У галерэі «Цэнтр» прадстаўлены экспанаты з музейных і прыватных калекцый, якія дазволяць убачыць, якім быў арсенал прыгажунь у розныя стагоддзі. Напрыклад, гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе» падабраў для выстаўкі са сваіх фондаў упрыгажэнні ад часоў Рагнеды да тых, якія жанчыны маглі набыць у крамах у савецкі час. Асобныя вітрыны на экспазіцыі сабраны з рэшткаў і фрагментаў шкляных бранзалетаў і пацерак з археалагічнай калекцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея.

Майстры з устаноў культуры Мінскай вобласці і народныя майстры Беларусі прадставілі сучасныя ўпрыгажэнні, асобныя з іх зроблены спецыяльна для гэтай выстаўкі. У экспазіцыі можна пабачыць у тым ліку рэканструкцыі традыцыйных вырабаў.

Сюды варта завітаць і па новыя ідэі. Многія работы — выдатныя ўзоры пераасэнсавання спадчыны. Так у экспазіцыі можна пабачыць сучасныя мігдалікі (ці мідалікі) — бліскучыя ўпрыгажэнні, якія раней жанчыны насілі на шыі. Бісерныя гарлячкі майстры робяць па матывах неглюбскіх ручнікоў і посцілак з розных рэгіёнаў Беларусі. Арнаменты і ўзоры з маляваных дываноў можна пазнаць на брошках. А так званае інсітнае мастацтва Алены Кіш натхняе на стварэнне самых розных трэндавых упрыгажэнняў, у тым ліку хустак, малюнак на якіх робіцца ў тэхніцы набіванкі.
На выстаўцы прадстаўлены і работы з розных матэрыялаў (дрэва, кераміка, салома) навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага каледжа.

Алена Дзядзюля