Top.Mail.Ru
235

Галоўчанка: Банкаўская сфера са сваімі задачамі спраўляецца

Асноўнай мэтай даклада кіраўніка Нацбанка, паводле яго слоў, было інфармаванне лідара дзяржавы аб тым, як вырашаюцца пастаўленыя перад Нацыянальным банкам задачы.

«Сітуацыю ў гэтай сферы я ацэньваю як здавальняючую, нават добрую. Прэзідэнт з гэтай ацэнкай пагадзіўся. Таму што задачы, пастаўленыя перад банкаўскай сістэмай і перад Нацыянальным банкам, выконваюцца і таму ёсць пацвярджэнне на ўзроўні лічбаў і фактаў,» — адзначыў Раман Галоўчанка ў размове з журналістамі. 

Большасць доўгатэрміновых укладаў — у нацыянальнай валюце

На дадзеным этапе забяспечана і цэнавая, і фінансавая стабільнасць. Насельніцтва, юрыдычныя асобы праводзяць актыўныя аперацыі на фінансавым рынку. Сфера дэпазітаў дэманструе рост. Прыемна, што самы вялікі прырост дэманструецца ў нацыянальнай валюце: практычна 73 % усіх укладаў — уклады ў беларускіх рублях тэрмінам больш за год. Гэта добрая рэсурсная база для інвесціравання".

Стварыўшы такі падмурак, Нацыянальны банк прымае ўсе неабходныя рашэнні для таго, каб стымуляваць інвестыцыйнае крэдытаванне ў нашай краіне. «Тут мы таксама дасягнулі пэўных поспехаў: за 6 месяцаў каля трох мільярдаў рублёў укладзена ў інвестыцыйныя праекты, якія ствараюць дабаўленую вартасць у нашай краіне», — расказаў Раман Галоўчанка. Ён адзначыў, што працэнтная палітыка банкаў, на якую аказвае ўплыў і Нацыянальны банк, дазваляе ажыццяўляць інвестыцыі на камфортных умовах, сярэдняя працэнтная стаўка на такія крэдыты — менш за 10 %. 

«Важна, каб і крэдытаванне фізічных асоб не было бескантрольным, каб не расла фінансавая нагрузка на нашых грамадзян. Каб асноўны паток крэдытавання на спажывецкія мэты ішоў на тавары і паслугі айчыннай вытворчасці. Тут мы таксама дабіліся пэўных поспехаў. За гэтыя паўгода прырост крэдытавання на тавары беларускай вытворчасці склаў каля 35 %», — адзначыў Раман Галоўчанка.

Рэзюмуючы, кіраўнік Нацбанка падкрэсліў, што банкаўская сфера са сваімі задачамі спраўляецца і зарабляе нядрэнны прыбытак. Разам з Банкам развіцця па выніках паўгоддзя прыбытак банкаў склаў каля трох мільярдаў рублёў, істотна павялічыўшыся ў дачыненні да аналагічнага перыяду мінулага года. А прыбытак банкаў — гэта крыніца для нарошчвання ўласнага статутнага капіталу і далейшага інвесціравання ў выгадныя для краіны праекты. 

Рэкордны ўзровень золатавалютных рэзерваў 

«Сам Нацыянальны банк выконвае свае задачы. Нядаўна мы дасягнулі рэкорднага ўзроўню сваіх золатавалютных рэзерваў - больш за 12 мільярдаў долараў. Упершыню ў нашай гісторыі гэту планку пераадолелі. Часткова гэта звязана з ростам кошту золата, якое знаходзіцца ў актывах Нацбанка. Але гэта таксама невыпадкова, мы мэтанакіравана захоўвалі высокую долю каштоўных металаў, актыўна запасаліся валютай і прадумана размяшчалі гэту валюту ў фінансавых інструментах, што дазволіла таксама нарасціць золатавалютныя рэзервы», — расказаў Раман Галоўчанка. Сітуацыя на валютным рынку, паводле яго слоў, стабільная, курсавая палітыка беларускага рубля, напрыклад, у адносінах да расійскага рубля, з’яўляецца стымулюючай для беларускіх экспарцёраў. 

Рынак крыптавалют мадэрнізуюць

Што датычыцца рынку крыптавалют, то Раман Галоўчанка адзначыў, што гэты рынак ужо ў нашай краіне функцыянуе праз крыптабменнікі, крыптабіржы, якія існуюць у Парку высокіх тэхналогій. Абароты на дадзеных пляцоўках растуць дастаткова ўпэўнена і дэманструюць значныя лічбы. «Зразумела, што ад крыптавалюты мы нікуды не сыдзем. Таму нам трэба правільна і своечасова ўбудавацца ў гэту сферу», — адзначыў кіраўнік Нацбанка. 

Нацыянальны банк ужо выпрацаваў адпаведныя падыходы. Як звярнуў увагу Раман Галоўчанка, параметры, закладзеныя Дэкрэтам Прэзідэнта № 8, па лічбавых фінансавых актывах, па токенах, трэба мадэрнізаваць. Таму што сфера лічбавых фінансавых актываў пашырылася. «Мы бачым перспектыву не толькі ў рэгуляванні, каб не дапусціць фінансавай шкоды. У нас ёсць прапановы, як дасягнуць некаторых прарыўных вынікаў з пункту гледжання задзейнічання крыптавалют або лічбавых фінансавых актываў у нашай фінансавай палітыцы», — расказаў Раман Галоўчанка. Гэтыя падыходы Прэзідэнтам у цэлым падтрыманы і будуць разгледжаны на адпаведнай нарадзе.

У адной звязцы з урадам

«Прэзідэнт даволі настойліва падкрэсліў неабходнасць удзелу Нацыянальнага банка ў рэалізацыі і правядзенні эканамічнай палітыкі разам з урадам, парламентам і іншымі структурамі. Лідар дзяржавы лічыць, што кіраўнік Нацыянальнага банка павінен актыўна працаваць у сістэме ўрада, і дасць даручэнні ўключыць старшыню праўлення ў склад Прэзідыума Савета Міністраў, каб больш комплексна разглядаць пытанні, якія стаяць перад эканомікай. Нацыянальны банк настроены і будзе працаваць разам з урадам на дасягненне агульнай мэты. Мэта ў нас адна — развіццё нашай краіны і павышэнне дабрабыту нашых людзей», — адзначыў Раман Галоўчанка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю