Футбалісты мінскага «Дынама» правядуць паядынак у адказ першага кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў з балгарскім «Лудагорцам», паведамляе БелТА.
Тыдзень таму ў першым матчы ў Разградзе падапечныя Вадзіма Скрыпчанкі ўступілі з мінімальнай розніцай у ліку (0:1) і сёння маюць намер узяць рэванш у чэмпіёна Балгарыі. Сённяшні матч рассудзіць грузінская брыгада арбітраў, якую ўзначаліць Георгій Кікачэйшвілі. Сустрэча ў венгерскім Мезёкёвешдзе пачнецца ў 21.45 і будзе паказана ў прамым эфіры тэлеканала «Беларусь 5». Пераможца гэтай пары згуляе ў другім раўндзе ЛЧ з харвацкай «Рыекай». Той, хто прайграе, пяройдзе ў другі раўнд кваліфікацыі Лігі канферэнцый і сустрэнецца з албанскім клубам «Эгнація». У мінулым сезоне чэмпіёны Беларусі і Балгарыі сустракаліся ў другім крузе кваліфікацыі галоўнага кантынентальнага турніру і тады па суме дзвюх сустрэч «Лудагорац» аказаўся мацнейшым — 2:0 і 0:1.
Тры беларускія прадстаўнікі ў кваліфікацыі Лігі канферэнцый свае сустрэчы ў адказ першага круга правядуць заўтра. Гродзенскі «Нёман» у венгерскім Дзьёры будзе сапернічаць з армянскім «Урарту», футбалісты жодзінскага «Тарпеда-БелАЗа» сустрэнуцца ў Скоп’і з паўночнамакедонскім клубам «Работнічкі», а брэсцкае «Дынама» ў венгерскім горадзе Залаэгерсег згуляе з чарнагорскай «Суцьескай». На мінулым тыдні ўсе беларускія клубы атрымалі вікторыі — жодзінскія тарпедаўцы выйгралі з вялікім лікам 3:0, а «Нёман» і «Дынама» перамаглі з аднолькавым рэзультатам 2:1.