншым цэнтрам прыняцця рашэнняў. Ім да лямпачкі і простыя літоўцы, якія жывуць у тым ліку і ў прыграніччы, і свая эканоміка. Яны нанятыя іншымі людзьмі для выканання зусім іншых задач.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю