Top.Mail.Ru

Гарнасько аб праграме ў шоу «Грані немагчымага»: Будуць экстрэмальныя элементы

Беларуская гімнастка Аліна Гарнасько расказала аб падрыхтоўцы да спартыўнага шоу «Грані немагчымага», якое пройдзе ў сталіцы 27 і 28 лістапада.

Шоу «Грані немагчымага» ў «Мінск-Арэне» аб’яднае розныя віды спорту і жанры мастацтва, а таксама нацыянальны каларыт розных краін. Першае мерапрыемства ў такім фармаце — «Час нашых перамог» — праходзіла ў сталіцы два гады таму. Там Аліна прэзентавала адразу тры праграмы.

«Мінулым разам было прадэманстравана шмат розных відаў спорту, сёлета ўпор зроблены на мастацкую гімнастыку, фігурнае катанне і акрабатыку. Тады мы рабілі такое буйное шоу ўпершыню, і мае праграмы былі цалкам гімнастычныя. Цяпер канцэпцыя іншая, што адлюстравана ў назве „Грані немагчымага“. У маім выкананні гледачы ўбачаць элементы, якія для мяне не прывычныя і нават экстрэмальныя», — адзначыла Гарнасько.

На будучым шоу лідару нацыянальнай каманды па мастацкай гімнастыцы зноў адведзена адна з галоўных роляў — прызёр Алімпійскіх гульняў і чэмпіёнка свету будзе і адкрываць, і завяршаць спартыўную частку мерапрыемства. 

«Мы рыхтуемся на арэне з раніцы да вечара ўжо некалькі дзён, але яно таго варта. Я буду выступаць у першым раздзеле з цікавым і складаным нумарам, а другі раз выйду на сцэну для нечаканага фіналу, — сказала Аліна. — У мяне была магчымасць пазнаёміцца з праграмамі іншых удзельнікаў, і калектывы выконваюць нешта неверагоднае, я такога раней не бачыла. Упэўнена, што гледачам таксама спадабаецца».

Нагадаем, сваё майстэрства ў Мінску 27 і 28 лістапада разам з беларускімі спартсменамі і артыстамі пакажуць прадстаўнікі Расіі, Грузіі, Кітая і Францыі. Сярод удзельнікаў — тытулаваныя фігурысты Раман Кастамараў, Аксана Дамніна і Яўгенія Мядзведзева.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю