Top.Mail.Ru

Галівуд па-пінску: 13-гадовы школьнік абрабаваў краму электронных цыгарэт

Аўтар:
У Пінску 13-гадовы падлетак узламаў дзверы крамы электронных цыгарэт і выкраў тавар больш чым на 4,5 тысячы рублёў. Як высветлілася, да злачынства ён рыхтаваўся спецыяльна — ідэю ён запазычыў з замежных баевікоў.

Уначы зламыснік пранік у гандлёвы аб’ект, узламаўшы замок уваходных дзвярэй. Твар ён прыкрыў шалікам, рукі — пальчаткамі, а для асвятлення выкарыстаў ліхтарык. За некалькі хвілін падлетак сабраў тавар з вітрын і ўцёк. Сума шкоды перавысіла 4,5 тысячы рублёў.

Асобу парушальніка ўстанавілі ў ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Ім аказаўся 13-гадовы навучэнец мясцовай школы, які раней ужо трапляў у поле зроку міліцыі. У размове з вартавымі парадку школьнік патлумачыў, што думка пра крадзеж з’явілася пасля прагляду замежных баевікоў, дзе падобныя дзеянні падаюцца як «смелыя і беспакараныя». Да злачынства ён рыхтаваўся ўсвядомлена: вывучыў графік работы крамы, загадзя падабраў сродкі канспірацыі, мяркуючы, што гэта дапаможа пазбегнуць апазнання. Выкрадзенае збываў равеснікам і знаёмым, а грошы патраціў на асабістыя патрэбы.

Па дадзеным факце праведзена праверка, матэрыялы накіраваны на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх Пінскага гарвыканкама.

У міліцыі адзначаюць: аналіз падобных здарэнняў дазваляе вылучыць некалькі фактараў, якія штурхаюць падлеткаў да супрацьпраўных учынкаў. Сярод іх — недастатковы кантроль з боку бацькоў і адсутнасць сістэмнай выхаваўчай работы ў сям’і. Яшчэ адна прычына — уплыў фільмаў, серыялаў і відэаролікаў, якія рамантызуюць злачыннасць і фарміруюць у непаўналетніх скажоныя каштоўнасныя арыенціры. Акрамя таго, рызыка ўзрастае, калі падлетак знаходзіцца ў асацыяльным асяроддзі. Нарэшце, псіхаэмацыянальныя праблемы — цяжкасці ў школе, сям’і або ў зносінах з равеснікамі — могуць правакаваць дэманстратыўныя і агрэсіўныя паводзіны як спосаб выказаць унутранае напружанне.

Супрацоўнікі органаў унутраных спраў рэкамендуюць бацькам і законным прадстаўнікам больш уважліва ставіцца да таго, што глядзяць іх дзеці. Важна выбудоўваць даверны дыялог, своечасова заўважаць прыкметы эмацыянальнага напружання і дэструктыўных установак, удзяляць увагу вольнаму часу падлетка і заахвочваць яго да ўдзелу ў сацыяльна ўхваляльнай дзейнасці. Калі ж з’яўляюцца прыкметы супрацьпраўных паводзін або рызыкі іх фарміравання, пра гэта трэба неадкладна паведаміць у міліцыю.

Прафілактыка падлеткавай злачыннасці патрабуе сумесных намаганняў сям’і, школ і праваахоўнікаў. Толькі сістэмны падыход і своечасовая рэакцыя на трывожныя сігналы дапамагаюць прадухіліць правапарушэнні і спрыяюць сацыяльнай адаптацыі непаўналетніх.

Ягор ЧУРЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю