Top.Mail.Ru

Футбалісты Іспаніі другі раз прабіліся ў фінал чэмпіянату свету

Футбалісты зборнай Іспаніі сталі першымі фіналістамі чэмпіянату свету, паведамляе БелТА.


У першым паўфінальным паядынку дзейныя чэмпіёны Еўропы перамаглі ў Даласе віцэ-чэмпіёнаў планеты футбалістаў Францыі з лікам 2:0. Французы адразу пайшлі наперад, але забіць ім не ўдалося. Больш за тое, у сярэдзіне першага тайма яны апынуліся ў ролі даганяючых: Люка Дзінь збіў у сваёй штрафной плошчы Ламіна Ямаля, а Мікель Аярсабаль дакладна рэалізаваў пенальці. Неўзабаве пасля перапынку падапечныя Дзідзье Дэшама прапусцілі і другі мяч — на зыходзе гадзіны гульнявога часу Педра Пора дакладным ударам завяршыў хуткі напад іспанцаў. 

Французы спрабавалі арганізаваць штурм у адказ, але ні ў Кіліяна Мбапэ, ні ў яго партнёраў так нічога і не атрымалася. Дзякуючы ўпэўненай гульні іспанцаў, якія на гэтым турніры прапусцілі ўсяго адзін мяч. Футбалісты Іспаніі другі раз у гісторыі згуляюць у фінале чэмпіянату свету, у 2010 годзе яны заваявалі золата сусветнага першынства ў ПАР.

Сапернік іспанскай зборнай па вырашальным матчы вызначыцца 15 ліпеня ў Атланце пасля сустрэчы дзейных чэмпіёнаў планеты аргенцінцаў і футбалістаў Англіі. Усе паядынкі гэтых каманд праходзяць у жорсткай бескампраміснай барацьбе. Сорак гадоў таму ў чвэрцьфінале ЧС у Мексіцы Дзіега Марадона забіў адзін з самых скандальных галоў у гісторыі футбола, паразіўшы вароты англічан «рукой Бога». Пасля гэтага англійскія футбалісты заўсёды імкнуцца адпомсціць аргенцінцам. На цяперашнім планетарным форуме лідар зборнай Аргенціны Ліянэль Месі забіў ужо восем мячоў, у складзе англічан па шэсць разоў вызначыліся Хары Кейн і Джуд Белінгем.

Для зборнай Англіі цяперашні чэмпіянат свету асаблівы — роўна 60 гадоў таму родапачынальнікі футбола ў сябе на радзіме заваявалі чэмпіёнскі тытул і зараз жадаюць паўтарыць гэты поспех. Золата ЧС-1966 застаецца адзіным у паслужным спісе англійскай зборнай на топ-турнірах.

Удзельнікі паўфіналаў 19 ліпеня ў Маямі сустрэнуцца ў матчы за трэцяе месца, а пераможцы ў Нью-Ёрку згуляюць у вырашальным паядынку за чэмпіёнскі тытул.

У фінале чэмпіянату планеты 2022 года ў Катары зборная Аргенціны адолела ў серыі пасляматчавых пенальці каманду Францыі — 4:2 (гульнявы час — 3:3), у гульні за бронзу харваты перамаглі мараканцаў з лікам 2:1. 

Зборная Бразіліі пяць разоў станавілася чэмпіёнам свету, у Італіі і Германіі па чатыры тытулы, тры — у Аргенціны, па два — у Францыі і Уругвая, па адным разе перамагалі футбалісты Англіі і Іспаніі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю