Top.Mail.Ru
408

Галіновы прафсаюз правёў фестываль сярод работнікаў дзяржустаноў

Сёння ў Мінску прайшоў фінальны этап ІІ Рэспубліканскага фестывалю творчасці сярод членаў арганізацый Беларускага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі.



Фіналісты маштабнага конкурсу — мастакі, рамеснікі і спевакі — прадэманстравалі свае таленты гасцям Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў у сталіцы.

«Фестываль творчасці — гэта знакавая падзея прафсаюзнага жыцця. Ён з’яўляецца пляцоўкай, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў усіх дзяржаўных арганізацый і ўстаноў, даючы магчымасць кожнаму ўдзельніку прадэманстраваць свае творчыя поспехі і дасягненні. Сёння тут прапанаваны найлепшыя работы майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Таксама на сцэне выступілі найлепшыя выканаўцы песень, — расказаў старшыня прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Сяргей Патапенка. — У абласных фінальных этапах удзельнічала ад 10 да 15 чалавек. Згодна з палажэннем, мы выбіралі толькі па тры пераможцы для ўдзелу ў фінале. Іх аказалася 23».

У вестыбюлі РПКП наведвальнікаў сустрэла яркая выстаўка, дзе свае творы дэманстравалі рамеснікі і мастакі. Сярод іх — архітэктар з Мінска Віктар Малашчыцкі. Хаця, праходзячы міма яго работ, можна падумаць, што Віктар не мастак, а фатограф: настолькі рэалістычна выглядаюць дзяўчаты на палотнах.

«Гэтыя працы выкананы ў тэхніцы сухога пэндзля. Зрэшты, вядома, мінімальная колькасць алею на пэндзаль усё ж наносіцца. Адсюль і назва, — тлумачыць Віктар. — Работы я ў асноўным раблю чорна-белыя. Выкарыстоўваю светлацень, каб паказаць унутраны свет мадэлі. У такіх карцінах лепей адчуваецца форма. Над кожным творам працую мінімум тыдзень».

Фестываль стаў не проста святам, але і актам памяці і падзякі. Ён працягнуў традыцыю маштабных акцый, распачатых з ініцыятывы «За Беларусь! Захаваем гістарычную памяць!», і стане важнай часткай культурна-патрыятычнай работы галіновага прафсаюза. На працягу года прафсаюзныя арганізацыі актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемствах, прысвечаных знакавым датам: Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, Дню Канстытуцыі, Дню Незалежнасці, Дню народнага адзінства і іншым. Беларускі прафсаюз работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў штогод актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці. А ў 2025 годзе асаблівую ўвагу прафсаюзны актыў надаваў рэканструкцыі мемарыяльных комплексаў, помнікаў і абеліскаў. Удзялялася ўвага рабоце з моладдзю і ветэранамі: праводзіліся сумесныя мерапрыемствы Маладзёжнага савета і савета ветэранаў, экскурсіі па месцах баявой славы, акцыі і флэшмобы з удзелам студэнтаў і навучэнцаў ваенна-патрыятычных класаў.

Таму невыпадкова чырвонай ніткай праз усе выставачныя стэнды праходзіць тэма Вялікай Перамогі. Яна гучала сёння і са сцэны, дзе ўдзельнікі фестывалю дэманстравалі свае вакальныя даныя. Сярод іх была і госця з Астравецкага раёна Святлана Куцько.

«У нас вельмі малады калектыў, і таму мы за любую актыўнасць. А калі конкурс прысвечаны такой важнай даце для нашай краіны, як 80-годдзе з дня Перамогі, канешне, мы не маглі не паўдзельнічаць, — падзялілася спявачка. — Я выбрала песню „Ты памятай“. Яна мая самая любімая і прысвечана менавіта падзеям ваенных гадоў. Калектыў, дарэчы, падтрымаў».

Ва ўрачыстай частцы фестывалю ўручаны ўзнагароды ўдзельнікам за ўклад у развіццё прафсаюзнай творчасці, актыўную грамадзянскую пазіцыю і захаванне гістарычнай памяці.

«Мы ўдзячныя кожнаму, хто сёння з намі. Ваша праца, ваша энергія і ваша адданасць справе — гэта аснова нашага агульнага поспеху», — дадаў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Сяргей Патапенка.

Усе мерапрыемствы праводзіліся пры падтрымцы сацыяльных партнёраў, чыя дапамога і разуменне сталі важным рэсурсам для рэалізацыі маштабных праектаў.

Алена КРАВЕЦ

Чытайце таксама: Алічбоўка помнікаў і пошук артэфактаў: ФПБ і «Патрыёты Беларусі» пашыраюць супрацоўніцтва

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю