Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ўзяў удзел у датэрміновым галасаванні на выбарах Прэзідэнта Беларусі, прагаласаваўшы на выбарчым участку № 39, які знаходзіцца ў гимназіі № 29 у Цэнтральным раёне Мінска. У гутарцы з журналістамі ён выказаў свой пункт гледжання на тое, як трэба рабіць выбар на карысць таго ці іншага кандыдата.
— Галасаваць трэба за справы і вынік, а не за словы і абяцанні. Гэта відавочна. У нас ніколі не было простых умоў. На тое, што адбываецца на знешнім контуры, мы альбо можам слаба ўплываць, альбо не можам увогуле. Таму наша задача — рабіць усё магчымае ў сваёй краіне. Зрабілі мы ўжо многае, а вынікі бачныя ўсім. Таму я галасую за стабільную, мірную Беларусь, якая развіваецца, — акцэнтаваў увагу кіраўнік урада.
Прэм’ер-міністр патлумачыў, чаму вырашыў прагаласаваць датэрмінова:
— Ёсць жа добрая прыказка: «Не адкладвай на заўтра тое, што можаш зрабіць сёння». А калі казаць сур’ёзна, то асноўны дзень галасавання — найважнейшы дзень грамадска-палітычнага жыцця краіны за пяцігодку. Кандыдаты здаюць экзамен перад народам. Вядома, вельмі важна, каб гэты дзень прайшоў арганізавана, спакойна і святочна. Таму ўся вертыкаль улады будзе працаваць на месцах — кожны па сваёй зоне адказнасці забяспечвае стабільнасць правядзення грамадска-палітычнай кампаніі. Я аксама буду знаходзіцца на працоўным месцы. А вось цяпер выдалася хвіліна, таму вырашыў свой выбар зрабіць у гэты дзень.
Адзначым, што датэрміновае галасаванне праходзіць у краіне з 21 да 25 студзеня. У дні датэрміновага галасавання выбарчыя ўчасткі працуюць з 12.00 да 19.00 без перапынку. Асноўны дзень выбараў Прэзідэнта Беларусі прызначаны на 26 студзеня. Галасаванне ў дзень выбараў у нядзелю, 26 студзеня, будзе праходзіць з 08.00 да 20.00.
Маргарыта ЗАРОЎКІНА