Пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачванні 27-гадовага жыхара Гомеля ў катаванні цяжарнай жанчыны і яе забойстве з асаблівай жорсткасцю. Падрабязнасці паведамілі БелТА ў службе інфармацыі пракуратуры Гомельскай вобласці.
Паводле матэрыялаў справы, гараджанін не раз падымаў руку на сваю жонку. Часцяком такія разборкі ўчыняў, быўшы нецвярозым або пасля ўжывання псіхатропных рэчываў. «Са жніўня 2025 года па сакавік 2026 года абвінавачаны сістэматычна збіваў сваю жонку на глебе асабістых непрыязных адносін. Гэта здаралася як па месцы жыхарства сваякоў і знаёмых, так і на працы. Біў у вобласць галавы, цягаў за валасы. Працягваў гэта, нават дакладна ведаючы аб цяжарнасці жонкі», — паведамілі ў пракуратуры.
Трагедыя здарылася ў канцы сакавіка гэтага года ў здымнай кватэры. «Нецвярозы абвінавачаны збіў жонку з асаблівай жорсткасцю: не менш за 35 разоў ударыў рукамі, нагамі і тупымі прадметамі па розных частках цела. Каля 12 удараў прыйшлося ў вобласць галавы. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў жанчына памерла. На момант забойства тэрмін цяжарнасці складаў не менш за 10 тыдняў», — расказалі ў абласной пракуратуры.
Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Гомельскага гарадскога аддзела СК. Пасля вывучэння матэрыялаў у пракуратуры Гомельскай вобласці адзначылі абгрунтаванасць абвінавачання і аб’ектыўнае даследаванне абставін злачынства. Пагадзіліся і з кваліфікацыяй учыненага па ч. 2 арт. 154, п. п. 3, 6 ч. 2 арт. 139 КК.