Дзікая прырода актыўна «ўрбанізуецца». Жывёлы вымушана пакідаюць прыроднае асяроддзе і перасяляюцца ў гарады. Або, прынамсі, без сарамлівасці заходзяць у госці да чалавека. Так адбываецца ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі.
Віной таму — змяненне клімату, якое павялічвае канкурэнцыю за ежу і прымушае жывёл пакідаць месцы пражывання ў пошуках новых тэрыторый, адзначаюць навукоўцы. Вінаватыя і людзі, якія ў апошнія дзесяцігоддзі актыўна забудоўваюць прыродныя тэрыторыі. У месцах, дзе раней «не ступала нага чалавека», сёння высяцца новыя шматпавярховікі або растуць, як грыбы, таўнхаусы. Заолагі прагназуюць: у найбліжэйшыя гады з’яўленне дзікіх звяроў на вуліцах мегаполісаў, не кажучы аб невялікіх гарадках і мястэчках, будзе адбывацца ўсё часцей і часцей. Пра тое, як нам навучыцца жыць з новымі «суседзямі», размаўляем з начальнікам аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, нетраў, біяразнастайнасці, асабліва ахоўных відаў Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццянай Бас.
Мядзведзь у сталіцы
Прырода актыўна адаптуецца да чалавека, укараняецца ў наша жыццё, і прычын таму шмат. «Сапраўды, з гэтай нагоды цяпер нямала зваротаў: па Заслаўі бегаюць лісы, у аграгарадкі прыходзяць ваўкі, а ў адным з раёнаў Мінска быў нават заўважаны мядзведзь, — расказвае Таццяна Бас. — Раніцай на прабежцы паблізу МКАД мужчына ўбачыў нейкую жывёлу і вырашыў, што гэта вялікі сабака. Але крыху пазней разгледзеў, што гэта мядзведзь. Патэлефанаваў у МНС. На шчасце, мядзведзь нікому не прычыніў шкоды... Ну, а совы ў гарадскіх парках, вожыкі ў дварах шматпавярховікаў, заяц на заднім двары школы або бабры каля дачных пасёлкаў сталі ўжо звыклай з’явай».
Калі дзікая прырода прыходзіць у буйныя гарады, што казаць пра невялікія населеныя пункты? Справа ў тым, адзначаюць навукоўцы, што сёння ў Беларусі большасць вёсак — гэта, па сутнасці, аграгарадкі (нават калі не маюць такога статусу). І калі раней у вёсках было дастаткова хатніх жывёл (сабак і катоў), то сёння ўклад жыцця там, уласна кажучы, гарадскі. А паколькі «сваёй фаўны» там няма, дзікім жывёлам няма каго баяцца і ёсць дзе «разгарнуцца», пры тым што сучасны чалавек выкідвае значную колькасць ежы, якая становіцца лёгкай крыніцай харчавання для дзікіх жывёл. Як сведчыць практыка, сучасны чалавек да такога суседства пакуль не гатовы, адзначае Таццяна Бас.
Страх згубілі?
— Ці можа быць прычынай такой дзікай «урбанізацыі» тое, што ў апошнія дзесяцігоддзі ў нашай краіне актыўна аднаўляюцца папуляцыі жывёл, якія раней былі на мяжы знікнення, — рысяў, мядзведзяў, баброў?
— Так, паўплывала і гэта, — згаджаецца суразмоўца. — Напрыклад, папуляцыя баброў, якія яшчэ паўстагоддзя таму знаходзіліся на мяжы вымірання, сёння адноўлена цалкам — у Беларусі яны выключаны з Чырвонай кнігі і на іх дазволена паляванне. Тое ж датычыцца і бурага мядзведзя: папуляцыя адноўлена, паляванне дазволена.
— Аднаўленне віду — доўгі і няпросты працэс, на гэта патрабуецца як мінімум 70 гадоў, — адзначае Таццяна Бас. — Калі казаць пра бабра рачнога, то Бярэзінскі біясферны запаведнік (першая запаведная тэрыторыя ў Беларусі) якраз пад гэты від і ствараўся ў 1960-я, калі бабры былі на мяжы знікнення. Пасля таго як дазволілі паляванне на бабра і мядзведзя, колькасць жывёл гэтых відаў будзе адрэгулявана.
А пакуль што «адноўленыя» мядзведзі раз-пораз наведваюцца ў госці да чалавека.
— У Лагойскім раёне нядаўна быў заўважаны мядзведзь, у Смалявіцкім, — пералічвае суразмоўца. — Справа ў тым, што натуральны арэал панавання бурага мядзведзя вельмі вялікі — каля
50 кіламетраў у дыяметры. І калі раней такая тэрыторыя перадавалася пад ахову (як сёння з рыссю, чыё месца палявання для адной асобіны — каля 70 гектараў), то цяпер гэтага не адбываецца, паколькі мядзведзі ўжо не з’яўляюцца «чырванакніжнікамі».
Застацца чалавекам
У Чырвонай кнізе Беларусі застаецца нямала відаў, кажа Таццяна Бас. Шмат птушак, у тым ліку драпежных.
— І грамадзяне тэлефануюць нам з прэтэнзіямі: маўляў, займаюся развядзеннем дэкаратыўных курэй і галубоў, а ваш «ахоўны» падорлік крадзе і есць маіх дэкаратыўных курачак, — распавядае суразмоўца. — Што мы можам парэкамендаваць у такой сітуацыі? Толькі звярнуцца ў Нацыянальную акадэмію навук з просьбай выключыць падорліка з Чырвонай кнігі «за дрэнныя паводзіны». Гэта, вядома, жарт. Але на самай справе, сапраўды, менавіта НАН вызначае, наколькі ўстойлівая тая ці іншая папуляцыя, як яна развіваецца і ці мае патрэбу ў ахове. Тэрыторыя нашай краіны, як і любой іншай, — гэта ўнікальная экасістэма, дзе ўсе кампаненты павінны ўзаемадзейнічаць паміж сабой у правільных «прапорцыях».
Прыкладаў таго, як людзі няправільна рэагуюць на суседства з дзікімі жывёламі, нямала. Так, адзін з выпадкаў «барацьбы» з бабрамі літаральна ўзрушыў прыродаахоўнікаў. «Нядаўна ў адным з раёнаў спалілі бабровае паселішча — хаткі, у якіх згарэлі і дарослыя асобіны, і бабраняты», — расказала Таццяна Бас.
Такія бесчалавечныя прыклады паводзін людзей, на шчасце, у нашай краіне адзінкавыя, адзначае яна. Значна часцей людзі проста тэлефануюць у МНС або міліцыю, баючыся за свае жыццё і маёмасць. Часам страхі абгрунтаваныя, часцей — не.
Больш за ўсё, кажа спецыяліст, людзі баяцца, што жывёла шалёная. У гэтым выпадку, зразумела, звера, па рашэнні ветэрынараў, знішчаюць.
Не «наламаць дроў»
Але ўсё ж звычайна — да гонару нашых людзей — звароты гучаць не «забярыце ад нас жывёлу», а «выратуйце жывёлу», адзначае Таццяна Бас. Іншая справа, што ў клопаце пра «братоў меншых» сучаснаму чалавеку, далёкаму ад прыроды, лёгка «наламаць дроў».
— Напрыклад, людзі падкормліваюць лебедзяў. Усім здаецца, што птушкі гінуць. Але булкі і батоны не карысныя для іх — больш за тое, наносяць непапраўную шкоду іх здароўю. Да таго ж, чалавечыя «падачкі» правакуюць дзікіх птушак наогул нікуды не ляцець, не шукаць харчаванне: яны пачынаюць чакаць ежы ад чалавека. Яшчэ адзін распаўсюджаны варыянт «дапамогі» — калі людзі бяруць дзікіх жывёл, якія апынуліся ў бядзе, дадому, лечаць і кормяць іх па ўласным разуменні, а потым тэлефануюць нам: мы думалі, ён ачуняе і сыдзе, а ён не сыходзіць. Правільна было б патэлефанаваць спецыялістам адразу, убачыўшы параненую дзікую жывёлу або птушку. Тым больш што самавольнае перамяшчэнне жывёлы з яе звычайнага асяроддзя цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць.
— А ў цэлым, ці варта аднаўляць патэнцыяльна небяспечныя для чалавека віды жывёл?
— Гэта сусветная практыка. Кожная жывёла мае права на існаванне, і мы не можам вырашаць: «добры» від павінен жыць, а «дрэнныя» нам не патрэбныя. Усе без выключэння віды маюць сваё месца ў экасістэме. І мы ахоўваем іх, каб перадаць дзецям і ўнукам. Інакш што мы перададзім будучым пакаленням? Галубоў і крумкачоў, сабак і катоў? Гэтага, пагадзіцеся, недастаткова.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ