Top.Mail.Ru

Галоўчанка наведвае з афіцыйнымі візітамі Уганду і Катар

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка наведае з афіцыйнымі візітамі Уганду і Катар 20—24 лютага, паведамляе БелТА


Паводле слоў прэм'ер-міністра, задача максімальна канкрэтная — трэба дасягнуць патрэбных для краіны вынікаў, рэалізаваць усе напрацоўкі, якія маюцца, знайсці новыя рашэнні для таго, каб выйсці на рэалізацыю новых сумесных праектаў.

— Уганда ўяўляе для нас сур'ёзную цікавасць, гэта адна з краін Афрыкі, якая найбольш хутка развіваецца, дружалюбная для Беларусі, маюцца кантакты. У краіне ўзяты курс на мадэрнізацыю эканомікі, прыцягненне тэхналогій, развіццё сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Уганда сутыкаецца з тыповымі праблемамі для афрыканскіх краін. Хутка расце насельніцтва, якое трэба карміць, лячыць, навучаць. Недастаткова выкарыстоўваюцца зямельныя рэсурсы краіны, патрабуецца інтэнсіўная механізацыя сельскай гаспадаркі, індустрыялізацыя эканомікі, здабыча і ачыстка водных рэсурсаў, перапрацоўка адходаў. Іншымі словамі, усё, што мы добра ўмеем рабіць, і ёсць прыклады кааперацыі з замежнымі дзяржавамі. Пэўны тавараабарот з гэтай краінай маецца, але яго неабходна вывесці на якасна новы ўзровень, — сказаў Раман Галоўчанка.

Катар — краіна з іншымі патрэбамі, іншай палітыкай і эканомікай, адзначыў ён.

— Гэта ў першую чаргу наш патэнцыяльны і перспектыўны партнёр для рэалізацыі сумесных высокатэхналагічных праектаў. Катар з'яўляецца адной з буйных краін-донараў для іншых рэгіёнаў, таму цалкам можна працаваць над рэалізацыяй сумесных праектаў у трэціх краінах з выкарыстаннем беларускай тэхнікі і тэхналогій. Краіна для нас, безумоўна, дружалюбная, шматлікія візіты, поўнае паразуменне ў палітычнай сферы, — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

Падчас візіту ва Уганду Раман Галоўчанка правядзе сустрэчу з Прэзідэнтам краіны Ёверы Кагута Мусевені ў фармаце адзін на адзін. Члены беларускай і ўгандыйскай афіцыйных дэлегацый правядуць перагаворы. Па выніках запланавана падпісанне міжнародных дакументаў.

У Катары намечана сустрэча кіраўніка беларускага ўрада з прэм'ер-міністрам — міністрам замежных спраў Катара шэйхам Махамедам бен Абдэльрахманам бен Джасэмам аль-Тані. Таксама запланаваны шэраг іншых сустрэч з кіраўніцтвам краіны.

Афіцыйныя візіты Рамана Галоўчанкі ва Уганду і Катар — частка паслядоўнай работы ўрада па развіцці супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі. У 2024 годзе ў графіку візітаў прэм'ер-міністра былі такія краіны, як Венесуэла, Куба, Нікарагуа, Аман і Пакістан.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю