Top.Mail.Ru

Галоўчанка ўручыў дзяржузнагароды прадстаўнікам розных сфер

Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 26 снежня ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных сфер.


У пачатку цырымоніі кіраўнік урада адзначыў, што кожнае такое мерапрыемства па-свойму ўнікальнае і ўрачыстае, але тое, што праходзіць напярэдадні Новага года, становіцца асаблівым:

— Уручэнне дзяржаўных узнагарод па даручэнні Прэзідэнта Беларусі ў такі дзень напаўняе наша мерапрыемства асаблівым сэнсам. Сённяшняя цырымонія прысвячаецца прафесіяналам сваёй справы за дасягненні і заслугі перад Радзімай.

Раман Галоўчанка падкрэсліў, што яму прыемна адзначыць тых, хто ўнёс асаблівы ўклад у агульную справу сваім талентам, упартасцю і прафесіяналізмам:

— Кожны год мы пішам новы раздзел у гісторыі нашай краіны, і кожны год ёсць людзі, якія дасягаюць асаблівых вышынь на сваім працоўным месцы. Дзякуючы такім людзям год становіцца выніковым, адметным і, вядома ж, пазітыўным.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што ўзнагароджаныя ўнеслі на сваёй пасадзе ўклад у суверэннае развіццё краіны, хтосьці — вытворчымі поспехамі, хтосьці — навуковымі адкрыццямі, іншыя — зберажэннем унікальнага ляснога багацця, культурнымі дасягненнямі, сацыяльнымі ініцыятывамі. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што такіх вынікаў атрымалася дамагчыся дзякуючы сумеснай працы калектываў.

— Атрыманне высокай дзяржаўнай узнагароды стане для вас годным завяршэннем адыходзячага працоўнага года, — выказаў упэўненасць прэм’ер-міністр.

Раман Галоўчанка канстатаваў: сярод узнагароджаных — работнікі машынабудавання, сельскай і лясной гаспадаркі, нафтахімічнай прамысловасці, будаўніцтва, навукі і культуры, а таксама тыя, хто ліквідаваў наступствы надзвычайных сітуацый, хто выхоўвае падрастаючае пакаленне і ажыццяўляе падрыхтоўку спартсменаў высокага класа.

— Упэўнены, што кожны з прысутных ганарыцца тым, што знайшоў сваё месца. Менавіта любоў да сваёй справы прывяла вас да гэтай узнагароды, — адзначыў кіраўнік урада. — Год, які падыходзіць да канца, быў насычаны падзеямі, выклікамі, цяжкасцямі і, вядома ж, перамогамі. Няхай будучыня, якую мы ствараем разам, будзе поўная магчымасцяў і здзяйсненняў. А той разнапланавы вопыт, які мы атрымалі ў адыходзячым годзе, стане для гэтага надзейным падмуркам. Перакананы, што атрыманая высокая дзяржаўная ўзнагарода натхніць вас на новыя дасягненні ў годзе надыходзячым.

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю