Аб чым Прэзідэнт гаварыў у інтэрв'ю тэлеканалу RT
Інтэрв’юерам выступіў вядучы RT, аўтар праграмы «Эфект Санчэса» Рычард (Рык) Санчэс. У размове, якая доўжылася амаль дзве гадзіны, закраналася самае шырокае кола пытанняў: ад унутранай, беларускай, тэматыкі да міжнароднага парадку дня. Аляксандр Лукашэнка выказаў свой пункт гледжання аб канфліктах на Блізкім Усходзе і ва Украіне, аб умовах вялікай здзелкі Беларусі і Амерыкі, палітыцы краін Еўрапейскага саюза і міжнароднай сітуацыі ў цэлым. Кіраўнік дзяржавы расказаў аб сваім сяброўстве з сусветнымі лідарамі, выніках прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, падзяліўся, для чаго Беларусі патрэбна тактычная ядзерная зброя і якой бачыць будучыню краіны.

RT (раней Russia Today) — расійскі міжнародны кругласутачны шматмоўны інфармацыйны тэлеканал, які ажыццяўляе вяшчанне на англійскай, арабскай, іспанскай, французскай, нямецкай, сербскай мовах. Аўдыторыя сродку масавай інфармацыі — звыш 950 мільёнаў гледачоў больш як у 100 краінах свету.
Рык Санчэс — кубінец. У раннім дзяцінстве эмігрыраваў з сям’ёй у ЗША. Больш за 40 гадоў ён вёў аўтарскія інфармацыйныя праграмы і быў вядучым на буйных амерыканскіх тэлеканалах, сярод якіх — Fox News і CNN. Журналіст браў інтэрв’ю ў чатырох прэзідэнтаў ЗША, лідара Кубы Фідэля Кастра, лідара СССР Міхаіла Гарбачова.
У 2019 годзе з-за цэнзуры ў амерыканскіх медыя, прадузятасці і аднабаковасці падачы інфармацыі Рык Санчэс далучыўся да каманды тэлеканала «RT America», дзе на працягу некалькіх гадоў вёў штодзённую аўтарскую праграму. У 2024-м быў вымушаны спыніць супрацоўніцтва з тэлеканалам з-за ўведзеных супраць СМІ міжнародных санкцый. У 2025 годзе пераехаў у Маскву, каб працягнуць працу на канале, дзе цяпер вядзе аўтарскую праграму «Эфект Санчэса», у якой прадстаўляе свой пункт гледжання на міжнародныя падзеі і абмяркоўвае іх з гасцямі шоу. Кожны выпуск набірае ў сярэднім каля 40 мільёнаў праглядаў.

«Вы самыя сапраўдныя дыктатары»
Журналіст адзначыў, што многія гавораць аб тым, што вось у Беларусі дыктатура, а ў Амерыцы дэмакратыя. Пры гэтым Рык Санчэс звярнуў увагу на тое, што ў ЗША кожныя чатыры гады да ўлады прыходзіць новы чалавек, але палітычна нічога не мяняецца. У той жа час у Беларусі вось ужо як на працягу 30 гадоў ідзе паслядоўнае развіццё, Прэзідэнт карыстаецца падтрымкай народа, і гэта падтрымка даволі шматлікая. Ён удакладніў, ці маюць рацыю амерыканцы, калі гавораць аб дыктатуры ў Беларусі і дэмакратыі ў ЗША.
«Вы абсалютна не маеце рацыю, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Вы толькі гаворыце пра нейкую дэмакратыю, пра правы чалавека. Усё гэта балбатня. Ваша палітыка ў Венесуэле, пагрозы Кубе, вайна на Блізкім Усходзе і іншыя рэчы сведчаць аб тым, што вы самыя сапраўдныя дыктатары. Ніякія вы не дэмакраты. Ніякай дэмакратыі, правоў чалавека няма. Слухайце, якія правы чалавека, калі вы разбамбілі, напрыклад, школу ў незалежнай, суверэннай краіне, якая размешчана за дзясяткі тысяч кіламетраў ад вас, нічым вам не пагражала? Вы разбамбілі школу, дзе загінулі дзеці і настаўнікі. Амаль дзве сотні чалавек».

А колькі чалавек, па словах беларускага лідара, загінула дзякуючы таму, што ЗША заахвочвалі бамбёжкі Ізраіля. «Пра якія правы чалавека вы гаворыце? — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. — Калі вы за правы чалавека, тады дайце чалавеку ажыццявіць галоўнае права — права на жыццё. Чалавек хацеў жыць, асабліва дзеткі. Вы іх знішчылі. Вось вам адзін толькі факт учарашняга дня, якія цалкам перакрэслівае ўсё, што вы гаварылі. Таму ніякіх у вас правоў чалавека».
Кіраўнік дзяржавы ўказаў на тое, што ў ЗША ёсць свае інтарэсы. «У дадзеным выпадку — нафта, газ, кантроль над імі, — удакладніў ён. — Гэтыя інтарэсы вамі здабываюцца любым спосабам, і ў тым ліку ваенным. Вы гатовы бамбіць, ламаць, крышыць, нягледзячы ні на якія правы чалавека — гэта аснова дыктатуры. Таму ўсё што вы гаворыце (і вы правільна сказалі, унутры краіны) аб правах чалавека, аб дэмакратыі, а рэальна ў краіне нічога не мяняецца. Дык можа быць у вас дыктатура ўнутры краіны?»

Прывёўшы адзін з прыкладаў амерыканскай «дэмакратыі», Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дэмакратыі ім давядзецца вучыцца ў беларусаў. «У нас у сто разоў гэтай дэмакратыі больш, чым у вас, — канстатаваў ён. — Рэальнай дэмакратыі. Рэальных правоў чалавека. Пра якія правы чалавека вы можаце разважаць, калі вы забіваеце людзей? Забілі чалавека. Якія ў яго правы? Ён мёртвы».
«Па сваёй магутнасці Амерыка супердзяржава, але не суперсіла»
Рык Санчэс заўважыў, што Аляксандр Лукашэнка — адзін з лідараў руху «За светлую будучыню для ўсяго свету». Ён пацікавіўся ў кіраўніка дзяржавы, ці надыдзе калі-небудзь такі дзень, калі Беларусь, Паўночная Карэя, Іран, Расія, Кітай, Бразілія не будуць супрацьстаяць Захаду, а будуць стаяць плячо ў плячо, каб забяспечыць светлую будучыню для ўсіх, — мір, у якім будзе справядлівасць і дабрыня.
«Дай бог, каб гэты час настаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мне складана, зыходзячы з цяперашняй абстаноўкі і сітуацыі, паверыць, што такі час прыйдзе. Але, нягледзячы на асобныя глупствы, нягледзячы на імпульсіўнасць некаторую, Трамп для гэтага зрабіў шмат чаго. Трамп паказаў усяму свету, што вашы Злучаныя Штаты Амерыкі не ўсемагутныя».
«Гэта значыць, гэта не звышдзяржава? Трамп не звышсіла нейкая?» — удакладніў журналіст.
«Па сваёй магутнасці Амерыка супердзяржава, але не суперсіла, — патлумачыў беларускі лідар. — Гэта зразумелі ўсе. І галоўны вораг Амерыкі — гэта Кітай. Калі амерыканцы не змаглі справіцца з Іранам... Я гэта даўно сказаў: не лезьце ў Кітай. Там такая моц, з якой яны справіцца ніколі не змогуць».
Па словах Прэзідэнта, кіраўніцтва ЗША зразумела, што яны супердзяржава, але не звышсіла. «І гэтым самым (і гэта галоўнае) яны далі надзею на тое, што амерыканцы, зразумеўшы гэта, будуць лічыцца не толькі з Кітаем і Расіяй, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Расія — вялізная тэрыторыя, там нічога не зробяць яны ракетамі: ракеты хутчэй скончацца, чым тэрыторыя Расіі. Іран таксама гэта паказаў. Я не гавару пра наступствы. Блізкі Усход, сусветная эканоміка і іншае, яны ж пацярпелі ад гэтай бяздумнай авантуры ў Іране».
Беларускі лідар дадаў, што прыведзеныя факты — на паверхні. «Яны паказалі, што вы, амерыканцы, павінны спыніцца і зразумець, што акрамя інтарэсаў ЗША (Грэнландыя, Куба, Венесуэла, Нікарагуа, Панамскі канал і іншае Заходняе паўшар’е), нават у Заходнім паўшар’і ёсць краіны, у якіх ёсць свае інтарэсы», — канстатаваў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Дональд Трамп нямала зрабіў дрэннага. «Але ён паказаў усяму свету сапраўднае аблічча Злучаных Штатаў Амерыкі і магчымасці Злучаных Штатаў Амерыкі, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Яны не бязмежныя. Гэта сітуацыя можа прывесці да таго, што амерыканцы вымушаны будуць лічыцца з інтарэсамі іншых, а значыць, светлая будучыня не за гарамі».
«Мы праводзім нармальную палітыку ў дачыненні да ўласнага народа»
Адно з пытанняў датычылася апошніх падзей у Венгрыі, калі на парламенцкіх выбарах перамог лідар апазіцыі Петэр Мадзьяр, а не папярэдні прэм’ер-міністр гэтай краіны. Аляксандр Лукашэнка параіў не спяшацца з ацэнкамі венгерскай палітыкі і палітыкі Віктара Орбана. «Я не стану ацэньваць яго палітыку, я добра яго ведаю, — сказаў Прэзідэнт. — Тое, што вы ў сродкі масавай інфармацыі транслюеце ў сусветную супольнасць з боку Орбана, я чую і з гэтым згодзен. Ён прагматык. Рэаліст. Але гэта тое, што я чую са сродкаў масавай інфармацыі».
Гаворачы аб тым, чаму з такім вынікам завяршыліся парламенцкія выбары ў Венгрыі і чаму Віктар Орбан прайграў, беларускі лідар заўважыў, што, значыць, былі сур’ёзныя заганы ў палітыцы, асабліва ва ўнутранай палітыцы. «Канкрэтныя людзі ўнутры галасавалі, і нельга сказаць, што яны памыліліся, бо разрыў вельмі вялікі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Значыць, апазіцыя ў асобе Мадзьяра прапанавала больш выразную і прывабную пазіцыю. Таму трэба разабрацца, чаму Орбан прайграў. Напэўна, яны шмат гаварылі, але не ўсё рабілі ўнутры краіны».
Апазіцыя, па словах Аляксандра Лукашэнкі, гэта падхапіла. «Ну і потым, я б яе нават не назваў апазіцыяй, — удакладніў ён. — З пункту гледжання фарміравання гэтай апазіцыі самога Мадзьяра. Наколькі я ведаю, ён разам з Орбанам некалі працаваў і пачынаў, калі я не памыляюся. Таму шмат закладзена ўнутры той партыі, у якой яны былі ўдваіх, Мадзьяр і Орбан. Але ён адышоў ад гэтай палітыкі».
Журналіст удакладніў, магчыма, прычына пройгрышу Орбана ў тым, што Еўрасаюз фінансаваў апанента, даваў усялякую падтрымку.
«Ну, фінансаваў, даваў, — пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка. — Орбан гэта ведаў. Орбан ведаў, што Еўрапейскі саюз будзе не з ім. Ну дык ты палітык, у цябе цэлая партыя, ты павінен быў супрацьстаяць гэтаму. Таму вось Еўрасаюз у адкрытую падтрымліваў апазіцыю, але ж амерыканцы падтрымлівалі адкрыта Орбана. Таму справа не ў гэтым. Справа ў памылках, якія былі дапушчаны ва ўнутранай палітыцы. Час пакажа, хто меў рацыю, хто вінаваты. Справа не ў гэтым. У нас таксама Захад усё жыццё падтрымліваў і фінансаваў нашу апазіцыю. І што? Нічога. Бо мы праводзім усё ж такі пры ўсіх памылках і недахопах нармальную палітыку ў дачыненні да ўласнага народа. І мы можам народу растлумачыць».
«У аснове маёй палітыкі будзе ляжаць барацьба за справядлівасць»
На пачатку размовы Рык Санчэс адзначыў, што на Захадзе добра ведаюць пра жорсткую пазіцыю Аляксандра Лукашэнкі ў адносінах да карупцыі. Такую пазіцыю нават называюць прафесійнай этыкай беларускага лідара. Журналіст удакладніў, што ляжыць у аснове гэтага.
Прэзідэнт расказаў, што вырас у беднай сям’і і ў жыцці бачыў шмат несправядлівасці. «Гэты прынцып справядлівасці — ён адтуль, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — З таго, што я бачыў гэту несправядлівасць і назаўжды для сябе вырашыў, што ў аснове маёй палітыкі будзе ляжаць барацьба за справядлівасць».
Па словах кіраўніка дзяржавы, карупцыя — гэта абуральная якасць і паказчык несправядлівасці. Беларускі лідар падкрэсліў, што карупцыя ляжыць у аснове самых страшных з’яў, у тым ліку і войнаў.
«Прабачце за нясціпласць, я часта ацэньваю гады свайго прэзідэнцтва — і станоўчае бачу, і адмоўнае, — сказаў беларускі лідар.
— Самая станоўчая мая якасць (тое, што я ўсё ж здолеў, нягледзячы ні на што, захаваць) — вось гэта пачуццё барацьбы з несправядлівасцю. Гэта мой лозунг».
Прэзідэнт заявіў аб намеры сур’ёзна падумаць над кіраваннем краінай. «Можа, нават правесці рэформу кіравання дзяржавай, выкарыстоўваючы вопыт старога, супраць чаго нам раілі заходнікі змагацца. Найперш амерыканцы», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як яшчэ ў савецкі перыяд так званыя «добразычліўцы» з Захаду падбухторвалі да барацьбы з кіруючай і накіроўваючай ролямі Камуністычнай партыі, якая была замацавана ў Канстытуцыі. Як далей будаваць жыццё, тыя ж заходнікі нам раілі і пасля распаду Савецкага Саюза.
«Заходнікі нам рэкамендавалі перш за ўсё шматпартыйнасць, плюралізм меркаванняў і іншае, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Яны нам рэкамендавалі, а мы гэтага прытрымліваліся. У авангардзе ішла, вядома, Расія на чале з Ельцыным. А следам беглі ўсе. У наш мозг укаранілі культ грошай і дабрабыту. Многія прыхапілі самыя смачныя кавалкі, каб быць паспяховымі, багатымі. Да чаго гэта прывяло, вы ведаеце. Асабліва на прыкладзе Расіі: хто мог, хто бліжэй быў да ўлады, той прыхапіў нафту, газаздабыўныя прадпрыемствы — абагаціліся прыстойна».
Аляксандр Лукашэнка ніколі не быў прыхільнікам такога курсу і, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, галасаваў супраць распаду Савецкага Саюза. Пры гэтым ён не адмаўляе, што і ў Кампартыі, і ў сістэме партыйнага будаўніцтва ў СССР былі пэўныя недахопы. Па словах кіраўніка дзяржавы, іх трэба было выяўляць і працаваць над выпраўленнем, як у свой час рабіў Аляксандр Лукашэнка, будучы канструктыўным апазіцыянерам унутры партыі.
«Можа, і патрэбна была рэформа Савецкага Саюза, — лічыць Прэзідэнт. — Дурніцы ў нас хапала. Як цяпер у вас, у Амерыцы: шмат станоўчага, але дурніцы таксама хапае».
Калі Аляксандр Лукашэнка стаў Прэзідэнтам, то не валодаў той уладай, якой валодае цяпер. Аднак гэта не перашкодзіла яму пачаць змяняць краіну. У прыватнасці, былі адменены рэформы, ініцыяваныя Захадам. «Мы пачалі жыць ад жыцця, па сваіх сродках, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — У складаных сітуацыях выбару таго ці іншага шляху трэба прыслухоўвацца не да чужых парад, а да свайго народа.
Мая пазіцыя зыходзіла ад жыцця. Гэта прынцып, якога я прытрымліваюся да гэтага часу: калі не ведаеш, што рабіць, трэба ісці да людзей, яны падкажуць. Яны могуць і не падказаць, але ты павінен убачыць, што трэба рабіць заўтра, зыходзячы з жыцця».
«Задача мая і дзяржавы — стварыць магчымасці для нармальнага жыцця»
Нягледзячы на ўсе цяжкасці і спробы са знешніх бакоў прычыніць Беларусі шкоду, у тым ліку праз санкцыі, іншыя абмежаванні, па словах кіраўніка дзяржавы, краіна жыве і развіваецца. «Вельмі небяспечна гаварыць, што мы добра жывём, — удакладніў ён. — Прэзідэнту небяспечна, таму што хапае ўсяго: і добрага, і дрэннага. Але я заўсёды сваім людзям гавару, што мы жывём так, як гэтага заслугоўваем. У нас ёсць рэальныя магчымасці для таго, каб жыць лепш і нават жыць добра. Але гэта залежыць ад кожнага чалавека. Задача мая і дзяржавы — стварыць магчымасці для нармальнага жыцця».
Калі нехта парушае законы, дзейнічае несправядліва, спрабуе за кошт іншых узбагаціцца, набіць свае кішэні, у Беларусі гэта адразу спыняецца.
«Мы на гэта жорстка рэагуем, чаго б нам гэта ні каштавала, бо гэта прывядзе да вайны, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Як мінімум унутрыпалітычнай, грамадзянскай вайны ўнутры краіны, што можа выліцца, як ва Украіне, у вайну са сваімі суседзямі. Я гэта вельмі добра ведаю і асцерагаюся».
У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў бяздумную палітыку, якую праводзяць многія кіраўнікі краін Еўрапейскага саюза. «Яны не думаюць наперад, — падкрэсліў ён. — Да гэтага дня яны больш за ўсё абапіраліся на Амерыку і думалі, што Амерыка прыйдзе і вырашыць усе іх пытанні. А Трамп ім паказаў, што іх пытанні — гэта іх пытанні, яны не маюць дачынення да Амерыкі. Ён дыстанцыяваўся ад Еўрапейскага саюза, ад Еўропы, ад НАТА нават».
Па словах беларускага лідара, Дональд Трамп даў зразумець, што ён засяродзіўся на інтарэсах ЗША, пытаннях, якія з’яўляюцца важнымі для яго краіны. Сярод іх — Венесуэла, Куба, Іран, у пэўнай ступені барацьба з Кітаем. «Еўрапейскі саюз павінен быў даўно паставіць перад сабой не толькі стратэгічную мэту, але і тактычную — быць самастойнай апорай гэтай планеты», — лічыць Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заўсёды выступаў за захаванне Еўрасаюза і ўмацаванне яго ролі, спрабаваў наладжваць адносіны з еўрапейскімі краінамі. «Не таму, што яны дружалюбныя нам, а таму, што ЕС, ЗША, Кітай, Індыя, якая адраджаецца, Расія — гэта апоры планеты, — патлумачыў беларускі лідар.
— І чым больш такіх апор, тым больш устойлівай будзе сама планета. Я з гэтага філасофскага сэнсу зыходзіў і падтрымліваў Еўрапейскі саюз».
Такой падтрымкі з боку Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Беларусі ніколі не было. Наадварот, супраць нас увялі санкцыі, спрабавалі эканамічна задушыць краіну, пры гэтым папракаючы ў залежнасці ад іншых. «Куды толькі ні „прышпільвалі“ — і да Расіі, і да Кітая, цяпер да Злучаных Штатаў Амерыкі, яшчэ да кагосьці, — заўважыў Прэзідэнт. — Не. Мы тут як невялікая (па мерках Расіі, Амерыкі ці Кітая), сучасная суверэнная, наколькі магчыма, незалежная дзяржава. Мы тут, у цэнтры Еўропы. Так Гасподзь вызначыў месца».
«Я павінен закласці аснову нармальнай, жыццесцвярджальнай палітыкі будучых прэзідэнтаў»
Па словах журналіста, некаторыя лідары, знаходзячыся ва ўладзе, вельмі хочуць, каб у грамадстве іх любілі, і ў той жа час з рэўнасцю ставяцца да негатыўных выказванняў у свой адрас. Рык Санчэс удакладніў, як Аляксандр Лукашэнка адносіцца да таго, што ў краінах ЕС і на Захадзе яго называюць дыктатарам.
«Я прагматык, Гасподзь мяне навёў на думку ўспрымаць сітуацыю такой, якая яна ёсць, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — І ён мне заўсёды падказваў, што любіць цябе ўсе не будуць. А калі ты радыкальны чалавек (няхай у барацьбе за справядлівасць, яшчэ за нешта), то цябе могуць вельмі многія людзі не любіць. Я да гэтага быў гатовы».
Беларускі лідар падкрэсліў, што і тады, і тым больш цяпер быў далёкі ад таго, каб настроіцца на ўсеагульную любоў. «Я не імператар, як Дональд Трамп або Уладзімір Пуцін, — патлумачыў ён. — Яны могуць сабе дазволіць разважаць над тым, каб іх любілі. У мяне не тыя магчымасці, што ў іх. Таму адбываецца вось гэта спакойнае стаўленне да любові, асабліва праз доўгія гады прэзідэнцтва».
У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка згадаў дэталі размовы, якая некалі адбылася з першым Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Барысам Ельцыным. «Я з ім сустракаўся, ён мяне пытаў: „Што здарылася такое, што ў цябе настрой дрэнны?“, — успамінае
Аляксандр Лукашэнка. — А я начытаўся апазіцыйнай, так бы мовіць, заходняй у тым ліку прэсы, а там — усякі бруд. Самае галоўнае — несправядліва, не было таго, што пра мяне пісалі. Я яму пра гэта сказаў.
Ён рассмяяўся і гаворыць: „Ты што, яшчэ чытаеш іх?“ Для мяне гэта было знакавым. Я да гэтага часу памятаю».
Беларускі лідар удакладніў, што па-ранейшаму шмат чытае, і ёсць рэчы, якія выклікаюць вострую рэакцыю. Найперш — гэта несправядлівасць. «Гэта для мяне важна, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Калі чалавек піша пра нешта (несправядлівасць, з якой сутыкнуўся. — „Зв.“), асабліва ў сацыяльных сетках, пачынаем правяраць, але на 99 % гэта няпраўда».
Прэзідэнт цудоўна ведае і тое, што гавораць пра яго ў заходніх СМІ. «Я вопытны чалавек, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я прачытаў: нейкі бруд на мяне льюць — „дыктатар“ і гэтак далей. Я да гэтага спакойна стаўлюся. Калі вы мяне пачалі называць апошнім дыктатарам Еўропы, я тады адрэагаваў: „Ну, тады спяшайцеся, бо я апошні дыктатар Еўропы“. Аджартаваўся».
Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што ў яго няма таго рэсурсу, каб дыктаваць. «Вось у Трампа гэты рэсурс ёсць, і ён дыктуе: у Венесуэле, на Кубе, спрабуе ў Іране дыктаваць, Кітаю — усім краінам нешта прадыктаваць, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Калі ў цябе няма гэтага рэсурсу, то не спрабуй дыктаваць. Дыктатура заўсёды прыводзіць да пэўнага паражэння, да краху. Як адбылося ў вас (у ЗША. — „Зв.“) з Іранам. Няхай не крах, але нешта на паражэнне падобнае».
Прэзідэнт цудоўна разумее, што адносіны да яго на Захадзе маглі б змяніцца, калі б ён выступаў як дэкарацыя для іх палітыкі. «Але я чалавек іншы: падтакваць і быць дэкарацыяй для кагосьці, у тым ліку і для Трампа, я не магу, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
— Справа ў тым, што я першы Прэзідэнт Беларусі і наступная палітыка іншых прэзідэнтаў будзе ў многім заснавана на маёй палітыцы.
Я павінен, як у нас прынята гаварыць, закласці аснову нармальнай, жыццесцвярджальнай палітыкі будучых прэзідэнтаў. Я думаю пра будучыню. Якая будзе Беларусь? Якая будзе палітыка іншых прэзідэнтаў? Што пасля мяне застанецца? Новаму пакаленню што мы дадзім? Гэта галоўнае».
«Яны да нас павінны прыязджаць вучыцца і рабіць адпаведныя высновы»
Рык Санчэс звярнуў увагу на высокі ўзровень падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі з боку насельніцтва. Па словах журналіста, даныя апытанняў, праведзеных беларускімі сацыёлагамі, сведчаць аб падтрымцы 78 % насельніцтва краіны. На падобную лічбу (каля 70 %) указваюць і заходнія сацдаследаванні. «Некаторыя заходнія лідары кшталту Трампа, Макрона, Стармера — яны ўсе разам узятыя, магчыма, не валодаюць такой падтрымкай свайго насельніцтва і яны толькі мараць аб тым, каб іх так падтрымлівалі, — выказаў меркаванне Рык Санчэс. — Можа, яны і гавораць, што вы дыктатар, і вось так да вас ставяцца менавіта таму, што, магчыма, зайздросцяць лічбам?»
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што пэўная зайздрасць адзін да аднаго сярод палітыкаў ёсць. «Вы абсалютна маеце рацыю, я таксама аб гэтым часта думаю, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Дай Бог, каб у пэўнага заходняга палітыка было не 78 %, не 80 %, але хаця б 60 % (падтрымкі насельніцтва. — «Зв».).
Па словах Прэзідэнта, бяда і праблема многіх заходніх лідараў у тым, што яны, прыходзячы да ўлады, ставяць перад сабой мэту атрымаць максімальную асабістую выгаду за кароткі час, замест таго каб дзейнічаць у інтарэсах народа. У якасці прыкладу беларускі лідар прывёў Прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона і канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца.
«Яны часовыя кіраўнікі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Прыйшлі, схапілі і пайшлі — вось аснова іх палітыкі. Яны не думаюць аб народзе Францыі, Германіі і гэтак далей. І ў гэтым іх праблема. Яны нас некалі вучылі: Расію, нас, Казахстан, Украіну, іншыя краіны. А цяпер яны да нас павінны прыязджаць вучыцца і рабіць адпаведныя высновы. А вучыцца і рабіць высновы яны не хочуць».
Часовым кіраўніком Аляксандр Лукашэнка назваў і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. «Ён часовы кіраўнік, у яго 4 гады, — гаворачы аб перыядзе прэзідэнтцтва свайго амерыканскага калегі, заўважыў беларускі лідар. — Што ён за 4 гады зробіць? Нічога. Нічога не зробіць. Таму ў Прэзідэнта павінен быць час для таго, каб увайсці ў гэтую бурную раку і зрабіць адпаведную работу».
Гаворачы аб спекуляцыях наконт вынікаў выбараў у Беларусі і нібыта наяўнасці фальсіфікацый, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што на прэзідэнцкіх выбарах за яго прагаласавала пераважная большасць выбаршчыкаў. Больш за тое, за перыяд, які мінуў пасля выбараў, рэйтынг даверу Прэзідэнту ў краіне значна вырас. На гэта ўказваюць і вынікі сацыялагічных даследаванняў. Пры гэтым, па словах беларускага лідара, гэтага ніхто не аспрэчвае: ні амерыканцы, ні еўрапейцы, ні нават нашы збеглыя.
«Чаму амерыканцы пайшлі са мной на перагаворы? — задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка і тут жа патлумачыў: — Бо яны ведаюць рэальную карціну: яны ведаюць, хто рэальна кіруе краінай і якая роля гэтай збеглай апазіцыі. Так, вам (асобным сілам на Захадзе, у тым ліку ў ЗША. — „Зв“.) хочацца, каб яна мела сілу, вярнулася ў Беларусь і захапіла ўладу. Але гэта вельмі саманадзейна. Так не будзе. Яны (улады ЗША. — „Зв“.) гэта разумеюць, таму размаўляюць з уладай, якая мае тут уладу».
«Самае разумнае стрымліванне і процівагі — гэта народ»
Журналіст адзначыў, што многія заходнія палітыкі, прыходзячы да ўлады, дзейнічаюць у інтарэсах пэўных кампаній, арганізацый, спонсараў, якія іх прывялі да ўлады. Рык Санчэс удакладніў, ці ёсць сілы, якія могуць уплываць на Прэзідэнта Беларусі.
«Ёсць, — сказаў беларускі лідар. — Гэта народ, які мяне выбраў. У яго інтарэсах я гатовы рабіць усё. Але галоўнае — захаваць гэты кавалак зямлі, на якой будзем жыць не толькі мы, але і нашы дзеці. Таму гэта сіла ёсць».
Па словах Прэзідэнта, сістэма кіравання дзяржавай павінна быць уладкавана такім чынам, каб канкрэтныя людзі адказвалі за вынік і людзі маглі з іх спытаць. У кіраўніка дзяржавы, у сваю чаргу, павінна быць дастаткова паўнамоцтваў.
«Быў момант, калі я не меў паўнамоцтваў такіх, як цяпер, — сказаў беларускі лідар. — І я тады на сябе загрузіў максімум паўнамоцтваў і людзям сказаў: „Я нясу за гэта адказнасць“. Так павінны зрабіць адказныя палітыкі, якія хочуць зрабіць нешта для свайго народа».
У нашай краіне Прэзідэнт фарміруе ўрад, кантралюе яго дзейнасць, адказвае за яго работу, чаго няма на Захадзе.
«У вас там незразумела, хто што фарміруе і хто за што адказвае, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — А людзі прызвычаіліся спытаць строга з канкрэтнага чалавека ці групы людзей за вынік. У вас гэта ўсё размыта. Людзі на Захадзе не разумеюць, з каго спытаць строга. Калі спытаць з Мерца ці Макрона, яны скажуць: „Вось нашы паўнамоцтвы, а за астатняе мы не адказваем, за астатняе адказваюць іншыя“. Яны і не імкнуцца ўзяць на сябе адказнасць. У іх занадта шмат багатых спонсараў, якія іх утрымліваюць. І яны з часам пачынаюць працаваць у іх інтарэсах, у інтарэсах гэтых спонсараў, а не ў інтарэсах усяго народа Германіі, Францыі або Вялікабрытаніі. Яны адсядзелі пэўны тэрмін, набілі кішэні і сышлі. У іх добра, а ў народа — дрэнна. Таму я падвяргаю сумненню і крытыцы іх сістэму кіравання і фарміравання органаў улады».
Гаворачы аб спонсарстве ў Беларусі, кіраўнік дзяржавы патлумачыў, што гэта звязана з арганізацыяй культурных, спартыўных мерапрыемстваў, датычыцца гуманітарнай сферы і аховы здароўя.
«Як бы мяне там ні крытыкавалі, ніхто сёння не скажа, што я ўзяў чужое, што я ў інтарэсах пэўнага спонсара ці багатага чалавека нешта зрабіў, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Ніхто. Ну, сказаць могуць, але на стол факты ніхто не паклаў. Няма такіх фактаў. Гэта для мяне бар’ер, які пераадолець не магу.
Я не магу зрабіць так, каб мяне папракнулі за тое, што я сабе штосьці ад нейкіх спонсараў узяў дзеля свайго дабрабыту. Я Прэзідэнт, мой народ, мая дзяржава клапоціцца аб тым, каб я быў у бяспецы, каб ажыццяўляў сваю прэзідэнцкую дзейнасць».
Па словах беларускага лідара, яго перавага ў тым, што ён выйшаў з беднай сям’і, а таму не прызвычаіўся да багацця. «Для мяне гэта не галоўнае, — заўважыў Аляксандр
Лукашэнка. — Я не прызвычаіўся да раскошнага жыцця. Напэўна, ад маці дасталося. Яна мяне заўсёды вучыла: „Сынок, не чапай чужое. Гэта дрэнна. Не сёння, дык заўтра будзе дрэнна“. Я пра гэта памятаю. Сваіх дзяцей да гэтага прывучаю».
Гаворачы аб шырокіх паўнамоцтвах Прэзідэнта ў Беларусі, Рык Санчэс выказаў асцярогу, што ў будучым да ўлады можа прыйсці чалавек, здольны іх выкарыстоўваць у негатыўных мэтах.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў беларусаў ёсць генетычны імунітэт і яны не стануць падтрымліваць такога чалавека. «Гэта дрэнна абернецца для яго, народ гэта не ўспрыме, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — І я гэта разумею. Гэтае разуменне не дасць мне магчымасці, калі я нават захацеў бы, стаць такім дыктатарам. Гэтага не дасць беларускі народ».
Па словах Прэзідэнта, некаторыя заходнія суседзі Беларусі, магчыма, былі б рады, калі б ён пачаў перавышаць паўнамоцтвы, выкарыстоўваць іх на шкоду. «Гэта было б для іх падставай заявіць беларускаму народу: давайце разам супраць яго змагацца, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Гэта была б добрая падстава, справядлівая прычына барацьбы супраць мяне знешніх маіх ворагаў і сапернікаў. Я гэта добра разумею».
Пры гэтым, як адзначыў Прэзідэнт, небяспека перавышэння паўнамоцтваў ёсць у любой дзяржаве, калі там няма разумнай сістэмы стрымлівання і проціваг. «Самае разумнае стрымліванне і процівагі — гэта народ», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Сябраваць трэба і магчыма толькі з тымі, хто з табой хоча сябраваць»
Журналіст адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка — чалавек, які ідзе супраць сістэмы. Ён выказаў меркаванне, што Захад не хацеў бы, каб Беларусь мела добрыя адносіны з Расіяй ці з КНДР. Больш за тое, заходнія краіны не могуць зразумець, што можна выбудоўваць сяброўскія адносіны не на шкоду іншых краін.
«Ісці супраць — гэта ў мяне ў характары, вы правільна заўважылі, — канстатаваў беларускі лідар.
— Можа, і не заўсёды гэта добра, але павінен вам сказаць, што сябраваць трэба і магчыма толькі з тымі, хто з табой хоча сябраваць.
Ну, якое можа ў мяне быць сяброўства са Стармерам ці з Байдэнам? Якое ў мяне магло з ім быць сяброўства, калі ён супраць мяне ўводзіў санкцыі, а еўрапейцы мне накідвалі пятлю на шыю, каб мяне павесіць?»
Па словах кіраўніка дзяржавы, больш чым сяброўскія адносіны ў яго склаліся з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
«З Пуціным мы нават больш, чым сябруем, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы з ім камунікуем як браты. Ён хоча бачыць мяне і сябраваць са мной. Я з задавальненнем сябрую з Пуціным».
Сяброўскія адносіны ў беларускага лідара склаліся і са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. «У нас устанавілася добрая практыка: штогод, як кітайцы назвалі гэта, праводзіць сямейныя сустрэчы, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вось у найбліжэйшы час мы з ім сустрэнемся ў сямейнай абстаноўцы. Я са сваім малодшым сынам, які скончыў Пекінскі ўніверсітэт, прыязджаю да яго ў сям’ю, мы сябруем, мы камунікуем».
Акрамя таго, Прэзідэнт не супраць мець добрыя адносіны з лідарам КНДР Кім Чэн Ынам, якога на Захадзе, паводле яго слоў, дэманізавалі. «Выдатны, разумны, адукаваны чалавек, — сказаў пра свайго паўночна-карэйскага калегу Аляксандр Лукашэнка. — Ён змагаецца за свае інтарэсы, за інтарэсы сваёй краіны. Ён нікому не перашкаджае жыць. Гэта вы яго спрабуеце знішчыць. Ён моцны мужык, спрабуе абараніцца, як можа, як ён гэта разумее. Ён гатовы са мной мець добрыя, дружалюбныя адносіны. Я не супраць».
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы патлумачыў, што сябруе з гэтымі палітыкамі зусім не таму, што яны «ворагі Амерыкі». Беларусь адкрыта і да сяброўскіх адносін з ЗША. «Калі Дональд Трамп гатовы выбудоўваць са мной (Беларусь — Амерыка) сяброўскія адносіны, мы для гэтага адкрыты, і мы гэтага хочам», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы лічыць пажаданым, каб усе сябравалі адно з адным. «Тады не будзе войнаў, тады будзе дапамога адно аднаму, — канстатаваў ён. — І тады Куба і ЗША будуць спакойна існаваць побач адно з адным, з Венесуэлай. І Панама, і Калумбія, і Нікарагуа будуць заўсёды з любоўю... Можа, не з любоўю, але з павагай глядзець на Злучаныя Штаты Амерыкі. Калі ў аснове будзе імкненне да гэтага сяброўства».
Прэзідэнт яшчэ раз паўтарыў, што сябраваць можна толькі з тым, хто з табой хоча сябраваць. «Калі са мной еўрапейцы не жадаюць сябраваць (не я не хачу з імі сябраваць, яны не жадаюць са мной сябраваць), ну як мы будзем з імі выбудоўваць сяброўскія адносіны?» — задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы лічыць важным падтрымліваць добрыя адносіны з суседзямі, нагадаўшы сваё выказванне аб тым, што яны ад Бога. «На тое мы і палітыкі, каб выбраць пэўны план нармалізацыі адносін з гэтым асяроддзем, — канстатаваў Прэзідэнт. — Так, я іх часта называю (кіраўнікоў гэтых дзяржаў, што ў Літве, што ў іншых краінах) шалёнымі. Яны не думаюць пра будучыню, яны дзейнічаюць у інтарэсах багаценькіх, яны дзейнічаюць у інтарэсах Злучаных Штатаў, НАТА, Еўропы. Але вы падумайце пра свой народ. Літоўскі народ — горды, незалежны. Вы рабіце ў інтарэсах гэтага народа. Яны пра гэта не думаюць».
Аднак, нягледзячы ні на што, Беларусь спрабуе наладзіць адносіны з суседзямі. «Не зусім атрымліваецца і не ва ўсім, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба мець цярпенне. На тое мы палітыкі».
«Я вяду дыялог з амерыканцамі не супраць Расіі і не супраць Кітая»
Размова зайшла пра беларуска-амерыканскія перагаворы, некалькі раўндаў якіх адбылося ў Мінску. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў тым ліку ў Расіі яго часам папракаюць, што ён вядзе дыялог з Вашынгтонам. Аднак гэты дыялог не вядзецца супраць найбліжэйшых саюзнікаў Мінска — Масквы і Пекіна, аб чым беларускі лідар выказваўся ўжо не раз. Ён падкрэсліў, што менавіта Расія і Кітай аказалі падтрымку Беларусі, калі Захад уводзіў санкцыі ў адносінах да нашай краіны.
«Калі ў Расіі мяне нехта папракае, што я вяду перагаворы з амерыканцамі, я магу задаць ім пытанне: а вы што, не вядзеце з амерыканцамі дыялог? Вядзеце, — канстатаваў Прэзідэнт. — Але я вяду дыялог з амерыканцамі не супраць Расіі і не супраць Кітая. На першай сустрэчы я ім сказаў: хлопцы, Расія і Кітай — гэта даўнія нашы не проста партнёры, гэта нашы сябры. І калі вы, амерыканцы і еўрапейцы, уводзілі супраць нас санкцыі, Кітай і Расія адчынілі нам дзверы. Мы за кошт гэтага фактычна былі выратаваны. Чаму я павінен сёння супраць іх весці нейкі дыялог і нейкую палітыку?»

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што паміж Беларуссю і Расіяй падпісаны самы цесны дагавор — Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
«Спрабуем выбудаваць пэўную саюзную дзяржаву, ідзём як па тонкім лёдзе, нешта спрабуем зрабіць, — удакладніў ён. — Што, амерыканцы і Захад гэтага не ведалі? Ведалі! І я свята выконваю гэты дагавор».
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ён цудоўна разумее, што Захад даўно ставіў мэту настроіць былыя савецкія рэспублікі супраць Расіі. «Вы заўсёды і нас, і Украіну, і іншыя постсавецкія рэспублікі правакавалі супраць Расіі, — канкрэтызаваў ён. — І Валодзя Зяленскі што-што, а гэта ведаў. Я таксама ведаў і ведаю цяпер».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму добра вядома, як да яго ставяцца на Захадзе. «Яны з задавальненнем мяне перажуюць і выплюнуць, — сказаў Прэзідэнт. — Я гэта цудоўна разумею. Але і ў такой сітуацыі — таму, што я Прэзідэнт гэтай краіны, беларускага народа, — я павінен зыходзіць з інтарэсаў народа, а не ўласных інтарэсаў».
Невыпадкова, па словах кіраўніка дзяржавы, Беларусь вымушана праводзіць шматвектарную палітыку, якая прадыктавана эканомікай. «Мы больш за палову матэрыяльных сродкаў і паслуг, якія вырабляем, прадаём на знешніх рынках, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
— У нас адкрытая эканоміка, таму мы вымушаны свае інтарэсы бачыць на Захадзе, у Расіі, Кітаі і ў Афрыцы. Туды, куды ўсе ідуць — і Расія, і амерыканцы. Гэта наш інтарэс для таго, каб, як я нядаўна сказаў, жыць. Не выжываць, а жыць. За што нас папракаць? Няма за што».
«Гэта палітыка рэальнага Прэзідэнта, які паважае свой уласны народ»
Журналіст RT адзначыў, што раней гучала інфармацыя аб магчымым візіце Аляксандра Лукашэнкі ў ЗША. Рык Санчэс удакладніў у беларускага лідара, ці ёсць у яго такія планы.
Прэзідэнт паведаміў, што гатовы сустрэцца з яго амерыканскім калегам. Пры ўмове, калі будуць урэгуляваны некаторыя пытанні.
«Размова аб вялікай здзелцы ідзе даўно, з першых дзён маіх перагавораў са Злучанымі Штатамі Амерыкі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Няпраўда, што я гару жаданнем пабываць у Злучаных Штатах Амерыкі і проста паціснуць руку Дональду Трампу. Скажу шчыра: прыемна было б убачыць гэтага чалавека асабіста і паціснуць яму руку. Але гэта не самамэта, гэта не галоўнае».
Аляксандр Лукашэнка падзяліўся, якой ён бачыць магчымую сустрэчу з Дональдам Трампам.
«Калі амерыканскі бок бачыць, што заўтра будзе сустрэча васала з імператарам, гэтага не будзе, — заявіў ён. — Гэта не нейкая напышлівасць, не пеўневая нейкая палітыка. Не. Гэта палітыка рэальнага Прэзідэнта, які паважае ўласны народ».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ён не Валодзя Зяленскі, які бегае да Дональда Трампа прасіць грошы або зброю. «Мне гэта трэба? Трэба, — заявіў беларускі лідар. — І грошы нядрэнна, і зброя нядрэнна. Але я разумею, што я ў такой сітуацыі, якая адрозніваецца радыкальна ад пазіцыі Зяленскага. Мне кланяцца і штосьці выпрошваць не трэба. Было б нядрэнна, але пакуль абыходзімся і без гэтага».
Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі бок гатовы да вялікай здзелкі з ЗША. «Але яе трэба падрыхтаваць, каб там былі інтарэсы і Злучаных Штатаў Амерыкі, і Беларусі, — удакладніў ён. — Я не гару жаданнем паехаць да вас у Мар-а-Лага (рэзідэнцыя Дональда Трампа. — „Зв.“) або ў Вашынгтон. Было б нядрэнна. Гэта б сур’ёзна палепшыла нашы адносіны. Прытым вы ведаеце, што я — адзіны ў свеце Прэзідэнт, які адкрыта падтрымліваў Трампа. Я гаварыў:
„Я трампіст“. Пры ўсіх яго недахопах і іншым я яго не кідаю. Я ведаю, што любая мая сустрэча з ім была б на карысць».
Пры гэтым, па словах кіраўніка дзяржавы, амерыканцы павінны зразумець, як гэта зразумелі многія ў Еўропе, што ўведзеныя супраць Беларусі санкцыі не адыгралі сваёй ролі. «Мы прыстасаваліся, таму „палітзняволеныя“, санкцыі — гэта дробязь, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — У нас значна больш пытанняў, якія трэба ўрэгуляваць. І гэта тэма вялікай здзелкі. Як толькі мы гэта падрыхтуем на нізкім узроўні, мы гатовы з Дональдам сустрэцца і падпісаць гэта пагадненне».
Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што Беларусь прыстасавалася да жыцця ва ўмовах санкцыйнага націску. «Вось, гавораць, калій, калійныя ўгнаенні і іншае... — прывёў ён прыклад. — Слухайце, нядрэнна было б, калі б мы свабодна прадавалі гэтыя калійныя ўгнаенні. Але вось на гэты год, калі размову весці, у нас няма свабодных калійных угнаенняў, у нас няма свабодных мінеральных угнаенняў — яны ўсе закантрактаваны. І перадаплата на некаторыя тавары зроблена. Таму нам яшчэ трэба знайсці гэтыя мінеральныя ўгнаенні, каб паставіць у Злучаныя Штаты Амерыкі. Свет вялікі, і мы знайшлі выхад са становішча, якое існуе».
«Вам трэба дамовіцца з Расіяй»
Журналіст удакладніў, ці магчыма такое, што канчатковая мэта Дональда Трампа — праз вялікую здзелку з Беларуссю дамовіцца з Масквой.
«Не ведаю, але я быў бы рады, калі б Дональд Трамп у канчатковым выніку за нашымі размовамі і перагаворамі бачыў значна больш, — адзначыў беларускі лідар. — Таму, я думаю, гэта цалкам магчыма. Можа, ён вывучае пэўную пазіцыю Беларусі, праецыруе яе на Расію. Гэта было б нармальна і разумна. Прынамсі, мы будзем для гэтага рабіць усё».
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, калі амерыканцы дамовяцца з Расіяй, то для Беларусі гэта будзе ў два разы лепш, чым калі амерыканцы дамовяцца з намі. «Вам трэба дамовіцца з Расіяй, і вы можаце дамовіцца, асабліва ў прэзідэнцтва Пуціна, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Гэта такі чалавек, з якім можна не проста размаўляць, а дамаўляцца. Але патрэбна дакладна разумець: паабяцаў — трэба зрабіць».
«Тактычная ядзерная зброя — гэта фактар нашай абароны, нашай бяспекі»
Асобную ўвагу журналіст скіраваў на падзеі, якія разгортваюцца на Блізкім Усходзе. У той жа час ён заўважыў, што ў Беларусі размешчана тактычная ядзерная зброя. Рык Санчэс пацікавіўся, ці адчувае ў гэтай сувязі наша краіна сябе больш абароненай, тым больш у сітуацыі, калі ЗША і Ізраіль дэманструюць агрэсію.
Гаворачы аб Ізраілі, Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтай краіне жыве вельмі шмат нашых суайчыннікаў, разумных людзей.
«Я не думаю, што амерыканцы ставяць сваёй мэтай ваяваць супраць Беларусі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Вось тут якраз наадварот, зыходзячы з тых кантактаў, якія я маю з блізкімі людзьмі Трампа. Не толькі палітыкамі, але блізкімі людзьмі. Я разумею, што нават калі амерыканцы захочуць з намі ваяваць, не дай Бог, то яны будуць ваяваць з тэрыторый балтыйскіх дзяржаў, Польшчы і гэтак далей».
У сувязі з гэтым Прэзідэнт папярэдзіў суседзяў Беларусі ад непрадуманых крокаў.
«Крый іх Божа здзейсніць агрэсію супраць Беларусі, — заявіў ён. — Мы не хочам вайны,
мы не збіраемся з імі ваяваць. Ніякія войны з тэрыторыі Беларусі супраць Польшчы і Літвы немагчымыя. Мы не збіраемся гэтага рабіць, калі нас не будуць уцягваць у гэту вайну і нам не давядзецца адказваць. Мы не хочам гэтага».
Разам з тым, па словах кіраўніка дзяржавы, Беларусь будзе абараняцца ўсімі даступнымі сродкамі, калі ў адносінах да краіны будзе ўчынена агрэсія. «Гэта не значыць, што мы заўтра ж, калі пачнецца там нейкае супрацьстаянне, ударым ядзернай зброяй па тых краінах, праз якія або з тэрыторыі якіх будзе здзейснена на нас агрэсія, — удакладніў ён. — У нас дастаткова іншай зброі, каб гэтаму супрацьстаяць».
Гаворачы пра тактычную ядзерную зброю, размешчаную на тэрыторыі Беларусі, Аляксандр Лукашэнка назваў яе фактарам абароны і бяспекі краіны.
«Як вы думаеце, навошта мне было гэту тактычную ядзерную зброю сюды завозіць і баламуціць цэлы свет? Некага палохаць? Ды не, — сказаў беларускі лідар. — Гэта фактар нашай абароны, нашай бяспекі».
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў выпадку пагрозы існаванню краіны да абароны Беларусі далучыцца і Расія. «Мала не падасца, — падкрэсліў Прэзідэнт. — І мы прыменім усё, што ў нас ёсць. Мы бліжэйшыя іх (расіян. — „Зв.“) саюзнікі. Страціць сёння Беларусь для Расіі непрымальна. Мы юрыдычна звязаны адно з адным.
І Расія адкрыта заявіла, што яна прыменіць увесь арсенал зброі, абараняючы Беларусь. Гэта ведае ўвесь свет. Амерыка ведае, і Еўропа ведае, таму сутыкненне з Беларуссю — гэта сутыкненне з Беларуссю і Расіяй».
Па словах Прэзідэнта, на захадзе Расіі створана адпаведная групоўка, якая імгненна падтрымае беларускую армію, калі гэта будзе неабходна. «Ну, а якая зброя ў іх — вы ведаеце, таму мы не хочам вайны», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Рык Санчэс пацікавіўся меркаваннем беларускага лідара наконт таго, ці хочуць еўрапейцы вайны супраць Беларусі і Расіі.
«Не, гэта немагчыма, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Прынамсі, цяпер яны гэтага не хочуць. Як будзе заўтра? Час пакажа, бо свет настолькі турбулентны, настолькі непрадказальны, што незразумела і невядома, што будзе заўтра, не тое што паслязаўтра. Яны не хочуць сутыкнення з Беларуссю і Расіяй. Ні ў якім разе. Я ў гэта не веру, якая б там ні была рыторыка».
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што цяпер у Еўропы складваюцца не вельмі добрыя адносіны з ЗША, а ваенны канфлікт з Беларуссю і Расіяй можа дрэнна скончыцца для еўрапейцаў. У сувязі з гэтым журналіст пацікавіўся ў Аляксандра Лукашэнкі, ці лічыць ён, што ваеннаму блоку НАТА неўзабаве можа прыйсці канец.
«Не. Нават калі Трамп прыме рашэнне, што НАТА — усё, у яго не хопіць часу гэта ажыццявіць, — адзначыў Прэзідэнт. — Прыйдуць іншыя людзі, якія будуць ратаваць НАТА. Ды і Трамп, і яго людзі разумеюць, што НАТА — гэта не толькі боегалоўкі і грошы Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэта каласальны плацдарм Злучаных Штатаў Амерыкі разам з саюзнікамі на Еўразійскім кантыненце».
«Калі не спыніцца — страціць Украіну»
Асобна размова зайшла пра падзеі ва Украіне. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што адносна нядрэнна ведае Уладзіміра Зяленскага, якому ён спачувае, нягледзячы на крытыку. «Украіну ён ужо атрымаў у гатовым варыянце, — канстатаваў беларускі лідар. — Так, ён павінен быў змяніць гэту палітыку, але ён яе не змяніў — той нацыянальны запал, нацыяналізм, да якога быў схільны ўкраінскі народ. Ён гэту палітыку не пераламаў. Але паколькі ён быў недасведчаны, многімі працэсамі не кіраваў,таму нацыяналісты і ўзялі верх. А ён з гэтым не справіўся. Адносна нешта такое было ў нас, але Бог дапамог мне з гэтым справіцца».
Па словах Прэзідэнта, Зяленскаму не хапіла характару і пэўнага вопыту, каб справіцца з тымі праблемамі, якія існавалі ва Украіне. Па меркаванні беларускага лідара, калі б гэту краіну ўзначаліў разважлівы чалавек, накіраваны на падтрымку ўкраінцаў, за ім пайшоў бы народ.
«Але ён (Уладзімір Зяленскі. — „Зв.“) гэтага не зрабіў, ён не стаў тады лідарам, не стаў і цяпер, — адзначыў Аляксандр
Лукашэнка. — Ён павінен разумець, што плаціць занадта вялікую цану за тое, што адбылося, за тую палітыку, за тую вайну, якая сёння ідзе. Ён павінен гэта зразумець. І ён павінен зразумець, што калі не спыніцца — страціць Украіну. Патрэбна ўзважваць і рабіць адпаведныя высновы. Ён зноў стаў на шлях мілітарызацыі, зноў пайшоў на повадзе ў Захаду, які нібыта дасць яму грошы і дасць зброю».
Прэзідэнт падзяліўся, што яго продкі нарадзіліся ва Украіне і яму шкада ўкраінскі народ, які цяпер плаціць за свае рашэнні: «Яны ведалі, што ён недасведчаны чалавек? Ведалі, — канстатаваў беларускі лідар. — Яны ведалі недахопы? Можа быць, не ведалі. Навошта галасавалі? Яны выбралі рэальна прэзідэнтам Зяленскага».
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у першыя гады свайго прэзідэнцтва ён таксама быў у некаторай ступені «зялёным». «Але ў мяне пад нагамі была зямля, вопыт пэўны жыццёвы, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — А ў яго (Уладзіміра Зяленскага. — „Зв.“) — шоу. І яны гэта таксама ведалі, украінцы, аднак яны яго выбралі. Праўда, там цяжка было з кагосьці выбіраць. Там і ў альтэрнатыве былі такія... Яны яго выбралі і цяпер за гэта плацяць, і вельмі дорага плацяць.
Я не маю права папракаць украінскі народ. Але няхай украінцы разбяруцца. Яны таксама ў гэтым вінаваты. Яны дэмакратычным чынам выбралі гэтага прэзідэнта. Ну, трэба за яго адказваць».
«Вы ўзбударажылі ўвесь мусульманскі свет»
Прадметам размовы стаў і канфлікт на Блізкім Усходзе.
«Пераможцы тут не будзе, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Перамог пакуль крыху мір, але ён такі крохкі, яго трэба яшчэ песціць (перамір’е аб’яўлена) і прыйсці да міру. Тут многае будзе залежаць ад Дональда Трампа. Здаецца, усё ж яго інтуіцыя і пачуцці ўзялі верх. Ён зразумеў, што далей ісці нельга — быць бядзе».
Журналіст RT пацікавіўся меркаваннем беларускага лідара аб тым, адкуль Іран знайшоў у сабе сілы, каб супрацьстаяць ЗША з усёй іх моцай. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым не трэба бачыць якой-небудзь канспіралогіі. Па яго словах, Іран ведаў, дзе знаходзяцца амерыканскія склады зброі і ўзбраенняў і мог паразіць гэтыя цэлі.
«Прывезлі вы там некалькі соцень ракет на авіяносцах, іншых караблях да іранскіх берагоў або ў вас там на базах размешчана пэўная зброя — гэта так, што тут дзівіцца, — канстатаваў Прэзідэнт. — Іран ведаў усе вашы пункты, усе вашы склады зброі і ўзбраенняў у суседніх краінах Персідскага заліва: у Эміратах, Катары, Кувейце і гэтак далей. Дзе ў вас яшчэ? У Саудаўскай Аравіі былі базы. Яны прыстрэляныя былі, калі па-ваеннаму гаварыць, іранцамі».
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі б у Ірана была зброя, супастаўная па магутнасці з амерыканскай, ён мог бы як мінімум сцерці з зямлі Ізраіль. Сваю зброю, як дадаў кіраўнік дзяржавы, Іран схаваў у гарах, і месцы захоўвання аказаліся недасягальныя для амерыканскіх ракет. Калі ЗША пачало здавацца, што яны перамаглі, Іран стаў наносіць удары ракетамі і тысячамі беспілотнікаў.
«Нават „Залаты купал“ (сістэма супрацьракетнай абароны. — „Зв.“) Ізраіля справіцца з гэтым не мог, — канстатаваў беларускі лідар. — Не гаворачы ўжо аб амерыканскіх базах, якія былі ў Персідскім заліве, аб вашых караблях, якія прывезлі туды гэтыя ракеты і выкарыстоўвалі іх».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ЗША знішчылі ў Іране школы, музеі, аб’екты культуры, жылыя дамы, асобныя электрастанцыі, нафтавыя промыслы, а таксама забілі кіраўніцтва краіны. Аднак, па яго словах, гэта не стала катастрофай для Ірана, які змог нанесці ўдар у адказ.
«Вы забілі кіраўніцтва Ірана, і гэта вам адгукнецца, — папярэдзіў амерыканцаў беларускі лідар. — Пасля Венесуэлы вы паказалі сваё аблічча. Забілі — ну і што далей? На месца кіраўнікоў забітых прыйшлі іншыя, больш радыкальныя. Тое, што вы разбурылі дом у адным квартале... Людзі худа-бедна (цёплая краіна) з палаткамі перасяліліся кудысьці і жывуць. Тое, што вы забілі дзяцей, вас не ўпрыгожвае. Іх ужо не вернеш, але гэта не катастрофа для Ірана. І яны сваімі беспілотнікамі, якія, можа, горшыя за амерыканскія, а дзесьці ім не саступаюць, сваімі „шахедамі“, нанеслі адпаведны ўдар».
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Іран, мусульманскі свет зразумелі, што такое амерыканцы. «І вы павінны быць гатовы да таго, што не толькі іранцы, хусіты і іншыя будуць атакаваць амерыканцаў па ўсім свеце, — перасцярог ён. — Будзе атакаваць увесь мусульманскі свет, нават тыя краіны, якія вы лічыце сваімі сябрамі».
Прэзідэнт перакананы, што ў краінах, якія ЗША лічаць дружалюбнымі, з’явіцца нямала людзей, якія будуць настроены супраць амерыканцаў.
«Вы ўзбударажылі ўвесь мусульманскі свет, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — А там людзі моцныя, яны свайго жыцця не пашкадуюць, у адрозненне ад нас з вамі. Не пашкадуюць для таго, каб абараніць свае каштоўнасці. Таму вы разварушылі такі мурашнік, які трэба хутчэй уціхамірыць, супакоіць, пайсці на ўступкі, пайсці дзесьці насустрач. Але зрабіць так, каб вас не білі ва ўсім свеце».
Пры гэтым, па словах беларускага лідара, амерыканцам не трэба думаць аб тым, што ім удасца схавацца за акіянам. «Амерыканцы па ўсім свеце, — заўважыў ён. — Можа, у вас у Вашынгтоне або ў Фларыдзе і будзе спакойна, але ў іншых пунктах вам будзе цяжка».
Аляксандр Лукашэнка параіў кіраўніцтву ЗША ў асобе Прэзідэнта Дональда Трампа, кіраўніка ваеннага ведамства Піта Хегсета і дзяржсакратара Марка Рубіа знайсці мудрасць і магчымасць дамовіцца з Іранам. «Не трэба ісці на повадзе Ізраіля, — удакладніў ён. — Ізраіль хоча ваяваць — няхай ваюе».
«Трэба ўмець слухаць людзей, прыслухоўвацца да іх меркавання і рабіць адпаведныя высновы»
Асобна Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб камандзе амерыканскага лідара.
«У Дональда Трампа няма людзей, якія яму скажуць: „Ты не маеш рацыі“, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — У Байдэна, Абамы і Клінтана (у гэтым я ўпэўнены, Абаму і Клінтана я асабіста ведаю) яны былі. Яны былі цярпімыя да іншага меркавання. І былі людзі, якія гаварылі „не“. І ў першым тэрміне Трампа былі людзі, якія гаварылі „не“. Вазьміце Болтана (экс-саветнік Прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан. — „Зв.“). Ён яму прама гаварыў „не“. Вядома, чым гэта скончылася. Але Трамп разумеў, што ёсць іншае меркаванне».
У другі прэзідэнцкі тэрмін Дональда Трампа, па словах беларускага лідара, сітуацыя змянілася і ў камандзе Прэзідэнта ЗША больш няма людзей, якія могуць сказаць «не». «Усе глядзяць у рот, па стойцы смірна: „Так, так, Дональд, ты маеш рацыю. Дзейнічай, бамбі, ламай, крышы“, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Пры гэтым ён яшчэ і ваенным сваім (ён не кіруе Міністэрствам вайны) ідзе на ўступкі. А ён павінен быць галоўнакамандуючым. І ён павінен камандаваць».
Гаворачы аб асабістых адчуваннях у палітыцы, на што арыентуецца Дональд Трамп, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што часам яны могуць не туды завесці. «Трэба ўмець слухаць людзей, асабліва пры такой уладзе, калі ты ўзначальваеш вялізную імперыю, — перакананы беларускі лідар. — Трэба ўмець слухаць людзей, прыслухоўвацца да іх меркавання і рабіць адпаведныя высновы. Гэтага ў вас няма, і гэта вялікая праблема».
Па словах кіраўніка дзяржавы, Дональд Трамп пачынае гэта разумець. «Але ўжо часу няма для таго, каб гэта выправіць і выбудаваць нармальную палітыку», — канстатаваў беларускі лідар.
«Я думаю аб тым, каб краіна захавалася»
У Прэзідэнта спыталі, што будзе з Беларуссю «пасля Лукашэнкі» і якім яму бачыцца будучыня краіны.
«Гэта для мяне вельмі важнае пытанне, — адзначыў беларускі лідар.
— Я нямала зрабіў для таго, каб Беларусь была такой, якая яна ёсць. Я не стану гаварыць, дрэнная яна або добрая. Вось якая ёсць. Людзям тут жыць нармальна. Мірная, спакойная краіна. Вядома, я думаю аб тым, каб яна захавалася і каб гэта была зямля магчымасцяў для любога чалавека. Каб чалавек мог рэалізаваць сябе тут».
Па словах кіраўніка дзяржавы, у гэтым плане Беларусь дасягнула поспеху. «Мы гэта зрабілі, і чалавек тут спакойна жыве, — канстатаваў ён. — Дзяцей гадуе, адукацыю атрымлівае ў роўных умовах».
Гаворачы аб роўных магчымасцях, Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад свайго малодшага сына Мікалая, які, як і многія дзеці, вучыўся ў вясковай школе, пасля яе заканчэння падтрымлівае адносіны з аднакласнікамі. «Ён заўсёды добра вучыўся, займаючыся з усімі, а ўмовы былі аднолькавыя для ўсіх, я за гэтым уважліва сачыў, — расказаў Прэзідэнт. — Ён у некаторай ступені палову дзяцей з класа перасягнуў. І многія, вельмі многія скончылі ВНУ і атрымалі вышэйшую адукацыю».
Дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці і атрыманым ведам Мікалай Лукашэнка паступіў у Пекінскі ўніверсітэт, які лічыцца адным з найлепшых у свеце. «Ён да гэтага імкнуўся, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але магчымасці былі і для іншых».
Таму Прэзідэнт хоча, каб вось такая Беларусь была захавана. «У кагосьці больш магчымасцяў, у кагосьці менш, але магчымасці ёсць, — падкрэсліў ён. — Прыклад таго — і цяперашні Прэзідэнт».
Журналіст агучыў пытанні, якімі задаюцца на Захадзе. «Ці ва ўсіх у Беларусі ёсць магчымасць прэтэндаваць на тое, каб стаць яе наступным лідарам, або за такія спробы караюць?» — канкрэтызаваў ён.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, так могуць разважаць толькі неразумныя людзі на Захадзе. Ён адзначыў, што вырашаць пытанне, каму кіраваць краінай, будзе толькі беларускі народ.
«Вось як ён вырашыць, так і будзе, — заўважыў Прэзідэнт. — Я ж памятаю, калі мяне першы раз выбіралі. Гэта было рашэнне беларускага народа. І я тады атрымаў 80,3 % галасоў. Народ сцяной за мяне стаяў. Працэнты былі вялікія. Таму я, памятаючы гэта, буду ісці такім шляхам.
Не хоча народ — сілком не будзеш любы, як у нас гавораць».
Па словах Прэзідэнта, у Беларусі шмат добрых, разумных людзей, якія ў перспектыве могуць стаць на чале краіны.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Даслоўна
«Калі Лукашэнка дыктатар, то я — каралева Англіі»
У размове са сваімі беларускімі калегамі вядучы RT, аўтар праграмы «Эфект Санчэса» Рык САНЧЭС адзначыў, што на расійскім тэлеканале, на якім цяпер працуе, ён адчувае большую журналісцкую свабоду незалежнасць, чым у амерыканскіх СМІ, дзе працаваў дагэтуль.
«Інтэрв’ю, якое мы праводзілі сёння, было не падрыхтаванае, —падзяліўся журналіст уражаннямі ад сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. — Гэта была свабодная гутарка двух людзей, якія свабодна абменьваліся ідэямі. Гэта было вельмі цікава. Таму калі Лукашэнка дыктатар, то я — каралева Англіі».

Рык Санчэс заўважыў, што пасля інтэрв’ю з беларускім лідарам ён выйшаў з адчуваннем таго, што цяпер у яго ёсць чалавек, якому можна давяраць, з якім цікава гутарыць, які можа расказаць многае і з якім ёсць чым падзяліцца. «У нас агульныя інтарэсы, у нас агульнае паходжанне, — удакладніў журналіст. — Я нарадзіўся на Кубе, у беднай сям’і, Аляксандр Рыгоравіч таксама з небагатай сям’і. Мы абодва ў цэлым нядрэнна справіліся з жыццём: я паспяховы, Аляксандр Рыгоравіч шмат чаго дасягнуў. У нас агульныя інтарэсы: мы абодва бацькі, мы клапоцімся пра нашы сем’і. Нам ёсць аб чым пагаварыць, магчыма, ёсць аб чым паспрачацца».
Па словах аўтара праграмы «Эфект Санчэса», едучы ў Беларусь, ён думаў, што едзе да дыктатара. «Я амерыканец, у Амерыцы нам кожны дзень гаварылі, што кітайцы — падманшчыкі, расіяне і беларусы — хуліганы, і з імі нельга мець зносіны, Афрыка ўвогуле не мае ніякага значэння, Лацінская Амерыка таксама, на Блізкім Усходзе жывуць толькі тэрарысты, — патлумачыў ён. — І гэта кожны дзень укладваецца табе ў галаву, кожны дзень СМІ гавораць толькі пра гэта. Натуральна, калі я прыехаў сюды, у ходзе гэтай гутаркі зразумеў, што ёсць іншая рэальнасць».

Прыадкрываючы тэмы інтэрв’ю, журналіст адзначыў, што размова ў тым ліку ішла аб патэнцыяле, які ёсць у Рэспубліцы Беларусь, і аб тым, як наша краіна можа дапамагчы ўсяму свету прыйсці да больш устойлівай светлай будучыні. «У прыватнасці, мы абмяркоўвалі ідэю аб тым, што Беларусь можа стаць своеасаблівым мостам, — канкрэтызаваў Рык Санчэс. — Трамп не можа напрамую гаварыць, што ён хоча памірыцца з Пуціным. Трамп не можа напрамую ісці мірыцца ў Расію, бо ў Амерыцы будзе шмат пакрыўджаных, яму гэтага не даруюць. І пабудаваць мост з Вашынгтона да Масквы таксама няпроста. Таму Беларусь можа стаць апорай для такога моста. Лягчэй адразу выбудаваць мост да Рэспублікі Беларусь, паміж Амерыкай і Беларуссю наладзіць гэтыя адносіны, і гэта дасць Трампу магчымасць больш мяккага, плаўнага падыходу да наладжвання адносін з Расійскай Федэрацыяй».
У сваёй праграме журналіст хоча паказаць, што Беларусь — гэта краіна, якой удалося наладзіць сваё жыццё і пазбегнуць многіх праблем, якія ёсць у суседзяў. «Для мяне вельмі важна, каб мая аўдыторыя ўбачыла, што Беларусь і Прэзідэнт Лукашэнка змаглі сказаць „не“ заходняй сістэме, яны адмовіліся скакаць пад дудку Захаду, — падкрэсліў ён. — Беларусь адкрыта для сяброўскіх адносін абсалютна з усімі. Для мяне важна данесці менавіта гэту думку».

Журналісты ў свайго калегі спыталі, ці гатова амерыканская аўдыторыя ўбачыць усходнееўрапейскіх лідараў па-іншаму, не так, як яны ўспрымаліся там дагэтуль. «Цяпер нашмат больш гатова, чым калі-небудзь раней, — акцэнтаваў увагу Рык Санчэс. — З усім, што адбываецца ў Іране, з іншымі падзеямі па ўсім свеце мы проста стаміліся ад таго, што нас прымушаюць удзельнічаць у войнах ад імя іншых краін. Нас прымушаюць удзельнічаць у войнах ад імя Ізраіля, вырашаць нейкія чужыя праблемы, і ад гэтага ў грамадства ўзнікае шмат пытанняў. Асноўнае з іх — куды гэта ўсё прывядзе і як доўга мы будзем ісці гэтым курсам, развязваючы бясконцыя войны, ненавідзець Расію, ненавідзець Кітай, ненавідзець Беларусь і гэтак далей».
Журналіст падкрэсліў, што жыхары ЗША не хочуць войнаў. «Амерыканцам важная Амерыка, Амерыка павінна стаяць на першым месцы, а не праблемы іншых краін і не войны гэтых краін, — удакладніў ён. — Менавіта таму наша аўдыторыя гатова пачуць лідараў Расіі, Беларусі, Кітая, зразумець іх. У нас ёсць магчымасць данесці гэту інфармацыю да амерыканскай аўдыторыі, якая гатова гэта пачуць».