Top.Mail.Ru

Ганна СЯЛУК: «Трэба любіць сваё па-сапраўднаму»

У наш час, калі імкліва мяняюцца ідэалы, акцэнты і скажаецца змест, важна заставацца сабой, прымнажаючы прыгажосць, любоў і веру. Кожны з нас робіць гэта па меры сваіх сіл, талентаў і магчымасцяў. У размове з нашай госцяй — паэтам-песеннікам Ганнай Сялук (Ганнай Сяргееўнай Лукашэнка) разважаем пра творчасць, поспех і важныя ролі сучаснай жанчыны.



Шчырасць і талент заўсёды знойдуць падтрымку

— Ганна, вы вядомая шырокай аўдыторыі як аўтар мноства песень. Скажыце, ці не страціла творчасць для вас свайго чараўніцтва?

— Цікавае пытанне, дзякую! Мне здаецца, што творчасць, незалежна ад сферы, у якой нешта ствараеш, — гэта першапачаткова і заўсёды чараўніцтва. 

— Калі за плячыма ўжо дзясяткі песень у розных жанрах, дзе знаходзіце зыходныя кропкі для стварэння новых гісторый?

— У розных жыццёвых сітуацыях, у людзях, у прыгажосці прыроды. Насамрэч крыніцай натхнення можа быць усё, што заўгодна. З’яўляецца слова альбо фраза, якая здаецца цікавай, і з яе ўжо нараджаецца ўвесь тэкст.

— Што робіць аўтара-песенніка ўнікальным і пазнавальным? Наколькі важны тандэм аўтара і выканаўцы для поспеху кампазіцыі?

— Калі прааналізаваць тэксты розных аўтараў, то можна заўважыць, што ў кожнага ёсць свае вобразы і моўныя абароты, якія сустракаюцца даволі часта і, мабыць, з’яўляюцца ў значнай ступені адлюстраваннем яго ўнутранага свету. Безумоўна, важна, каб гэтыя ж вобразы былі блізкімі і выканаўцу, таму што толькі так ён зможа іх максімальна шчыра данесці да слухача. 

— Вы вядомыя таксама як чалавек, які мае дачыненне да шэрагу важных у нашай краіне праектаў, такіх як акцыя «Марафон адзінства», праект «Зорны шлях», канцэрт-рэквіем «Кожны трэці», якія рэалізоўваліся і працягваюць жыць на розных пляцоўках. Які з іх дазволіў вам у найбольшай ступені адчуць, што трапілі ў запыт часу?

— Яны вельмі розныя, іх складана параўноўваць. Мабыць, кожны праект з’явіўся менавіта ў той час, калі ён быў неабходны. А ўвогуле, безумоўна, вельмі прыемна і радасна разумець, што ў такіх праектах ёсць частачка цябе, што ты змог зрабіць у сваім жыцці нешта важнае і карыснае. І асабліва цешыць, калі праекты працягваюць жыць. Напрыклад, сёлета запланаваны паказы нашага канцэрта-рэквіема «Кожны трэці» ў Казані напярэдадні 81-й гадавіны Перамогі, а восенню, у Дзень памяці ахвяр блакады Ленінграда, мы пакажам яго ў Санкт-Пецярбургу. 

— Ці варта гледачам чакаць ад вас працягу работ у духоўна-патрыятычным ключы?

— Наколькі хопіць маіх творчых магчымасцяў і сіл — канешне. 

— У адным інтэрв’ю вы адзначылі: «Сёння дзяржава дае магчымасць пачынаючым музыкантам прадэманстраваць свой талент і нават ставіць гэту задачу ў прыярытэт». Ці заўсёды творчыя людзі цэняць магчымасці, якія ім прадастаўляюць?

— Складана сказаць, ці заўсёды творчыя людзі, асабліва пачынаючыя артысты, усведамляюць унікальнасць прадастаўленых ім магчымасцяў. Таму што практычна кожны выканаўца, незалежна ад яго папулярнасці і рэгалій, можа расказаць пра сваю творчасць на галоўных беларускіх тэлеканалах, і нават зрабіць прэм’еру песні ў прамым эфіры. Ва ўсіх дзяржаўных канцэртах абавязкова ёсць блокі з удзелам моладзі, прычым з розных куткоў нашай краіны. Ну і, вядома, нельга не згадаць спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, які штогод фінансава падтрымлівае маладых выканаўцаў. Здаецца, што для поспеху артысту ў дадзенай сітуацыі трэба проста не сядзець на месцы, а ствараць нешта новае і развівацца, і ён абавязкова будзе заўважаны і падтрыманы. Хочацца верыць, што нават калі не адразу, то па меры сталення, маладыя артысты ў поўнай меры зразумеюць і ацэняць рэальны аб’ём магчымасцяў з боку дзяржавы і будуць ёй удзячны.

Кожнаму ёсць чым ганарыцца

— З чаго пачынаецца выхаванне любові да свайго, роднага? Ці змяняецца сёння стаўленне да таго, што нараджаецца на беларускай зямлі?

— Вядома ж, з дома і сям’і. З разумення таго, што твая Радзіма — лепшая, таму што ты тут нарадзіўся; твой дом — лепшы, таму што ў ім жывуць твае блізкія. І не можа быць іначай. За апошнія гады мы ўсе прайшлі вялікі шлях да разумення каштоўнасці таго, што ў нас ёсць. Але нам трэба навучыцца не проста цаніць, а любіць сваё па-сапраўднаму. 

— Чым кожны з нас сёння можа ганарыцца, як жыхар Беларусі?

— Нагод для гонару ў нас шмат, і яны вядомыя кожнаму: гэта і прадукты харчавання, і прамысловасць, і статус касмічнай дзяржавы, і многае іншае. Аднак вельмі хочацца сказаць і пра іншыя нагоды для гонару. Аб тым, што сёння мы ўсе маем магчымасць проста спакойна жыць, у бяспецы і пад мірным небам гадаваць дзяцей, атрымліваць якасную адукацыю і медыцынскае абслугоўванне, годна працаваць і адпачываць. Здаецца, гэта простыя і відавочныя рэчы, але далёка не ўсюды ў свеце яны рэалізаваны так, як у нас. А яшчэ мы можам ганарыцца сабой. Беларусы — працавітыя, прыстойныя, адказныя людзі з чыстым сэрцам.

— У розныя часы на першы план у грамадстве выходзяць тыя ці іншыя сацыяльныя ролі жанчын. У дадзеным кантэксце, што характарызуе і выдзяляе сучасных беларусак?

— Бадай, уменне быць максімальна эфектыўнай у любой справе. «Она сеет, рубит, пашет, и не жалуется даже» — гэта дакладна пра нас. І пры гэтым беларускія жанчыны былі, ёсць і застаюцца вельмі прыгожымі як знешне, так і ўнутрана. 

— Кім з жанчын у сваім родзе вы захапляецеся?

— Вядома ж, мамай. Яе спагадлівасцю, мудрасцю і сілай духу. 

— Як лічыце, што аказвае важны ўплыў на фарміраванне паспяховай жанчыны?

— Гледзячы што лічыць паспяховасцю. Для адных паспяховасць — зрабіць кар’еру ці рэалізавацца ў нейкай сацыяльнай місіі; для іншых — выйсці замуж і займацца выключна домам і сям’ёй. У кожнай жанчыны свае чаканні ад жыцця, адпаведна, і крытэрыі паспяховасці ва ўсіх розныя. У любым выпадку, усе мы жывём у пэўнай сістэме сацыяльных адносін і жыццёвых абставін, менавіта яны і вызначаюць, ці можам мы ў поўнай меры стаць паспяховымі там, дзе нам хацелася б. Ну і, канешне, немалаважна наша асабістае імкненне да сваіх мэт і мар, а яшчэ падтрымка і вера блізкіх людзей.

Поспех пазбаўляе права на памылкі?

— На што вы арыентуецеся, прымаючы жыццёва важныя рашэнні?

— На аналіз сітуацыі з розных бакоў і інтуіцыю.

— Па вашым вопыце, як поспех і запатрабаванасць жанчыны змяняюць стаўленне да яе з боку яе акружэння?

— Поспех і запатрабаванасць, акрамя прыемных бонусаў у выглядзе павышэння асабістай і грамадскай значнасці, як правіла, маюць і адваротны бок. Скарачаюцца асабісты час і прастора, значна ўзрастае адказнасць за любыя словы і ўчынкі. Паспяховы чалавек жыве без права на памылку, таму што ён у пэўнай меры становіцца прыкладам для іншых. Гэта няпростая ноша. І шчаслівая тая жанчына, якая знаходзіць падтрымку ў сваім акружэнні, асабліва ў самым блізкім акружэнні, дзе за яе могуць і шчыра парадавацца, і падставіць плячо ў складаную хвіліну. 

— Як успрымаеце крытыку і нядобразычлівасць у свой адрас? І наколькі вы самі крытычна ўспрымаеце ўсё, што ствараеце?

— Канструктыўная крытыка карысная, асабліва, калі яна гучыць ад прафесіяналаў. Нядобразычлівасць, вядома ж, непрыемная. Але ёсць разуменне, што ты не можаш падабацца ўсім. Мы ўсе розныя, у кожнага свая сістэма каштоўнасцяў і ўспрымання свету. А вось крытычнасць да сябе — гэта мой верны сябар. Я вельмі самакрытычны чалавек. Усё, што раблю, стаўлю пад доўгія сумненні, і вельмі рэдка бываю задаволена сабой.

Сям’я раскрывае патэнцыял жанчыны

— У сям’і жанчына — гэта чалавек, на якім усё трымаецца. Ці павінны мы быць у сябе на першым месцы, пра што так шмат гавораць, ці ўсё ж такі гэта не зусім блізка нашай культуры?

— Так, быць у сябе на першым месцы — гэта папулярны апошнім часам псіхалагічны пасыл. Але, здаецца, гэта сапраўды не зусім характэрна для беларускіх жанчын. Безумоўна, трэба пакідаць час і для сваіх інтарэсаў, і таго, што табе важна. Аднак калі жанчына будзе ў сябе на першым месцы, то на якіх месцах будуць дзеці, муж, бацькі, дом, работа? Гэтая складаная сістэма каардынат можа паспяхова функцыяніраваць толькі знаходзячыся ў балансе і раўнавазе, і тады ў ёй усе будуць шчаслівыя. 

— Пасыл «берагчы сябе», у чым асабіста для вас заключаецца?

— Берагчы сябе я, шчыра кажучы, не вельмі ўмею. Ну, калі толькі не казаць аб тым, каб апрануцца цяплей, калі холадна. Калі ж гаворка ідзе глабальна пра здароўе і неабходнасць адпачываць, то гэта словы і пасыл, які я звычайна адрасую сваім блізкім і сябрам. І стараюся сачыць, каб яны яго выконвалі. 

— Што самае каштоўнае ў плане вопыту і пазнання сябе вам дало мацярынства?

— Думаю, кожная жанчына пагодзіцца з тым, што мацярынства раскрывае патэнцыял, пра які нават не мог падумаць: рабіць мноства спраў адначасова, вучыцца цярпенню і разуменню, прымаць самыя складаныя рашэнні, звязаныя з жыццём і лёсам дзіцяці. Калі становішся маці — ты ўжо больш ніколі не належыш толькі сабе. Гэта вялікая адказнасць, але і вялікае шчасце. 

— Чаму нам важна вучыць сваіх дзяцей? І як варта выбудоўваць з імі адносіны, каб па жыцці заставацца самымі блізкімі людзьмі?

— Важна вучыць дзяцей сумленнасці, працавітасці і павазе. Уменню радавацца дробязям, любові да жыцця і да людзей. Няма ўніверсальнага рэцэпта, як па жыцці заставацца блізкімі людзьмі, кожная сям’я праходзіць свой шлях. Але гэтыя прынцыпы і каштоўнасці, мне здаецца, патрэбны ў любых узаемаадносінах. 

Шчасце — быць патрэбным

— Прыгажосць, любоў, здароўе. Што з гэтага шэрагу ў вас у прыярытэце?

— Любоў да родных людзей і іх здароўе. 

— Што дапамагае вам аднаўляць сілы і падтрымліваць баланс сярод мноства паўсядзённых спраў?

— Як бы тое дзіўна не гучала — новыя задачы і справы. Калі яны цікавыя, то ты абавязкова знаходзіш на іх сілы і радуешся іх рэалізацыі. 

— Як мяняецца ваша ўспрыманне сябе з пазіцыі ўзросту і асабістых дасягненняў?

— Мне здаецца, чым старэйшым становішся, тым меншую важнасць набываюць для цябе твае ўласныя дасягненні і тым больш важнымі становяцца поспехі і дасягненні дзяцей і блізкіх людзей. 

— У кожнага з нас свой унікальны рэцэпт шчасця. Якія галоўныя яго складнікі ў вас?

— Сям’я і магчымасць рабіць штосьці патрэбнае для людзей.

Запісала Алена ДРАПКО
Фота з архіва гераіні


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю