Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка правёў сёння, 7 лютага, рабочую сустрэчу з кіраўніком Рэспублікі Башкартастан Радзіем Хабіравым, якая прайшла ў Доме ўрада.
Бакі абмеркавалі вынікі раней дасягнутых дамоўленасцяў і пазначылі перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва.
Раман Галоўчанка адзначыў, што 2024 год завяршыўся з некаторым зніжэннем тавараабароту, якое не з’яўляецца крытычным, але яго неабходна пераадолець:
— Я разлічваю на наш дзеючы інструмент — сумесную рабочую групу па супрацоўніцтве, якая актыўна падключыцца да вырашэння гэтага пытання.
Прэм’ер-міністр канстатаваў, што базіс гандлёва-эканамічных адносін — супрацоўніцтва ў сферы вытворчай кааперацыі. У якасці паспяховага прыкладу ён прывёў праект МАЗа і Уфімскага тралейбуснага завода:
— Калі ў 2020-2022 гады былі дзясяткі адзінак выпушчанай прадукцыі — 20, 30, максімальна да 60-ці, то ўжо ў 2023-2024-м гэта колькасць склала 238 і 307 тралейбусаў адпаведна. Радуе, што гэтая прадукцыя заняла сваё месца не толькі ў пасажырскіх перавозках у Башкартастане, але і ў многіх іншых гарадах Расійскай Федэрацыі. Трэба прымаць меры па далейшым пашырэнні. Я лічу, што прадпрыемства мае перспектывы стаць вядучым вытворцам у Расійскай Федэрацыі.
На думку Прэм’ер-міністра добрыя перспектывы мае праект па стварэнні сумеснага прадпрыемства.
Ён расказаў, што для забеспячэння аператыўнай даступнасці грузавой тэхнікі Мінскага аўтамабільнага завода і павышэння сэрвіснага абслугоўвання ідуць работы па будаўніцтве новага дылерскага цэнтра:
— Падпісаны адпаведны мемарандум, ідзе падбор участка і адпрацоўваецца бізнес-мадэль. Чаму я кажу пра гэта? Таму што спадзяёмся на падтрымку гэтай ініцыятывы і адпаведны кантроль за яго рэалізацыяй з боку ўрада Башкартастана.
Агучыў ён і перспектывы ўзаемадзеяння ў абнаўленні трамвайнага парку Башкартастана з удзелам беларускага прадпрыемства «Белкамунмаш», супрацоўніцтва з Мінскім заводам колавых цягачоў, холдынгам «Белаўтадар», павелічэнню паставак сельскагаспадарчай прадукцыі і праектаў з Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыяй. Адзначыў і шэраг прапаноў па сельгасмашынабудаванні і абсталяванні для малочна-таварных ферм.
— Разумеем, што цяпер не вельмі простая абстаноўка з пункту гледжання інвестыцый. У цэлым Расійская Федэрацыя звязана з многімі фактарамі, у тым ліку з досыць дарагімі крэдытнымі рэсурсамі, што стрымлівае закупкі і за кошт уласных сродкаў, і за кошт сродкаў бюджэту рэспублікі. Але мы маем варыянты вырашэння гэтай праблемы, — падкрэсліў Прэм’ер-міністр.
Ён растлумачыў, што дзякуючы настойлівай працы ўрадаў Беларусі і Расіі па даручэнні прэзідэнтаў (даручэнне тычылася рэалізацыі Дэкрэта аб узаемным прызнанні тэхналагічных аперацый), у снежні 2024 года была прынята пастанова Урада Расійскай Федэрацыі, якая прадастаўляе нацыянальны рэжым закупак для беларускіх тавараў:
— Адпаведна, няма ніякіх праблем, якія абмяжоўвалі б магчымасці закупкі беларускіх тавараў, у тым ліку за кошт бюджэтных сродкаў або праграм дзяржаўнай падтрымкі. Таму ўся лінейка беларускага абсталявання можа закупляцца ў рамках такіх праграм.
Акрамя гэтага, Раман Галоўчанка агучыў і іншыя мадэлі фінансавай падтрымкі для расійскіх пакупнікоў, якія прадстаўляюцца беларускім бокам.
Ён выказаў упэўненасць, што кіраўнік Башкартастана, як чалавек, які клапоціцца пра росквіт рэгіёну, даручыць адпаведным службам ўважліва вывучыць прапановы і выбраць той парадак, які найбольш падышоў бы для рэспублікі.
— Спыняцца нельга, усё складзецца. Ёсць дакладныя даручэнні кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, як і нашага Прэзідэнта, па тым, што якасць жыцця людзей не тое што не павінна зніжацца, а, наадварот, прырастаць, нягледзячы на ўсе (санкцыйныя — заўв.аўт.) умовы, — сказаў на заканчэнне ён.
Фота Telegram-каналу Савета Міністраў