У Мінску на наступным тыдні пройдзе фінальны этап рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі «Марафон адзінства». Жыхароў і гасцей сталіцы чакае больш як 70 яркіх падзей, уключаючы канцэрты, майстар-класы і ўнікальныя праекты, якія будуць праходзіць штодзень з панядзелка па нядзелю. Аб гэтым БелТА расказала кіраўнік рабочай групы па арганізацыі і правядзенню «Марафона адзінства» Ганна Лукашэнка.
«Кожны дзень у нас будуць мерапрыемствы ў навучальных установах, на прадпрыемствах. Упадабаныя і традыцыйныя майстар-класы ад артыстаў Прэзідэнцкага аркестра і Вялікага тэатра Беларусі зноў парадуюць гледачоў. Упершыню пройдзе майстар-клас артыстаў Купалаўскага тэатра ў Акадэміі мастацтваў», — адзначыла Ганна Лукашэнка.
Паводле яе слоў, асаблівае месца зоймуць унікальныя мерапрыемствы, якія нідзе раней не праводзіліся. «Запланаваны канцэрт на Камароўскім рынку, выступленне Прэзідэнцкага аркестра ў новым выставачным цэнтры, ноч адкрыццяў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Акрамя таго, адбудзецца маладзёжны караоке-батл «Код ДНК» у гандлёвым цэнтры «Сталіца». Праграма марафону будзе вельмі насычанай», — дадала яна.
Ганна Лукашэнка падкрэсліла, што «Марафон адзінства» разлічаны на самае шырокае кола гледачоў. «Я ўпэўнена, што марафон не застанецца незаўважаным жыхарамі сталіцы. Кожны жадаючы зможа знайсці нешта для сябе — як забаўляльнае, так і пазнавальнае, і стаць удзельнікам свята адзінства», — сказала яна.
Фінальным акордам марафона стане вялікі канцэрт на «Мінск-Арэне». «Канцэрт збярэ больш за 10 тыс. гледачоў і стане зусім новым, унікальным шоу. Ён не будзе паўтараць папярэднія этапы марафону і будзе пабудаваны па іншых прынцыпах. Галоўны акцэнт — на сучаснай Беларусі. Мы гаворым аб тым, якія мы, чым ганарымся і што нясём у будучыню», — адзначыла кіраўнік працоўнай групы.
Паводле слоў Ганны Лукашэнкі, у канцэрце прымуць удзел творчыя калектывы з усёй Беларусі. «Фінальны канцэрт — гэта зусім новы прадукт з новымі балетамі, новымі падыходамі і новымі песнямі», — падкрэсліла яна.
Ганна Лукашэнка ўпэўнена, што шоу на «Мінск-Арэне» заслугоўвае ўвагі. «Гэта канцэрт для ўсіх: і для тых, хто прыйдзе на мерапрыемства, і для тэлегледачоў, якія змогуць убачыць трансляцыю», — дадала яна.
Цёплыя асацыяцыі, успаміны аб дзяцінстве. «Век беларускага кіно» пакажуць на «Марафоне адзінства» ў Мінску
Выставачны праект «Век беларускага кіно» пакажуць 21-26 студзеня ў час грамадска-культурнай акцыі «Марафон адзінства», паведаміла БелТА загадчыца Музея гісторыі беларускага кіно, філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Вераніка Себруковіч.
«Разнастайнасць жанраў і тэм, адлюстраваных у сучасным беларускім кіно і фільмах, якія ўвайшлі ў залаты фонд, можна ўбачыць з 21 па 26 студзеня на выставе «Век беларускага кіно» падчас рэспубліканскай акцыі «Марафон адзінства» ў Мінску», — сказала Вераніка Себруковіч.
Загадчыца музея адзначыла, што выстава «Век беларускага кіно» прымеркавана да 100-годдзя беларускага кінематографа, які адзначаўся ў 2024 годзе. Распавядае пра фільмы, якія ствараліся з 1926 году. Гаворка ідзе пра мастацкі фільм «Лясная быль» (рэжысёр Ю. Тарыч). Экспазіцыя таксама апавядае аб сучасных кінакарцінах, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, дзяржаўнай сімволіцы, карцінам на гістарычную тэматыку, якія выпускае кінастудыя «Беларусьфільм».
Правядзенне выставы падчас рэспубліканскай акцыі «Марафон адзінства» ў Мінску стане кульмінацыяй гэтага праекта. Выставачны праект быў падрыхтаваны спецыяльна да XXX юбілейнага Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» і быў прадстаўлены на пляцоўцы Палаца Рэспублікі. Пасля гэтага выстава наведала Віцебск.
«Гэта быў першы рэгіён, дзе мы прадставілі праект у ходзе рэспубліканскай акцыі «Марафон адзінства», што вельмі сімвалічна. Першы кінапаказ на тэрыторыі Беларусі адбыўся ў 1898 годзе менавіта ў Віцебску», — заўважыла Вераніка Себруковіч.
Далей экспазіцыя пераехала ў Гродна. І гэта таксама даволі сімвалічна, бо шмат якія фільмы здымаліся ў гэтым горадзе. «Сярод іх карціны «Белыя Росы», «Чырвонае лісце», якія расказваюць аб сапраўднай гісторыі, біяграфіі дзяржаўнага і палітычнага дзеяча Сяргея Прытыцкага, які таксама звязаны з Гроднам», — дадала загадчыца музея.
Паводле яе слоў, экспазіцыя выклікае цікавасць наведвальнікаў. Напрыклад, у Гродне выставу прапанавалі на нестандартнай лакацыі — у гандлёва-забаўляльным цэнтры. Асноўная аўдыторыя — сем’і і моладзь.
«Моладзь вельмі цікавіцца. Праходзячы міма, яны яшчэ не ведаюць, што ўбачаць. Заходзяць на экспазіцыю, бачаць арыгінальныя касцюмы, рэквізіт і даведаюцца па іх дзіцячыя фільмы. Глядзяць на банеры апошніх фільмаў, на якія, магчыма, хадзілі, у многіх экспанатаў затрымліваюцца, — распавяла Вераніка Себруковіч. — Многія дарослыя, якія прыходзяць з дзецьмі, дзеляцца ўражаннямі і кажуць, што дома абавязкова паглядзяць «Прыгоды Бураціна».
Дарэчы, у многіх гродзенцаў цёплыя асацыяцыі з фільмам «Белыя Росы». «Адзін наведвальнік пасля выставы вельмі нам дзякаваў. Сказаў, што пагрузіўся ў сваё дзяцінства. Ён рос у тым раёне. Бачыў, як аднакласнікі здымаліся ў масоўцы. Вядома ж, гэта добрыя асацыяцыі, звязаныя з успамінамі аб дзяцінстве, гэтае апусканне ў кіно. Людзі бачаць, як прадстаўлены працэс кіназдымкі. Тэхнічны бок ім таксама цікавы», — сказала загадчыца музея.
Паводле яе слоў, выстава разнапланавая, таму цікавая любому пакаленню: не толькі тым, хто глядзеў і памятае гэтыя фільмы, але і тым, у каго ўзнікла жаданне іх паглядзець.