Top.Mail.Ru

«Галоўная каштоўнасць — выбаршчык»

У атрыуме гандлёвага цэнтра «Сталіца» праходзіць унікальны інфармацыйна-асветніцкі праект «Адкрытае веданне». У якасці спікераў выступаюць аўтарытэтныя эксперты, расказваюць пра асаблівасці сённяшняй электаральнай кампаніі і пра тое, чаму так важна прыйсці на выбары.


«У Мінску выбарчая кампанія заўсёды мае асаблівы статус, — адзначыў старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран. — Гэта звязана з тым, што заўсёды ўсе самыя гарачыя палітычныя баталіі адбываюцца ў сталіцы. У Мінску асаблівая ўвага аддаецца кожнаму выбарчаму працэсу і кожнай выбарчай кампаніі. Кожны раз вызначаюцца новыя падыходы для таго, каб наш выбаршчык, наш жыхар горада Мінска разумеў, што асноўнай каштоўнасцю ў адпаведнасці з Канстытуцыяй нашай краіны з’яўляецца чалавек. Такім чынам, уся сацыяльная палітыка, якую рэалізуюць і кіраўнік дзяржавы, і ўсе дзяржорганы, так ці інакш накіравана на тое, каб нашы людзі адчувалі сябе ў бяспецы, пачувалі сябе абароненымі і былі ўпэўненыя ў сённяшнім і заўтрашнім дні. Таму і выбарчая кампанія праходзіць у такім жа ключы — асноўнай каштоўнасцю ў ёй з’яўляецца выбаршчык.  

Паводле яго слоў, свабода выбару — гэта па вялікім рахунку адна з галоўных каштоўнасцяў, якія ёсць і ў дзяржаве, і ў чалавека: «І калі мы гаворым пра выбары, якія праходзяць у той ці іншай краіне, то маем на ўвазе, што людзі выбіраюць пэўны кірунак, палітычны курс сваёй краіны. У нас у краіне сфарміраваны баланс, у тым ліку з дапамогай нашага новага канстытуцыйнага органа, Усебеларускага народнага сходу, і гэты баланс прадугледжвае пэўнае захаванне канстытуцыйнага ладу. Тым не менш роля Прэзідэнта ў гэтай структуры вызначальная. Таму мы разумеем, што сумесна з нашым насельніцтвам выбудоўваем палітычны вектар як мінімум на найбліжэйшае пяцігоддзе, можа быць, і на значна больш. І робім гэта, захоўваючы і прымнажаючы тое, што ёсць у нас у краіне».

Журналіст RT Канстанцін Прыдыбайла пажадаў маладому пакаленню зрабіць правільны выбар: «Важна думаць пра будучыню, пра тое, якой яна будзе. Не бывае такога, што вы „па-за палітыкай“. Яна ўсюды. Мы знаходзімся ў цэнтры Мінска, бачым, што горад выдатны — гэта палітыка. Чалавек забыўся закрыць машыну, а яна стаіць, яе ніхто не кранае — гэта палітыка. Мы спакойна заходзім у метро, трымаем тэлефон, і яго ніхто не крадзе — гэта палітыка. Палітыка ўсюды, а таму ад таго, як мы робім свой выбар, залежыць у цэлым усё наша жыццё. Хочацца пажадаць маладым беларусам зрабіць свой правільны выбар».

Прысутных на праекце чакаў яшчэ і канцэрт. Акрамя таго, ахвотныя змаглі паўдзельнічаць у рабоце інтэрактыўных пляцовак, а таксама азнаёміцца з інфармацыйна-асветніцкай пляцоўкай «Выбірай. ВУ».

***

Рэспубліканскі форум «Маладзёжнае лідарства — сучасны погляд» прайшоў у Мінску. Гэта насычаная адукацыйная і культурная праграма, у якой узялі ўдзел 345 пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, фестываляў і праектаў. Цэнтральнай падзеяй першага дня стала шоу-праграма «Час выбраў нас!», на якой абмеркаванне важных і цікавых тэм чаргавалася з яркімі творчымі нумарамі.

Падчас мерапрыемства міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што сёння наша краіна знаходзіцца на вельмі важным адказным грамадска-палітычным этапе.

— Мы хацелі паглядзець на найлепшых прадстаўнікоў моладзі, каб абмеркаваць, якія ёсць прапановы і ініцыятывы па далейшым развіцці нашай краіны, таму што менавіта ад моладзі і яе выбару залежыць не толькі сённяшні, але і заўтрашні дзень, — заявіў ён.

У сваю чаргу старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка адзначыў, што ў сёлетняй электаральнай кампаніі налічваецца больш як 88 тысяч маладых грамадзян, якія галасуюць упершыню.

— Можна адзначыць вялікую зацікаўленасць, якую праяўляюць да гэтых выбараў маладыя людзі. Мы гэта бачым па дзейнасці нашага Маладзёжнага савета пры Цэнтральнай выбарчай камісіі, выбарчых клубаў, якія створаныя ва ўстановах адукацыі, па іншых мерапрыемствах, да якіх актыўна далучаецца моладзь. Толькі пры ЦВК працуе каля 30 валанцёраў, — сказаў старшыня ЦВК. — Галоўнае — каб моладзь рабіла свой свядомы выбар, супастаўляла яго не з адмаўленнем таго, што рабілі папярэднія пакаленні, а выбудоўвала пазіцыю развіцця нашай краіны, яе эканамічнага і творчага патэнцыялу.

Завяршыўся першы дзень форуму праглядам спектакля «Радавыя» і канцэртнай праграмай «Краіна шчаслівых людзей» заслужанага калектыву Беларусі «Песняры». У другі дзень удзельнікі форуму наведалі экспазіцыі Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра, дзе іх чакала фінальнае мерапрыемства: інтэрактыўная пляцоўка «Глядзім. Слухаем. Абмяркоўваем».

Фота Лізаветы ГОЛАД і Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю