Удзел у кваліфікацыі мнагабор’я прынялі 94 дзяўчыны, у фінал адабраліся 18 мацнейшых. Аліна Гарнасько паказала праграмы з усімі чатырма прадметамі, у залік пайшлі тры лепшыя выступленні. Наша гімнастка набрала 84,400 бала і заняла сёмую пазіцыю. Яшчэ адна беларуска Дар’я Вярэніч выступіла ў трох практыкаваннях і з сумай 78,550 ачка стала 31-й.
Таксама грацыі вызначылі фіналістак у асобных відах. Гарнасько прайшла кваліфікацыю ў практыкаваннях са стужкай (3-е месца) і мячом (5-е), у кампазіцыях з абручом і булавамі Аліна засталася па-за топ-8. Вярэніч паказала 11-ы рэзультат з абручом і 20-ы — з булавамі. У праграме са стужкай нашу краіну прадстаўляла Ніколь Лявута, якая стала 13-й.
Прызёры ў мнагабор’і вызначацца 14 жніўня, асобныя фіналы пройдуць у нядзелю. 15 жніўня на планетарным форуме пачнуцца спаборніцтвы ў групавых практыкаваннях, дзе заяўлена і каманда Беларусі. Папярэдні чэмпіянат свету па мастацкай гімнастыцы з беларускім удзелам праходзіў пяць гадоў таму ў Японіі, тады нашы дзяўчаты заваявалі сем узнагарод (1-2-4).