У Мінску падведзены вынікі футбольнага сезона 2025 года, паведамляе «Мінская Праўда».
Ва ўрачыстай абстаноўцы адбывалася цырымонія закрыцця мінулага футбольнага сезона краіны «Зорны мяч — 2025». Старшыня асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Яўген Булойчык падзякаваў усім футбалістам, трэнерам, журналістам, якія пішуць на спартыўныя тэмы, за прадастаўленае балельшчыкам на стадыёнах і шматмільённай арміі гледачоў каля экранаў тэлевізараў задавальненне.
І Узда не на апошніх ролях
У маляўнічай цырымоніі знайшлося месца і для адзнакі дасягненняў уздзенскіх футбалістаў. У выступленні кіраўніка АБФФ прагучалі пахвальныя словы аб мясцовай камандзе, якая выйграла кубак Мінскай вобласці, а затым і Кубак рэгіёнаў Беларусі, а ў наступным годзе будзе змагацца за перамогу ў Кубку рэгіёнаў УЕФА.
Гулец каманды «МЛ Віцебск» Руслан Лісаковіч, які пачынаў сваю спартыўную кар’еру ва Уздзе, гуляў за гродзенскі «Нёман» і сталічны ФК «Мінск», прызнаны найлепшым паўабаронцам чэмпіянату ў вышэйшай лізе, а яго гол, забіты ў вароты «Мінска», названы найлепшым голам сезона.