Top.Mail.Ru

Гарадскія клопаты ўчастковага інспектара

23.06.2025 | 16:45

У мітусні гарадскога жыцця жыхары часта звяртаюцца да ўчастковага інспектара міліцыі з самымі рознымі праблемамі: ад скарг на шумных суседзяў да сямейных спрэчак і пытанняў карыстання маёмасцю. 


Супрацоўнік органаў унутраных спраў імкнецца ўглыбіцца ў кожную сітуацыю, каб знайсці справядлівае і законнае рашэнне.

Рэжым цішыні

Старшы ўчастковы інспектар міліцыі аддзела аховы правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі Заводскага РУУС сталіцы Канстанцін Савеня спрабуе разабрацца ў любой праблеме, улічваючы правы і інтарэсы ўсіх бакоў, даць кампетэнтны адказ і дапамагчы вырашыць канфлікт у рамках закона. Для гэтага даводзіцца наладжваць адносіны паміж сваякамі ці суседзямі, дапамагаць ім пачуць адзін аднаго з мэтай знаходжання мірнага выйсця. 

Адна з самых частых скарг, з якімі звяртаюцца да ўчастковага, — шум ад суседзяў. У прыватнасці, Міхаіл прыйшоў на прыём да Канстанціна Савені з просьбай уціхамірыць суседзяў, якія рэгулярна парушаюць цішыню.

«Я не раз прасіў іх паводзіць сябе цішэй, але без толку, — падзяліўся грамадзянін. — Яны лічаць, што калі ў іх свята, то ўсе вакол павінны цярпець іх весялосць. А мне рана ўставаць на працу, ды і пажылому бацьку патрэбен адпачынак»

Па словах участковага інспектара, гараджане абураюцца з-за рамонтных прац у неналежны час, курэння ці распівання спіртнога ў пад’ездах.


«Жыхары не павінны ствараць умовы, якія перашкаджаюць нармальнаму жыццю іншых, — звяртае ўвагу супрацоўнік органаў унутраных спраў. — Тэлевізар, радыё або магнітафон не павінны турбаваць суседзяў, а з 23:00 да 7:00 павінна выконвацца цішыня. За парушэнне цішыні можа быць складзены адміністрацыйны пратакол па артыкуле 22.12 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях («Парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі»).

Сямейныя рознагалоссі і агульнае жыллё

Наступнай на прыём да ўчастковага прыйшла эмацыйная жанчына, якая з парога запатрабавала разабрацца з былым мужам.

«Лепш пасадзіце яго за што-небудзь, каб ён мне і дзецям жыццё не псаваў!» — заявіла яна.

Высветлілася, што пасля разводу сужэнцы працягваюць жыць у адной кватэры: жанчына з двума дзецьмі займае гасціную, а мужчына — невялікую спальню. Па рашэнні суда яны падзялілі нерухомасць, і некалькі гадоў мірна ўжываліся, пакуль мужчына не прывёў у дом новую каханую.

«Гэта стрэс для дзяцей! Яны нават не ведалі, што мы ў разводзе, — абуралася гараджанка. — А зараз яго сяброўка разгульвае па кватэры ці ледзь не ў ніжняй бялізне, без дазволу бярэ мой посуд і спрабуе пасябраваць з дзецьмі».

Жанчына прасіла былога мужа з’ехаць на здымную кватэру, але ён адмаўляецца.

Участковы растлумачыў: паколькі мужчына — -уласнік часткі кватэры, ён мае права прыводзіць гасцей. Рашэнне — альбо шукаць кампраміс, або раз’язджацца.

Начны шум: цярпенне на мяжы

Яшчэ адзін гараджанін, 28-гадовы малады чалавек, паскардзіўся на суседа, які любіць выпіць і ўключаць гучную музыку па начах.

«Мы змагаліся з ім усімі спосабамі, — распавёў ён. — Усе ў доме ведаюць, што з 23:00 да 7:00 шумець нельга, але яму, напэўна, гэта незразумела. Раней мы цярпелі, не звярталіся ў міліцыю — усё ж сусед».

Выслухаўшы заяўніка, участковы ўдакладніў даныя для прафілактычнай гутаркі, паабяцаўшы, што абавязкова разбярэцца з гэтай сітуацыяй. «Калі ж высветліцца, што асноўная праблема крыецца толькі ў злоўжыванні алкаголем, то я пасадзейнічаю ў пастаноўцы мужчыны на ўлік да ўрача-нарколага, — адзначыў Канстанцін Савеня. — Нярэдка менавіта дадатковай увагі патрабуюць людзі, якія знаходзяцца на першых этапах залежнасці. Ім трэба дапамагчы вярнуцца да нармальнага жыцця».

Калі меры не спрацуюць і гісторыя паўтарыцца (або мужчына здзейсніць іншае правапарушэнне ў п’яным выглядзе), то пачнецца яго падрыхтоўка да накіравання на рэабілітацыю ў лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП). 

Пасля двух правапарушэнняў яму будзе вынесена афіцыйнае папярэджанне, а трэцяе на працягу года стане кантрольным, за якім рушаць услед медыцынская камісія і разгляд у судзе пытання аб накіраванні ў ЛПП.

З цярпеннем і апорай на закон участковы працягвае вырашаць канфлікты, дапамагаючы захоўваць мір і парадак у Заводскім раёне сталіцы. 

Нагадваем: участковыя інспектары міліцыі кожную сераду вядуць прыём грамадзян ва ўсіх грамадскіх пунктах аховы правапарадку з 17:00 да 20:00 (у горадзе) і з 10.00 да 13.00 (у сельскай мясцовасці). 

Ахвотныя могуць звяртацца да іх па пытаннях, якія адносяцца да кампетэнцыі органаў унутраных спраў.

Вераніка КАНЮТА.

Фота прэс-службы Заводскага РУУС г. Мінска.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю