У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстаўка фотапартрэтаў пісьменнікаў Міншчыны.
На вялікім даматканым палатне з беларускім традыцыйным арнаментам размясціліся дзесяткі каляровых фотаздымкаў. Наведвальнікаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры сустракае галерэя партрэтаў пісьменнікаў Міншчыны вядомых чытачам па кнігах прозы, паэзіі, публіцыстыкі.
Аўтар фотаздымкаў паэт Рагнед Малахоўскі.
Экспазіцыя пабудаваная адпаведна сваёй назвы «Адвечная повязь пакаленняў». У назву выстаўкі аўтар паклаў шырока вядомы радок і напоўніў яго сучасным, канкрэтным зместам. Фотакалекцыя ад свайго пачатку да завяршэння вядзе гледача праз час, у якім мы жывем разам з героямі здымкаў.
Экспазіцыя пачынаецца партрэтамі ветэранаў пісьменніцкага фронту, аднаго з іх вы бачыце ў нашай фотасправаздачы ( на партрэтах радкі з імёнамі і прозвішчамі герояў). Барыс Даўгатовіч — вядомы ваенны гісторык, кандыдат гістарычных навук, аўтар вялікай колькасці унікальных кніг, манаграфій, публікацый, даследчык нашай ваенна-гістарычнай спадчыны.
Зіновій Прыгодзіч вядомы не толькі, як аўтар апавяданняў, нарысаў, дакументальных аповесцей, лірычных мініяцюр, але і як галоўны рэдактар часопісу «Гаспадыня»- аднаго з самых папулярных айчынных часопісаў мінулых гадоў.
Знакамітага дзіцячага пісьменніка і грамадскага дзеяча, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Ліпскага я сфатаграфаваў сярод наведвальнікаў у тое імгненне, калі ён убачыў самаго сябе на адным з партрэтаў з вудай у руках. Што тут казаць! Прыемны фотаўспамін пра рыбалку на возеры Нарач — адзін з самых трапных здымкаў.
Людміла Рублеўская і Віктар Шніп сфатаграфаваліся разам, бо паяднаныя яны не толькі ўласным лёсам, але і прыналежнасцю да ліку самых вядомых аўтараў сучаснага беларускага прыгожага пісьменства.
Прафесар, доктар філалагічных навук, пісьменнік Іван Саверчанка — адзін з выступоўцаў на адкрыцці фотавыстаўкі, да таго ж ён таксама аднойчы патрапіў ў аб’ектыў аўтара фотавыстаўкі. Усіх, зразумела, цікавіла: дзе ж гэта вядомы навукоўца сфатаграфаваўся каля такога цудоўнага скакуна?
Асабліва вылучаюцца на выстаўцы патрэты прадстаўніц прыгожай паловы пісьменніцкага цэху. Напрыклад: дзіцячай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой.
Паэт, педагог, знаўца беларускай мовы Мікола Швабовіч пакінуў яркі след у літаратуры.
Сярод фотапартрэтаў зробленых з цёплым гумарам здымак паэта, перакладчыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Генадзя Пашкова.
Зразумела, што аўтар фотавыстаўкі не абмінуў увагай тэму «Пісьменнік і вытворчасць». Вядомы публіцыст і крытык Алесь Марціновіч сфатаграфаваны ў час паездкі па аграгаспадарках.
Пасля нашай непрацяглай экскурсіі па фотавыставе «Адвечная повязь пакаленняў» самы час прадставіць вам аўтара гэтай цікавай калекцыі. Як чалавек, які даўно прафесійна займаецца фотажурналістыкай, я магу засведчыць: аўтар выставы член Саюза пісьменнікаў Беларусі Рагнед Малахоўскі зрабіў масштабную працу, каштоўную не толькі для летапісу айчыннай культуры, але і вельмі цікавую для шырокага кола гледачоў. Адметнасць выставы ў тым, што аўтар вядомых лірычных паэтычных зборнікаў стварыў дзесяткі фотапартрэтаў не згодна шаблонаў напрацаваных прафесіяналамі-фатографамі, а як звычайны аматар (у дадзеным выпадку сябра, суразмоўца, спадарожнік, калега пісьменнікаў). Просты ракурс, шчырая трактоўка вобраза, сяброўская адкрытасць робяць фотаздымкі надзвычайна даступнымі для спасціжэння характару герояў партрэта. Даюць магчымасць убачыць творцаў не ў афіцыйных кабінетах, а ў абстаноўцы звычайнай для кожнага з нас. Думаю, што гэта вынік таго, якім бацыць жыццё сам паэт Рагнед Малахоўскі. Паказаць повязь звычайных жыццёвых праяў ён здолеў і праз вобразы вядомых літаратараў, і праз вобразы пісьменнікаў, якія робяць свае першыя крокі па пакручастай творчай сцежцы. Не выпадкова фотагалерэю партрэтаў сучасных літаратараў Міншчыны завяршаюць здымкі самых маладых творцаў, толькі што надрукаваўшых свае першыя вершы і апавяданні.
Вось таму простая назва фотавыставы «Адвечная повязь пакаленняў» прыйшлася вельмі дарэчы да фотарасповеда пра лёс творцаў.
Фота аўтара