Top.Mail.Ru

«МЛ Віцебск» упершыню стаў чэмпіёнам Беларусі па футболе

У нядзелю ў дамашнім паядынку 29-га тура чэмпіянату краіны футбалісты з берагоў Дзвіны разграмілі «Гомель» з лікам 5:0 і за тур да фінішу першынства сталі недасягальнымі для сапернікаў.


Лёс гэтага паядынку быў вырашаны ўжо ў першай палове гульні, калі гаспадары поля чатыры разы паразілі вароты гамяльчан. Пачатак разгрому паклаў Абу-Саід Эльдарушаў, які рэалізаваў пенальці на 27-й хвіліне гульні. А потым Мікіта Баранок, Глеб Жэрдзеў і Одэ Абдулахі забілі яшчэ тры мячы. Пасля перапынку госці крыху актывізаваліся, але так і не здолелі забіць хаця б адзін гол у адказ. А ў самым канцы гульні Мікіта Глушкоў паставіў апошнюю кропку — 5:0. «МЛ Віцебск» у гэтым сезоне ўпершыню прабіўся ў элітны дывізіён нацыянальнага чэмпіянату і адразу заваяваў залатыя медалі.

Адзіныя канкурэнты каманды Міхаіла Марціновіча ў барацьбе за золата, мінскія дынамаўцы, перамаглі на выездзе брэсцкае «Дынама» з лікам 2:0. У канцы першага тайма вызначыўся Іван Бахар, а ў другой палове гульні другі мяч забіў Аляксей Вакуліч.

Уладальнікам бронзы стала мазырская «Славія», якая нечакана ўступіла на сваім полі «Мінску» з лікам 2:3. У Жодзіне футбалісты «Тарпеда-БелАЗа» згулялі ўнічыю з «Іслаччу» з Мінскага раёна — 0:0. БАТЭ на полі «Барысаў-Арэны» разграміў наваполацкі «Нафтан» — 5:0, а футбалісты «Смаргоні» ў сябе дома выйгралі ў «Маладзечна» з мінімальнай перавагай — 1:0. Гродзенскі «Нёман» на сваім полі аказаўся мацнейшым за футбалістаў «Віцебска» — 3:1, а дзяржынскі «Арсенал» атрымаў валявую вікторыю над «Слуцкам» — 2:1.

Палажэнне ў групе лідараў пасля 29 тураў: «МЛ Віцебск» — 67 ачкоў, «Дынама» (Мінск) — 62, «Славія» — 54. Унізе турнірнай табліцы знаходзяцца «Маладзечна» і «Слуцк», якія пакідаюць вышэйшую лігу. У наступным сезоне іх заменяць футбалісты «Баранавічаў» і магілёўскага «Дняпра».

Галоўны трэнер «МЛ Віцебск» Міхаіл Марціновіч падсумаваў чэмпіёнства каманды ў Вышэйшай лізе.

— Мы працавалі вельмі шмат над псіхалогіяй гульцоў, над узмацненнем ад матча да матча іх моцных якасцяў, над усмешкамі на тварах, на атрыманні задавальнення ад трэніровачнага працэсу і гульняў. Я спадзяюся і думаю, што гэта мне ўдалося. Веру, што ў нас гэта атрымалася. Вы бачыце, як яны святкуюць і, дай бог, так будзе і далей.

Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук павіншаваў «МЛ Віцебск» з чэмпіёнствам у Betera-Вышэйшай лізе.

«Віншую вас з перамогай у футбольным чэмпіянаце краіны, — гаворыцца ў тэлеграме. — Гэта дасягненне — вынік вашых упартых трэніровак, стойкасці і імкнення да дасканаласці. Вы паказалі неверагоднае майстэрства, сілу волі і камандны дух, што дазволіла вам заваяваць гэты ганаровы тытул. Няхай гэты трафей стане асновай для новых перамог і здзяйсненняў у будучыні». 

Сяргей Кавальчук пажадаў ігракам і трэнерам клуба далейшых поспехаў, здароўя і шмат яркіх момантаў на футбольным полі.

— Дэбютаваўшы ў Вышэйшай лізе і ў першы ж сезон стаўшы чэмпіёнам, футбалісты «МЛ» паказалі, што інвестыцыі ў беларускі футбол маюць вялікае значэнне, а футбол, безумоўна, з’яўляецца відам спорту нумар адзін у Рэспубліцы Беларусь.

Лічу, што за доўгія гады футбол завінаваціўся беларускім заўзятарам — і толькі дзякуючы дзяржаўна-прыватнаму партнёрству мы зможам наблізіць айчынны футбол да таго, чаго ад яго чакаюць беларусы. Жадаю камандзе не спыняцца на дасягнутым і дастойна прадставіць нашу краіну ў еўрапейскіх клубных турнірах, — павіншаваў клуб і балельшчыкаў з гэтай перамогай старшыня АБФФ Яўген Булойчык.

Чытайце таксама: Вызначыліся 12 прадстаўнікоў Еўропы ў фінале чэмпіянату свету па футболе 2026 года

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю