У першым паўфінальным паядынку групы 3 у казахстанскім Актобе чэмпіёнкі Беларусі сустрэнуцца са швейцарскім «Серветам» з Жэневы (пачатак гульні ў 10.00). Галоўным суддзёй гэтай сустрэчы прызначаная Алена Кумер з Харватыі. У выпадку перамогі над швейцаркамі мінчанкі 7 жніўня згуляюць з пераможцам паўфінальнай гульні «Брэйдаблі» (Ісландыя) — «Актобэ» (Казахстан). Пераможцы чатырох груп выйдуць у трэці адборачны этап ЛЧ. Каманды, якія зоймуць другія месцы, працягнуць выступленне ў другім адборачным крузе Кубка Еўропы. Клубы, якія фінішуюць трэцімі, выступяць у першым кваліфікацыйным раўндзе жаночага Кубка Еўропы.
У мінулым сезоне ў жаночай Лізе чэмпіёнаў Беларусь прадстаўлялі «Дынама-БДУФК» і «Мінск». Абедзве каманды не змаглі прабіцца ў асноўны этап, завяршыўшы выступленне ў другім адборачным раўндзе. Пераможцам стала іспанская «Барселона», якая разграміла ў фінальным матчы футбалістак французскага «Ліёна» з лікам 4:0.