Гэты трафей клубу з Гродна дастаўся ўжо ў трэці раз — упершыню ўладальнікамі ганаровага трафея яны сталі яшчэ ў далёкім 1993-м, паўтарыць поспех змаглі толькі праз 31 год — летась. І вось другі год запар Кубак зноў у горадзе над Нёманам.
Учора ў Гродне ў вырашальным паядынку 34-га кубкавага розыгрышу каманда Ігара Кавалевіча щ прысутнасці 8000 балельшчыкаў перайграла футбалістаў жодзінскага «Тарпеда-БелАЗа» з вынікам 3:0.

У першым тайме гаспадары мелі перавагу, але адкрыць лік не здолелі. Тарпедаўцы правялі некалькі вострых контратак, але таксама не змаглі вызначыцца. У пачатку другой паловы сустрэчы «Нёман» стрэліў дуплетам — на 56-й хвіліне вызначыўся капітан каманды Іван Садаўнічы, а яшчэ праз тры хвіліны другі мяч у вароты гасцей забіў Сяргей Пушнякоў. Апынуўшыся ў ролі даганяючых, падапечныя Дзмітрыя Молаша спрабавалі адыграцца, але ў іх нічога не атрымалася. Затое гаспадары, якія злавілі кураж, яшчэ раз парадавалі сваіх балельшчыкаў — на 80-й хвіліне Ягор Зубовіч паставіў апошнюю кропку ў паядынку.
— Прысвячаю перамогу гораду Гродна. Калі я ўзначаліў клуб у 2016 годзе, найцяжэйшы момант быў — каманду трэба было пакінуць у Вышэйшай лізе. У 2002-м я гуляў за «Нёман» пры поўных трыбунах. Я хацеў сабраць трыбуны і сказаў, што для мяне, як для трэнера, галоўнай узнагародай будуць поўныя трыбуны. Сённ яны ны сабраліся, — адзначыў у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь-5» галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч.
