У 2025 годзе золатавалютныя рэзервы Беларусі выраслі да $14,3 млрд.
Па словах старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рамана Галоўчанкі ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1», у 2025 годзе золатавалютныя рэзервы выраслі вышэй за прагноз. «Апошняя лічба, якую я магу агучыць, гэта $14,3 млрд», — сказаў кіраўнік Нацбанка, паведамляе БелТА.
Ён звярнуў увагу, што золатавалютныя рэзервы — гэта падушка бяспекі краіны. «Яна можа задзейнічацца і для аплаты імпарту ў выпадку чаго, што называецца. Дарэчы, мы ўпершыню перасягнулі такі парог, як трохмесячны запас рэзерваў для пакрыцця трохмесячнага імпарту. Гэта такі міжнародны паказчык, які характарызуе ўстойлівасць краіны. Так, вядома, сусветны рост кошту золата ўнёс у гэта істотны ўклад. Але мы таксама назапасілі і валютныя рэзервы менавіта за кошт таго, што і прадпрыемствы, і фізічныя асобы выступалі актыўнымі прадаўцамі валюты на ўнутраным рынку», — растлумачыў Раман Галоўчанка.
«Думаю, у наступным годзе гэта таксама працягнецца», — дадаў старшыня праўлення Нацбанка.
Таксама, паводле яго слоў, у Беларусі ў снежні гэтага года назіраецца практычна нулявая інфляцыя.
У многім на гэта аказала ўплыў дэзінфляцыйнае ўздзеянне з боку расійскай эканомікі, дзе харчовая інфляцыя таксама істотна запаволілася. «І пакуль мы не бачым перадумоў да сур’ёзных шокаў, якія прывялі б да ўсплёску цэн на тавары, якія былі ў папярэднія гады і ў 2025 годзе», — падкрэсліў старшыня праўлення Нацбанка.
Раман Галоўчанка звярнуў увагу і на тое, што інфляцыя ў 2026 годзе не павінна перавысіць 7 працэнтаў, але былі планы выйсці і на 5 працэнтаў. «Мы не адмаўляемся ад гэтых планаў. Сяміпрацэнтная мяжа дадзена з пэўнай форай. Таму што ўсё-такі вельмі шмат яшчэ адбываецца працэсаў, да канца незразумелых, у свеце, эканамічная турбулентнасць не спыняецца. Але мы ад сваёй мэты не адмаўляемся. І што радуе: бачым ужо ў канцы года зніжэнне праінфляцыйных фактараў. Не выйдзем у 2025 годзе за 7 працэнтаў і павінны знізіцца яшчэ больш у 2026 годзе», — падкрэсліў Раман Галоўчанка.

«Мы маем намер жорстка вытрымліваць планы па інфляцыі, прынамсі, па базавай інфляцыі, прымаць усе меры для таго, каб мы не выйшлі за 5 працэнтаў», — рэзюмаваў ён.
Галоўчанка таксама паведаміў, што доўгатэрміновыя дэпазіты за 11 месяцаў перасягнулі Br4 млрд.
У эфіры ішла размова аб найбольш выгадных укладаннях грашовых сродкаў для грамадзян. «Наогул я не павінен даваць рэкамендацыі па інвестыцыях. Але магу сказаць: што датычыцца інвестыцый у золата, наогул у каштоўныя металы — гэта спецыфічны від інвесціравання. Ён, што называецца, працуе працягла. Таму што на доўгім гарызонце, як правіла, гэтыя актывы маюць тэндэнцыю да плаўнага росту», — адзначыў Раман.
Паводле яго слоў, найбольш прывабныя зараз умовы ўкладвання грошай у банкаўскія дэпазіты. «Па іх налічваюцца прыстойныя і стабільныя працэнты. Калі ў 2024 годзе было (больш. — Заўвага БелТА) Br2 млрд, якія ляглі на доўгатэрміновыя дэпазіты, то ў 2025 годзе толькі за 11 месяцаў гэта сума перавысіла ўжо Br4 млрд», — звярнуў увагу старшыня праўлення Нацыянальнага банка.