Футбалісты зборных Іспаніі і Бельгіі прабіліся ў чвэрцьфінал чэмпіянату свету, паведаміла БелТА.
У напружаным пірэнейскім процістаянні іспанцы змаглі перамагчы каманду Партугаліі з лікам 1:0.
Першая палавіна гульні ў Даласе прайшла з невялікай перавагай іспанскіх футбалістаў, але выйсці наперад ім не ўдалося. Пасля перапынку гульня выраўнавалася, справа ішла да авертайма, але на першай кампенсаванай мінуце Мікель Мерына, які выйшаў на замену, прынёс перамогу іспанскай камандзе.
У барацьбе за выхад у паўфінал яна будзе сапернічаць са зборнай Бельгіі. Бельгійцы атрымалі ўпэўненую вікторыю над камандай ЗША — 4:1. Галявы дубль у гэтай сустрэчы аформіў Шарль дэ Кетэларэ, у актыве якога яшчэ і рэзультатыўная перадача на Ханса Ванакена, які забіваў трэці гол, а апошнюю кропку незадоўга да фінальнага свістка паставіў Рамелу Лукаку. Амерыканцы змаглі адказаць толькі дакладным ударам Маліка Тыльмана. Пасля вылету зборнай ЗША на турніры не засталося ні аднаго з трох яго гаспадароў — раней паражэнні пацярпелі футбалісты Канады і Мексікі.
У чвэрцьфінале таксама згуляюць: Францыя — Марока, Нарвегія — Англія. Апошняя пара чвэрцьфіналістаў вызначыцца вечарам 7 ліпеня пасля заключных паядынкаў 1/8 фіналу: Аргенціна — Егіпет (пачатак гульні ў 19.00), Швейцарыя — Калумбія (пачатак гульні ў 23.00). Усе сустрэчы сусветнага першынства трансліруе тэлеканал «Спорт ТБ».
Чвэрцьфінальныя матчы адбудуцца з 9 па 12 ліпеня, паўфіналы — 14 і 15 ліпеня. Чэмпіён свету вызначыцца 19 ліпеня.