Top.Mail.Ru

Футбалісты мінскага «Дынама» выйшлі ў лідары чэмпіянату Беларусі

Футбалісты мінскага «Дынама» выйшлі ў лідары чэмпіянату Беларусі, паведамляе БелТА.


Сёння ў перанесеным матчы 17-га тура дынамаўцы абгулялі ў Бабруйску мясцовую «Белшыну» з вынікам 3:2. Госці засталіся ў меншасці на 17-й хвіліне, калі з поля быў выдалены іх абаронца Максім Швяцоў. Нягледзячы на гэта, дынамаўцы працягвалі атакаваць і праз тры хвіліны Карэн Варданян забіў першы мяч у вароты гаспадароў поля. Яшчэ праз 9 хвілін Арцём Сакалоўскі падвоіў перавагу мінчан, а потым Мікіта Голуб адыграў адзін мяч. Неўзабаве пасля перапынку сапернікі абмяняліся галамі — спачатку вызначыўся дынамаўскі форвард Мустафа Джыме, а затым Мікіта Голуб аформіў дубль.

Дзеючы чэмпіён краіны «МЛ Віцебск» уступіў на полі сталічнага САК «Алімпійскі» футбалістам «Іслачы» з Мінскага раёна з лікам 0:1. Адзіны мяч быў забіты ў самым пачатку другога тайма, калі вароты гасцей паразіў Адэола Алалее.

Становішча ў лідзіруючай групе пасля 26 тураў: «Дынама» (Мінск) — 58 ачкоў, «МЛ Віцебск» — 56, «Іслач» — 55, «Дынама» (Брэст) — 47, «Нёман» — 43. Турнірную табліцу замыкае «Нафтан», які набраў 17 ачкоў, у «Дняпра» на тры балы больш, у актыве БАТЭ 21 ачко. Бамбардзірскую гонку ўзначальвае брэсцкі дынамавец Ягор Корцаў, які забіў 13 мячоў, на адзін гол менш забіў Цімафей Сіманенка з «Гомеля».

У канцы гэтага тыдня пройдуць сустрэчы 27-га тура:

  1. 30 кастрычніка «Арсенал» — БАТЭ;
  2. 31 кастрычніка «Баранавічы» — «Нафтан», «Дынама» (Брэст) — «Віцебск», «Днепр» — «Гомель»;
  3. 1 лістапада «Іслач» — «Славія», «Дынама» (Мінск) — «Нёман», «Тарпеда-БелАЗ» — «Белшына», «МЛ Віцебск» — «Мінск».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю