Якія навацыі з’явіліся ў дыягностыцы туберкулёзу апошнім часам, расказала дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пульманалогіі і фтызіятрыі, галоўны пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алена Краткова, паведамляе БелТА.
На сёння ў краіне 54 лабараторыі, абсталяваныя сучаснымі аналізатарамі для ПЛР-дыягностыкі, якія даюць магчымасць атрымаць інфармацыю аб наяўнасці ДНК-узбуджальніка ў біялагічным узоры пацыента (у макроце) на працягу 2-4 гадзін. Адчувальнасць вызначаецца на працягу 48 гадзін.
«Гэта значыць, мы не толькі хутка выяўляем захворванне, але і можам адразу прызначыць эфектыўнае лячэнне, якое адаптавана да канкрэтнага пацыента. У 2025 годзе было выканана больш як 43 тыс. даследаванняў», — адзначыла Алена Краткова.
У 2025 годзе ў краіне ўкаранёна таргетнае секвенаванне для вызначэння лекавай устойлівасці да прэпаратаў другога рада, найноўшых прэпаратаў — бедаквіліну, лінезаліду, прэтаманіду. У гэтым годзе плануецца пайсці далей і ўкараніць полігеномнае секвенаванне.
Дырэктар цэнтра звярнула ўвагу, што 92 % выпадкаў выяўленага туберкулёзу ў 2025 годзе пацверджаны лабараторнымі метадамі, што з’яўляецца вельмі высокім паказчыкам.
Беларусь стала першай краінай ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, якая ўкараніла хуткія лабараторныя малекулярна-генетычныя дыягнастычныя тэсты, а таксама лячэнне ўстойлівых форм з выкарыстаннем сучасных перадавых лекавых прэпаратаў і тэхналогій.
«Нашы клінічныя пратаколы дыягностыкі і лячэння дарослых і дзяцей абноўлены ў адпаведнасці з апошнімі рэкамендацыямі СААЗ. Гэта значыць усё, што ёсць сучаснае ў свеце, у фтызіятрычнай практыцы, даступна і выкарыстоўваецца ў нашай краіне», — адзначыла Алена Краткова.